Увогуле паэты любілі гэты куток. Прыязджалі з таго горада, для якога ніколі i ніхто не шкадаваў высокіх назоваў: паўночная Пальміра, паўночная Венецыя, град Пятра... З’яўляўся тут i паэт-масквіч, які тымчасам жыў у горадзе Пярну. I знакамітыя i невядомыя барды. Журналісты. Рэжысёры. Акторы. Празаікі i перакладчыкі. Гэтай парой, у міжсезонне, прыязджалі i проста людзі, якім імпанавала аўра гэтага дома.
Аўра гэтага дома таксама была неад’емнай часткай яе восені. Яна віталася са сталымі гасцямі гэтага дома, абменьвалася нейкімі словамі з суседзямі за сталом, віталася кіўком галавы з тымі, хто месціўся паблізу. Аднак — яны былі неаддзельныя i неабходныя для яе восені, сам-насам са сваімі высокімі турботамі. I былі нібыта пейзаж на якой выяве: неабходныя для кампазіцыі, сюжэту, каларыту, можа, i для „галоўнай задумы”, але недзе на другім плане, у залаціста-зялёнай восені i цішыні.
Неяк з агульнай кампазіцыі, звычайнай i звыклай, вылучылася адна постаць. Неўпрыкмет з’явіўся чалавек з тварам, на які ёй хацелася глядзець. Нават не ўсведамляючы гэтага, яна заўважала яго каля мора, на вуліцах, у бары, у сталоўцы. Высветлілася — яны жывуць на адным паверсе. Ён пачаў вітацца з ёю — лёгкі паклон моўчкі.
Ёй падабаўся яго твар — нешта ад старажытнага ваяра, нешта — ад асветнікаў пачатку дваццатага стагодцзя. Падабалася, што ён вітаецца з ёю без слоў, у лепшых традыцыях гэтага Дома. Хаця тут былі гаваркія хаўрусы, якія шумліва, тлумна ўладкоўваліся за доўгімі сталамі пасярод залы. Тыя людзі таксама падабаліся ёй, здалёк. Яны не перашкаджалі існаваць яе зацішы.
Здавалася, час спыніўся. Так i будуць ісці дзень пры дні празрыста-сонечныя будзённыя святы. I заўсёды яна будзе бачыць халаднавата-строгі твар мужчыны.
Я на не чакала ды i наўрад ці хацела, каб ён падышоў да яе, распачаў гаворку. З усімі насельнікамі Дома, у тым ліку з прадстаўнікамі моцнай палавіны роду чалавечага, у яе быў наладжаны статус адносін, прыязны i адстаронены.
Першым разам, калі яна толькі з’явілася тут, адчувала пошум цікаўнасці тутэйшых бывальцаў. Пазней дамавікэст у гаворцы за кубкам кавы ў бары хітравата згадаў: спрачаліся, ці маладая паэтэса, ці чыя дачка. Жанкі назіралі — завядзе раман ці не? Яна не здаволіла ix цікаўнасці: дваццаць шэсць дзён i начэй на самоце. Тады яна ўпершыню адчула выратавальную, гаючую абранасць гэтай мясціны. Восеньскай асалоднай адзіноты.
Пазней, калі ўзнікалі, так бы мовіць, “прапазыцыі”, яна ператварала захады патэнцыяльных кавалераў у жарт, а тыя, у асноўным занятыя працай за пісьмовым сталом, былі не супраць інтрыжкі, аднак губляць час на доўгія заляцанні не збіраліся, усё вярталася „на кругі свае”. Яна заставалася ў сваёй непарушнай кастэлі раўнавагі.
Ёй падабалася, што яна загадзя ўсё ведала пра сваё жыхарства ў восені. Як яна сядзе ў вагон з блакітнымі канапкамі, возьме ў горадзе таксоўку, прыедзе ў свой Дом...
Яна загадзя ведала, што, акрамя тых шумлівых гуртоў i заўсёднікаў-бывальцаў, абавязкова будуць прысутнічаць вальяжныя літаратурныя дамы i якая-небудзь з ix, дэманструючы сваю дасведчанасць i добрае стаўленне да „гэтых беларусаў”, прыліпне з пытаннем: „Скажыце, калі ласка, Уладзімір Караткевіч – геній ці не?”
Яна загадзя ведала, як сімпатычная доктарка, паслухаўшы i агледзеўшы яе, пагодзіцца з яе раскладам дня i не стане прапісваць працэдуры: „Гуляйце i ў слоту таксама. Няма кепскага надвор’я. Ёсць кепскае адзенне”.
Яна была загадзя пэўная, што афіцыянткі — Хельгі або Надзя — знойдуць ёй месца за адным з улюбёных сталоў: тварам у восень i з людзьмі занятымі. Барані Божа трапіць у ласкавыя цянёты жонкі занятага мужа!
Увогуле тут можна было пазбегнуць непажаданых асабістых кантактаў. Аднак існавала адно месца, дзе размінуцца было немагчыма: ліфт. Яе выспартаванасці хапала на тое, каб ім амаль што не карыстацца. Аднак дзевяты паверх часам уводзіў у спакусу: адно імгненне — i ты на сваім гарышчы.
Адноечы ў шчыльна замкнёнай прасторы ліфта апынуліся яна i адна з мясцовых дам біблейскага ўзросту — i ў апошні момант у ліфт заскочыў ён: мужчына з тварам вікінга. Дама была з тых, што прыязджалі сюды на некалькі тэрмінаў, прыхапіўшы ўвесь гардэроб, дэманстравалі шыкоўныя штучныя зубы, натуральныя кляйноты i — мелі схільнасць да французский парфумы, паэтаў срэбранага веку, а таксама кавалераў, што не мінулі яшчэ рамантычнай пары жыцця.