Ён прынёс нават прыгожыя келіхі — гэта яна таксама ўспрыняла як належнае: ну, не з гранёных жа шклянак піць такое віно...
Яны вялі гаворку — i словы зноў не мелі значэння. Часам яна ўлоўлівала нейкую канкрэтнасць, рэальнасць фактаў у прамоўленым ім.
„Мая сястра доўга жыла ў Італіі. Там аддаюць перавагу чырвонаму віну”.
„У Эсайяса Тэгнера я знайшоў цікавы ліст...”
„Мне падабаецца тут сыр. З кменам”.
Ёй здавалася, што яна чуе не толькі ягоны голас, але i гукі мелодый (Моцарта? Глюка?), вызнае нейкія мройныя таямнічыя знакі — не інакш як з самых высокіх сфер.
І выразна-будзённы, настойлівы стук у дзверы падаўся ёй несправядлівым глупствам, нечым нелагічным, недарэчным, як дробат барабана падчас самага спеўнага арпеджыё арфы.
Гэта была аматарка паэзаў Севяраніна:
— У Вас няма кіпяцільніка?
— Не. У мяне тэрмас з кавай.
— Даруйце.
Дама імкнулася праслізнуць у пакой, але яна не запрашала суседку прайсці.
Праз некалькі хвілін аматарка паэзаў зноў пастукала ў дзверы: — Ці не разжывуся на дымедрол? — На бяссонніцу не пакутую. Наша доктарка раіць на такія выпадкі доўгія шпацыры.
Суседка знікла.
Ён засмяяўся: — Паліцыя маралі? — Мабыць. Мясцовыя дабрахоты. — Ну, сёння яна павінна ўжо супакоіцца. — Наўрад. Вы кепска ведаеце жанчын... — Трапная заўвага, — ён уважліва паглядзеў на гаспадыню пакоя i пачаў развітвацца.
Яна ж, хаця i злавалася на суседку, не мела пэўнасці, што вечар сапсаваны. Хутчэй — адкладзены. I наперадзе — вечары, калі рэальнасць аказваецца большым цудам, як самы чароўны сон.
Спала яна моцна i прачнулася з адчуваннем радасці. Яна бачыла i хацела ведаць толькі колер світанку сустрэчы. Пра фарбы фіналу не хацела згадваць.
Пра гэтыя фарбы ёй нагадаў твар жанчыны ў ліфце. Вядомая журналістка, яна летась такою ж парой гасцявала тут. З маладым, прыгожым чалавекам. Была яна вытанчана-элегантная, шчаслівая. Гэтым годам шчаслівая каханка прыгажуна не страціла сваёй зграбнасці i пекнаты, але журналістку нібыта попелам пасыпалі. Шэраватая, як нежывая...
Адна...
A шведскі вікінг сёння з’ехаў у горад, папярэдзіў загадзя.
Яна прайшла звычна ўзбярэжжам у Дзінгары, выпіла кавы, доўга хадзіла паркам у Булдуры...
Да вячэры яна збіралася доўга, зрабіла некалькі выразных штрыхоў на твары: стрэлкі каля вачэй, ледзь заўважны тон на павекі. Паглядзела на сябе ўважліва ў люстэрка — здаецца, праходкі пайшлі ёй на карысць...
... Народу ў сталоўцы было мала — ці яшчэ збіраліся, ці вячэралі ў іншых месцах.
Яго не было...
Яна спакойна паднялася да сябе ў нумар. Села ў крэсла.
Вечар падлічваў хвіліны. Спакойна, мерна. Хвіліны нябачна пераўтвараліся ў гадзіны. Восем... Дзевяць... Дзесяць... Цішыня цяжка насоўвалася на яе. Адзінацаць гадзін, поўнач, гадзіна апоўначы...
Урэшце яна накіравалася ў ванную i ўстала пад душ. Вада супакойліва цурчэла, у мыла быў водар вясны, шампунь лёгка ператвараўся ў пену. А што, калі ўзяць ды падысці да яго дзвярэй, пастукаць... А другой гадзіне ночы? „Женщина, Ваше величество, как Вы явились сюда?” А хутчэй: „Учитесь властвовать собою!”
Не. Яна ціха i сціпла пойдзе спаць.
Яна старанна раскладвае канапу. Старанна адкусвае яблык. Чамусьці п'е каву. Кладзецца ў ложак — i бачыць, як халаднавата пабліскваюць шыбы вокнаў, стыне абыякавай канкрэтыкай стол.
Яна ведае гэтае катаванне чаканнем. Стрэлкі гадзінніка як замарожаныя. Усе рэчы зрабіліся варожымі: бясспрэчныя сведкі няславы расстання. Аграмадны пісьмовы стол, крэслы...
Яна ўстае i выходзіць у лоджыю... Застылыя дрэвы, цёмныя вокны: дамоў, пустыя сцежкі парка, пустыя тратуары — нібыта куток іншай планеты...
Рэальныя рэчы страчваюць сапраўдныя абрысы...
... Яна стаіць вельмі доўга, ні пра што не думаючы.
Потым рашуча зноў накіроўваецца ў душ, пускае халодную ваду, доўга стаіць пад ледзянымі стругамі.
Апранаецца, старанна зашпільваючы ўсе гузікі, акуратна завязвае вузел хустачкі на шыі. І таксама акуратна, педантычна пачынае збіраць рэчы.
Урэшце прыходзіць раніца. Ясная, чыстая, дабрамысная.
Яна спускаецца да мора, кідае рытуальную манетку i выпраўляецца ў Маёры, па таксоўку. Не, яна не аддасць свой зямны рай. Каб потым вяртацца сюды з шэрым, пашэрхлым тварам, маркоціцца ўспамінамі. Яна вернецца да цвярозай яснасці адзіноты i незалежнасці. Да высакароднага холаду адстароненаспі.
Яна аддае ключы адміністратарцы, нешта мармыча пра нечаканыя абставіны.
... Таксоўка мякка рушыць з месца.
На перакрыжаванні дарогі каля Дзінтары яна бачыць высокага мужчыну з цэлым бярэмем белых i чырвоных ружаў. Гэтага мужчыну яна пазнала б сярод тысячы. — Спыніцеся! — сутаргава хапае яна кіроўцу машыны за рукаво, — i тут жа рашуча дадае: — Не! Едзем!