Нечакана дама капрызліва-млявым голасам шэмізеткі прадэкламавала, свідруючы позіркам мужчыну:
Королева играла
В башне замка Шопена...
Дама відавочна замысліла будоўлю паветрана-мройнага палаца, з радкоў Севяраніна, іскрыстага бляску камянёў на пярсцёнках i замглёных поглядаў. Падобна, аматарка „повсесердно утвержденного” не адчувала, што пыл часу — не самы лепшы падмурак для збудавання, нават калі гэта паветраны замак.
Пакуль мужчына з тварам вікінга раздумваў, як яму, не пакрыўдзіўшы, вызначыць, што ён не падтрымлівае высілкаў дамы, яна, падпарадкоўваючыся выключна нечаму падсвядомаму, рашуча разбурыла першыя зладаванні замка:
И внимая Шопену,
Полюбил её паж...—
i выслізнула з ліфта...
„Вельмі вам удзячны”, — пачула за спіной голас мужчыны з тварам вікінга.
... Назаўтра пасля выпадку ў ліфце яна вырашыла выправіцца ў горад: пахадзіць пa старых вулках, завітаць у крамы, можа, набыць білет на канцэрт у знакамітай бажніцы.
Упершыню за ўвесь час, што яна бавіла тут, апранула не світэр i штроксы, а сукенку, плашч, боты на высокім абцасе. Яна зрабіла гэта інстынктыўна. Але ж інстынкт, падсвядомасць падказалі ёй i гэта: трэба пазбегнуць сустрэчы з ім — яе раўнавага была відавочна пад пагрозай. Першае, пра што яна падумала, прачнуўшыся: дзе цяпер ён.
... Цэнтр горада яна ведала няблага, але звычайна прыпынялася ў скверы непадалёк вакзала, каб удакладніць маршрут па схеме горада.
— Збіраецеся заваёўваць горад? Але я ўжо прынёс ключы ад брамы, — пачула яна за сваёй спіной.
Гаварылі па-руску, з ледзь чутным акцэнтам.
Ён!
Яшчэ не азірнулася, не паглядзела, не ўбачыла — аднак ведала пэўна — ён!
— Бяру даніну хараством, — усё яшчэ не гледзячы на яго, расцягваючы словы, адказала яна. — А за вялікадушнасць — Вам частка даніны, — ён працягнуў ружу — колеру золаку.
— „Я кварту восені вып'ю...”— распеўна згадала яна, узяўшы ружу.
I яны найшлі скверам, не зважаючы на позіркі здзіўленых гараджан, якія спяшаліся па сваіх справах — будзённы дзень, раніца, восень: пара размеркаванага парадку дня, дзелавых сустрэч, цвярозых рашэнняў.
Гэтыя двое відавочна парушалі спланаваны пейзаж працоўнага дня — darba, diene. Што за выявы ў духу Ватто? Ружа! Кавалер! Рамантычна-легкадумная дама!
Неўзабаве яны сышлі з поля зроку занятых людзей. Выправіліся на спатканне з забудаванай прасторай — як на спатканне з жывой істотай. Хадзілі па вузенькіх вулках старога горада, i яна распавядала пра таго самага беларускага рыцара літаратуры, пра якога пыталася маскоўская літаратарка, пра рамантыка i рэаліста, пра, тое, як ён любіў гэты горад, хадзіў па бясконцых Пілс-йела i збіраўся пажартаваць тут з самой пані смерцю: хіба можна каго знайсці ў лабірынце шматлікіх Замкавых вулак? Іранічны рамантык.
Новы знаёмы вёў размову пра „Сагу аб Фрыцьёфе” i пра яе аўтара, Эсайяса Тэгнера, пра тое, што збіраецца рабіць фільм. Праўда, яшчэ не вырашыў: толькі пра вікінга Фрыцьёфа ці, паралельна, пра аўтара сагі: паэта, вучонага, святара. Яе спадарожнік распавядаў пра яго, Тэгнеравы, i свой край — Швецыю, расказваў аб радзіме сваёй маці — Лапландыі.
Потым яны яшчэ вялі гаворку. Пра што — не мела значэння. Чыталі вершы: ён — па-шведску, яна — па-беларуску, i разумелі адно аднаго. Заходзілі ў нейкія кавярні, трапілі на выставу мастакоў...
Наступным днём выправіліся ў Тукумс, які нагадваў ёй горад яе дзяцінства, а яму — яго. Потым — у Сігулду, i абодвум здавалася, што яны ў царстве сапраўднага, дзе кожны з ix чуў галоўную мелодыю свайго жыцця. Трапілі яшчэ ў Рунсдале, прыгожы палац, збудаваны Растрэлі — на пляскатым, што блін, зямельным масіве.
Шпацыравалі ў бок Асары па ўзбярэжжы. Часам яна брала алоўкі i блакнот, ён — кінакамеру або фотаапарат.
Яна затэлефанавала на працу i купіла пуцёўку яшчэ на цэлы тэрмін. А ён меўся тут быць ледзь не да самых Каляд.
Яны блукалі па ўзбярэжжы... І яна ведала, што ён таксама адчувае свята восені. Як i яна...
Пра спатканні не дамаўляліся, ён ведаў, што раніцай сустрэне яе, яна была ўпэўненая, што заўтра ўбачыць яго.
... Нейкім вечарам, толькі што развітаўшыся з ім, яна пачула стук у дзверы. Гэта быў ён. Яна не здзівілася. Так i павінна быць. I дарагое віно, i банбаньерка з цукеркамі — усё зразумела. Ну, не піва ж будуць ужываць абраннікі восені: толькі гэтае старажытнае вытворнае ад вінаграднай лазы лятарослі віннай. Ад віна патыхала сонцам, зямлёй, вясковай прасторай... Чуўся водар даўніны, чар мелодый патаемных сустрэч, угадваліся фарбы дыстынктоўных гасцяванняў.