Выбрать главу

A ў той вечар, не паспела Галіна выйсці за дзверы майстэрні, як Дзіму нібыта ветрам вынесла за ёю. I — кумільгом — выляцеў ён, Станіслаў. Чаму? Ён не мог бы растлумачыць. Ён не сачыў за імі. Проста ішоў, як самнамбула. Нібыта нейкая падсвядомая сіла вяла яго за гэтымі двума. Менавіта так: Станіслаў не прамовіў бы пра ix — пара. Кожны сам па сабе. Ён i яна.

Станіслаў не раўнаваў. Не быў закаханы ў Галіну. Яе чар быў часткай агульнага чараўнічага кола, атачэння, асяроддзя. Можа, квінтэзіраваны час? Не ад пабочных з’яў — ад самой субстанцыі: хараства, жаноцкасці, Боскай прадвызначанасці.

Што прымусіла яго пакіравацца за гэтымі двума з майстэрні? Падсвядома, можа, i такое — якая таямніца ў гэтай асобы, калі Дзіму Дораша, як магнітам, пацягнула? Ды яшчэ i досыць бесцырымонна кінуўшы даму, з якой ён прыйшоў да Вітольда. A безумоўна — магчыма, галоўнае, нават: усё, што адбывалася ў майстэрні Вітольда, пачало раптам выходзіць за межы азначанага свядомасцю Станіслава. Месца, дзе галоўнае не змянялася ад з’яўлення новых візітантаў, умоўнасць таго, што адбывалася, акрэсленасць i нібыта зададзенасць падзей, так бы мовіць, ледзь не застыгла-статуарнага кшталту, вызначанасць ілюзій — усё разбуралася на вачах Станіслава. Ці, хутчэй, набывала нейкі іншы сэнс. Насуперак таму, які змест i сэнс надаваў гэтым выпадковасцям i выпадкам Станіслаў. У кожнага ж былі свае лабірынты душы i адстароненыя глыбіні... Магчыма, i жывая ісціна ў кожнага была свая? Свае міражы i падманы? Свая гульня люстэркаў розуму?

Але ж яны недзе перасякаюцца, ствараюць нейкую сістэму... Адлюстроўваюць - тое, што ёсць... I тое, што здаецца... І тое, што беларускі паэт называў «адвечнай тугой ідэалу...”

I сённяшні вечар — не капрыз выпадку, a дзіўнае, прадвызначанае, захапляючае? I нейкая жывая повязь паміж імі, трыма?

Нешта падобнае круцілася тады ў галаве Станіслава, а Галіна i Дзмітрый гаварылі, нягучна, смяяліся, прайшлі па мосце i рушылі на стромую вуліцу, што вяла паўз парк каля Опернага тэатра. Ішлі — кожны сам па сабе, высокія, прыгожыя. Станіслаў падумаў: для балерыны яна трошкі высакаватая. Хаця — Плісецкая... Таксама не крохатка...

...Тымчасам Галіна i Дзмітрый дайшлі да брамы аднаго з дамоў, зніклі за ёю, a праз некалькі хвілін Дораш выйшаў і, пабачыўшы легкавічок, махнуў рукой. Аўто панесла героя-аманта...

A Станіслаў стаў спускацца паўз парк да моста праз раку. I раптам пачуў гукі. Яны несліся з парка — i ў ix чулася вясна, надыходзячая раніца. Яны, гэтыя гукі, нібыта расчынялі заслону — i за ёю знікалі таямніцы сэнсаў i адкрывалася нешта пазавоблачнае, патаемнае, з водарам бэзу i відавочнай адсутнасцю дыоптрый квазірозуму. Птушка падавала яму, Станіславу, Знак...

Такі Знак магла падаць толькі адна птушка — на мяжы ночы i дня. Салавей.

... А праз некалькі дзён, мо, праз тыдзень, Станіслаў праходзіў праз сквер каля тэатра, дзе відачынстваваў Дораш, i заўважыў здалёк Дзіму — той бег да тэлефона-аўтамата. I пачуў яго добра пастаўлены голас:

— Перадайце Галіне, што званіў яе паклоннік.

Дзіма зрабіў паўзу i дадаў:

— Няшчасны паклоннік.

Тон, якім былі прамоўленыя апошнія словы, не даваў ніякіх падстаў лічыць Дзіму няшчасным, няшчасным паклоннікам — тым больш. Аднак на некага гэта павінна было зрабіць уражанне. Мяркуючы па часе, Дзіма тэлефанаваў у акадэмічны інстытут, дзе цяпер рабіла Галіна.

Станіславу стала няёмка — нібыта падслухоўваў. Няёмка — ад гэтага вясёла-пераможнага голасу. Няёмка — падыходзіць ці не — да Дзімы? Але Дзіма, падобна, быў заняты сабой i Станіслава не бачыў.

Як ставіўся Дзіма да Галіны? Быў зацікаўлены? Пэўна. Закаханы? Хто яго ведае. Ці ведаў гэта сам Дзіма Дораш? Якая мелодыя гучала ў яго душы? I хто можа пазначыць-формулай? нотнымі знакамі? — тую зямную ці незямную мелодыю?

... A ў той год i ў тую вясну ў Станіслава пачалася сесія, потым былі вакацыі. I ўжо восеньскай парою, ідучы неяк ад Вітольда, паркамі, ён убачыў Галіну i Дзіму. Ляцела жоўтае празрыстае лісце, неба было колеру гжэльскай парцэляны — Галіна была ў нечым сіне-светла-жоўтым, у фарбах гэтага дня, а Дзіма ў шыкоўным уборы з моднай на тую пару замшы. I Станіслаў здалёк залюбаваўся імі — ўсё ж нешта ад мастака ў ім было! — i зноў падумаў: прыгожыя яна i ён. Але — не пара. Растлумачыць — чаму — ён не змог бы. Кожны неяк сам па сабе. Аднак не толькі гэта. Нешта мройнае, блытанае, замглёнае, нейкі неспалучальны кангламерат пачуццяў, адчуванняў, згод i нязгод, нейкія містычныя камбінацыі безданяў i вышыняў, варыяцыі ўчынкаў, прадыктаваных характарам i інтэлектам — усё гэта сыходзіла ад ix, i падобна, не магло ператварыцца ў тую гарманічную сітуацыю, якая заканчваецца знакамітым маршам у пэўнай урачыстай установе, або сакральнымі пытаннямі ў святыні, абменам пярсцёнкамі, i сентыментальна-вясёлай мелодыяй званоў i крышталёвым звонам келіхаў.