Выбрать главу

Станіслаў глядзеў на стругі фантана... Хараство, безумоўна, не выратуе свет, i нават аднаго яго, Станіслава Строцкага, не ўлашчыць ратункам... Аднак у вырашэнні „рэбуса Быцця” поўным банкрутам быць не дазволіць. Нават калі ўсё канцэнтруецца ў нейкай фізічнай кропцы, перакрэсліўшы ўсе сутнасныя аналогіі.

Пью горечь тубероз, небес осенних горечь...

Не, цяпер вясна. Тут, у Рыме. На яго радзіму яна прыйдзе месяцы праз два. Тады таксама была вясна... Калі ён ішоў за Галінай i Дзімам... I калі сустрэў яе ў фіёлевы вечар, калі сама ісціна набывала выгляд гульні, а яны, на тым даху напрыканцы тысячагоддзя былі па-за межамі ўсяго, што ёсць, у нейкіх імгненняха-блоках, у свяце рухаў, у царстве немагчымага...

Падчас сустрэчы з Галінай ён ужо добра зведаў горыч страт i зазнаў расстасаванасць сваіх уласных пачуццяў, думак, паводзін... Ён зведаў ужо, так бы мовіць, некананічныя рысы тых, каго лічыў сябрамі. I досыць нагледзеўся i паспытаў таго, што псіхолагі называюць этыкетнымі паводзінамі i паводзінамі ролевымі, ролямі i антыролямі... Палітычныя гарцовішчы былі яму заўсёды чужыя, але ж каралі ў гарнітуры Адама i нават каралевы ў нішчымных прывідах — трапляліся на розных арэнах-пляцах...

I ўсё ж — тады ён яшчэ меў надзею. I спадзяванне. Цяпер — ён не хацеў не толькі новых расчараванняў, але i новых надзей.

Станіслаў не спяшаючыся прайшоў каля палаца Квірынале, па віа Кватра выйшаў да прыпынку метро „Барберыні”.

„Рэпубліка”, „Тэрміні”, „Вітторыё Эмануэле”...

Станіслаў глядзеў на абшарпаныя сцены прыпынкаў метро, на шэрыя твары пасажыраў i пашкадаваў, што паленаваўся знайсці нумар у якім трохзоркавым гатэлі ў цэнтры...

... Аднак вось i яго віа Тыбуртыно.

...Апошняя ноч у Рыме. Заўтра яны з сіньёрам Лантуччы выправяцца ў Фларэнцыю. На золку. Па арэа дэль Соль. Дарозе Сонца.

...Было яшчэ цёмна, калі Станіслаў Строцкі выйшаў з прытулку айцоў-салезіянаў, куды яго ўладкаваў сіньёр Лантуччы. Невялікі садок-патыё дыхаў вільгаццю i свежасцю. Водар — знаёмы i незнаёмы. Разгледзець было немагчыма — цёмна. Станіслаў адарваў лісток, памяў яго пальцамі...

I раптам пачуў спеў птушкі... Голас-Знак...

... У Рыме спявалі салаўі...

“ЛіМ”, 2002, 5 красавіка.

„Я КВАРТУ BOCEHI ВЫП'Ю”

Памяці Эмы

Калі мог быць філіял рая на зямлі, ён месціўся тут.

Да здзіўлення ўдалая задума натуры, надзіва таленавітае жытло чалавека. Дзевяціпавярховы будынак на вузкай мяжы паміж морам i ракой. I некалькі ўтульных катэджаў.

Калі падняцца ў свой нумар на дзевяты наверх i зірнуць наўкол, уяўлялася ўрачыстасць жыцця — у неабсяжным восеньскім небе ў залеве лістоты, зялёнай з золатам, у шэраватым блакіце мора злева i ледзь бачнай стужкі ракі - з правага боку. Адчувалася нешта ад духоўнага ладу Сусвету — не проста фізічная цішыня, a празрыстазвонны спакой мудрай прыроды. Гармонія фарбаў была такой неаспрэчнай, што здавалася — сама рука Першатворцы мела тут дачыненне асобае, любасць яго да гэтага ўскрайку лонду выяўлялася відавочна, зрокава.

Яна зведала менавіта тут нешта большае нават за шчасце: надзейнае суладдзе з прыродай, людскім атачэннем, з самой сабой.

Яна прыязджала сюды кожную восень.

Удзень тут лісце, здавалася, падала на зямлю проста з высокага, яркага неба. Надвячоркам сонца аплывала ледзь не ліпеньскай чырванню, далягляд мройна супадаў з вадой марской затокі. А пазней, як запальваліся ліхтары, усё выдавала іррэальным, прывідным. Лісце на дрэвах ціха шапацела, здавалася, гэта не дрэвы нават, толькі згадка пра дрэвы, нешта трапяткое, няўлоўнае.

Удзень было цёпла, не было яшчэ прымаразкаў i ўначы. Туманы, слота не спяшаліся сюды. I яна не мысліла пра дажджы i мокры снег. Ей было легка i злагадна ў гэтай восені.

Паўз мора па ўзбярэжжы можна было ісці доўга-доўга. Не стамляючыся i ні пра што не думаючы. Толькі адчуваючы, як вецер свежыць твар, як легка ісці па вільготным, шчытным, зворным пяску, каля самай хвалі прыбою.

Яна нібыта станавілася часткай гэтай восені, жыла, адчуваючы кожны дзень, кожную хвіліну, кожнае імгненне. Асалодна ведаючы цану самых звычайных, будзённых праяў: прачынацца, прымаць душ, выходзіць ранкам у лоджыю. Урэшце — глядзець на сябе ў люстра, не засяроджваючыся, проста зірнула — i адышла.

Ёй падабалася ўваходзіць у вялізную, светлую залу, дзе дзве сцяны былі з суцэльнага шкла. Тут адначасова спалучаліся ўтульнасць жытла i адкрытасць няхатняй прасторы. Памяшканне гэтае, па звычаі празаічна-ўтылітарнага дваццатага стагоддзя i падкрэсленай спрошчанасці соцыўмаў, у якіх даводзілася існаваць жанчыне, звалася сталоўкай, але найбольш да яго падышла б назва „трапезніца”, як да ix сняданкаў, полудняў, вячэраў падышло б слова „трапеза”. Не па тым, што i як яны ўжывалі, а па той атмасферы, што існавала тут. Асабліва для яе.