Выбрать главу

Так здавалася Станіславу. Можа, так хацелася Станіславу? Ён не ведаў.

... Аднак сапраўды — парай Галіна i Дзмітрый так i не сталі.

... Станіслаў хутка перайшоў праз шумную віа дэль Kopca i нейкімі вулачкамі i вулкамі трапіў да фантана Трэві.

Прымасціўшыся на ўскрайку, ён слухаў перагукі званоў да вечаровай Імшы ў суседняй святыні i глядзеў на блакіт, адзурра, аквамарын водаў фантана. Ад віядука Аква Вірга... Так, здаецца.

Станіслаў выняў з сумкі партрэт. Сінія, пералівістыя, з іскрынкай вочы. Вітольду ўдалося перадаць ix прыцягальны чар. Менавіта — чар, палон... Мройны, няўстойлівы, хісткі... Нібыта пэўніць — a зманіць. Не як заваёўніца Кармэн... Як прынцэса Мроя — зробіць нейкі pyx, i пераўвасобіцца: у воблака, ідэю, міф... Вось - што вабіла i адштурхоўвала ад яе: яна нібыта ўзнікала i прыходзіла з казкі сноў i явы, каб, застаючыся сабою i толькі сабою, не дастачыцца да будзённага вопыту рэчаіснасці. Шкада, што яна не пражыла ўсё сваё жыццё — колькі там век у балеце? Танцоркай. Актрысай. Можа, кінаактрысай. Такія вочы — ды буйным планам. Не вочы — кінанавела.

Тады, як яны сустрэліся адноечы зноў, ён заўважыў — найперш — вочы.

... Быў нейкі юбілей. I калі зайграла музыка, ён убачыў Галіну. Яна была прыгожая. Як некалі...

— Вы мяне памятаеце? - запытаў Станіслаў.

— Вундэркінд i анфантэрыбль, — усміхнулася яна. А яшчэ — ці не будучы Сальвадор Далі.

— Вар’яцкі імідж, — засмяяўся Станіслаў. — Сальвадор Далі застаўся пры сваёй славе i хвале. А я скончыў медінстытут...

— I цяпер практыкую...- Станіслаў хацеў пра нешта спытаць яе, але замест гэтага прапанаваў, нечакана для сябе:

— Танцуем?

— Танцуем.

I яны танчылі ўвесь вечар. I стары добры рок. I яшчэ больш старыя добрыя танга, i нешта паміж факстротам i вальсам. I найноўшае...

Танчылі на даху ведамаснага дома ў цэнтры горада — там было нешта накшталт тэрасы. Так бы мовіць, танец на даху напрыканцы стагоддзя. Потым Станіслаў ухапіў яе здымак, які выскачыў з „паляроіда” юбіляра. I даў ёй ручку.

„A ў мяне вочы сінія”. — прачытаў Станіслаў.

Апоўначы Галіна знікла. Як у казцы. Аднак не пакінула чаравіка. Не кажучы пра адрас ці хаця б тэлефон.

I адрас, i тэлефон ён знайшоў. А яе — не. Можа, той самы Провід вырашыў уратаваць яго ад яшчэ аднаго расчаравання?..

Цяпер ён не хацеў бы яе сустрэць. Не.

Увогуле — ці хацеў бы ён пабачыць каго з тых часоў? З Вітольдавай майстэрні? Людзей з успамінаў?

...Меркаваць пра ix паводле звычайных — звычаёвых — вымярэнняў Станіслаў не мог... Хаця нехта паводле прынцыпу гетэрахроннасці дасягнуў знешняга поспеху ў пэўным узросце. Нехта аддаў перавагу тым самым інтравертным магчымасцям, урэшце — сусветная культура даўно ведае так званую нарматыўную рэакцыю адыходу...

Дзіма ў самых неверагодных варыяцыях выпрабоўваў трываласць грунту мастацтва, аддаваў перавагу пазнанню эмпірычнаму перад дыскурсіўным, часам з’яўляўся ў ix горадзе: некаму тэлефанаваў, з некім сустракаўся...

Вітольд атрымаў новую майстэрню, пабраў шлюб — ці то з нейкай высокай уладнай персонай, ці то з успешлівай жанчынай творчага кірунку, ці то — ўсё ў адной асобе. Ён рабіў выставы, меў поспех, даваў інтэрв’ю...

Мройлівыя паэтэсы... Выдавалі кнігі... Удзельнічалі ў розных саюзах, фондах, асацыяцыях... Набывалі вядомасць. Займалі пасады. Хто — губляючы паэтычную энергію, хто — не... Асобныя — аддавалі ўсё ж перавагу вольнаму лёту вольнай думкі...

Актрысы...

Кожны мадэліраваў сваё існаванне ўнутраным дзеяннем той матэрыі, у якой кандэнсаваліся ўласцівасці натуры i дзіўная радасць выпадковасцяў, абставін, горычы, сумніву, магчымага i немагчымага...

Усе яны былі тымі, каго ён ведаў на пачатку свайго свядомаснага шляху, з кім у яго на той момант было блізкае светаадчуванне, блізкі свядомасны статус...

... Hiшто не вяртаецца... Аднак той аазіс памяці, мройны аскепак нябёс, з якіх праглядвала няўлоўная ісціна, ён застаўся i будзе з ім... Далёка ў скарбнічках памяці...