Яшчэ крыху — i яны выязджаюць на шашу.
„Ружы... У псіхолагаў гэта завецца: цукеркава-кветкавы перыяд” — яна ўважліва глядзіць, як кіроўца вырульвае на шашу.
Яе восень засталася там, на ўзбярэжжы. Разам з высокім мужчынам з тварам вікінга...
Як гэта? У знакамітага паэта?
Wypiję kwartę jesieni,
Do parku pustego wrócę,
Na zimną, ciemną ziemię
Pod jasny księżyc się rzucę.
...Месяца не было... Была раніца. I ўзышло сонца. Лічыльнік акуратна адстукваў кіламетры. Неўзабаве — вакзал.
„Я кварту восені вып”ю...”, Часоп. «Тэрмапілы”(Беласток), 2000, № 3. (За подпісам: Альбіна Сямёнава). На рас. мове: часоп. „Неман”, 2001, № 3.
ІНТЭРВ’Ю
Гастролі... Яны пачыналіся з афіш — калі ўрачыста выструньваліся святочнымі свечкамі каштаны i нібыта ўсю свежасць вясны збіраў бэз. A самі тэатры прыязджалі парою, калі патыхаў экзатычнай парфумай язмен i набывалі куртуазны водар ружы.
Гастролі... У самім слове адчувалася нешта заманлівае, звабнае. Гастроль. Роля госцяў. Відачынства славутасцяў прыезджых. Гэта асацыявалася з цеплынёй, квеценню, вольным часам вакацый...
У сваіх тэатрах Гэля прападала — i на прэм’ерах, i на праглядах, i на шэраговых спектаклях. Але ў мясцовыя святыні Мельпамены можна было рушыць калi заўгодна — a гастролі: бліснулі — i няма.
... Гэтым летам Гэля ўжо разрахавалася з сесіяй, атрымала летнюю стыпендыю, накупіла білетаў. І — распачалося: гіпноз скандэнсаваных думак, пачуццяў, слоў. Чар рухаў, жэстаў, гукаў. Магія паглядаў, позіркаў, паўз, паўтонаў, нюансаў... Нешта ад фантазіі сноў, эфект ілюзій... Умоўнасць вышэйшага кшталту... Перажыванне таго, пра што яна, Гэля, ведала i не ведала, пачаткам чаго было нейкае быццё, калі ўсе рэчы i сутнасці тыя ж i не тыя: яны пераствораныя, змененыя, трансфармаваныя, перайначаныя...
На гастрольныя спектаклі ў сям’і Гэлі было прынята хадзіць усім гуртам або, так бы мовіць, часткамі сям’і. Аднак прысутнасць Гэлі класа з сёмага была абавязковай.
Гэты год быў адметны тым, што Гэля пераканала ўсіх сямейнікаў у тым, што яна дарослая — ўвосень будзе 19. Цяпер сярэдзіна 60-х гадоў XX стагоддзя — час, калі кожны індывідуум мае права на самастойнасць. Гэля атрымлівае стыпендыю i мае такія-сякія ганарыры — ўласны капітал. З усяго гэтага вынікае, што бацькі могуць ехаць адпачываць самі па сабе, Гэля з каляжанкамі — сама. Бабуся можа дастачыцца да любой групы.
Праўда, бабуся ў сваю пару не адзін шэлег кінула ў скарбніцу ідэй эмансіпацыі, таму, як толькі самалёт, што кіраваў яе сына i нявестку на поўдзень, адарваўся ад зямлі, сабрала валізку i выправілася не далёка, але ўпэўнена — да сяброўкі ў Брэст.
Гэлі яна, пасмейваючыся, давяла, што не будзе трымаць маналогу пра паводзіны прыстойнай дзяўчыны — яна давярае ўнучцы.
I Гэля давер апраўдвала. Яна не стала збіраць на твіставанне рэшты — ўжо 3-га курса журфака, што засталіся ў горадзе. Зазначыўшы, што ўсё роўна галоўны аб’ект увагі з’ехаў у сваю вёску, наперадзе яшчэ вандроўка ў Кактэбель — без бацькоў, ды i яна, Гэля, збіраецца ледзь не кожны дзень ісці ў тэатр. Урэшце — продкі ніколі не пярэчылі зборням у ix кватэры.
Але ў Гэлі былі свае планы. Што-небудзь „шкрабануць” наконт гастроляў. У горадзе, дарэчы, толькі што адгасцяваў адзін знакаміты тэатр — лепшыя пёры тачыліся там. А цяпер — ліпень, спёка, можа, тыя зубры пяра адпачываць паехалі. Гэля ж вызначыла на афішы пару назваў: вось тут яна i паспрабуе ўкінуць свае тры грошыкі.
„Дон Жуан”, паводле Байрана. Куслівая іронія Джорджа Гордана. Выштукаваная сцэнічная кампазіцыя, з густам мізансцэніраванае дзейства, дэкарацыі знакамітага, нядаўна памерлага майстра. Дыстынктоўны, адмоўна i неадмоўна абаяльны герой — пластычны, феерверкава-нечаканы, персанаж, які жыве ў рытме авантурна-вольнай асобы — Горскі. Актор выдатны, але на шырокіх абшарах не вельмі вядомы: у кіно, падобна, не здымаўся.
Прыйшоўшы са спектакля, Гэля ліхаманкава накідала некалькі старонак, з самага ранку паляцела да машыністкі — сваёй машынкі яшчэ няма, ды i не так проста разжыцца на тое прыстасаванне: друкарскія прылады i капіравальныя пад пільнай увагай адпаведных i неадпаведных устаноў. Ну, адным словам, у дзесяць гадзін раніцы Гэля ўжо шыбавала па лесвіцы Дома друку, у аддзел культуры адной з галоўных беларускіх газет. Не ўпершыню — яе ўжо друкавалі.
... Загадчык аддзела чытае адразу. Тэатральная рэцэнзія ці адразу, ці нa святыя ніколі. У нумар!