Выбрать главу

Гэля накіроўваецца да дзвярэй, але чалавек, што сядзеў моўчкі — прышлы, Гэля гэта ведае, просіць: Пачакайце хвіліну. Гэля насцярожваецца. — Пакіньце свае каардынаты. І заходзьце да нас таксама.

„Да нас”, як высвятляецца, у спецыяльнае, літаратурна-мастацкае выданне. — Добра, — салідна адказвае яна i бяжыць па лесвіцы так, нібыта там, у рэдакцыі, ёй прымайстравалі пару крылаў на хэбэшную кашулю фабрыкі імя Крупскай.

Назаўтра Гэля купляе добры тузін газет са сваёй рэцэнзіяй i шыкоўным фота Дон-Жуана — Горскага.

А шарик вертится и крутится,

И все время не туда, —

гарлае Гэля, хаця ёй здаецца, што ў гэты момант у светабудове i на планеце Зямля няма ніякіх заган, аднак песенька ёй падабаецца, пачуць яе можна толькі з рэнтгенаўскіх плёнак ды дзе-небудзь у кампаніі, a галоўнае-даведалася яна яе ўпершыню ў Кактэбелі. Над гэтую песеньку выдатна шаруецца паркет. Тэлефонны званок. Прыемна. Жыццё яе пакуль увогуле ў асноўным — прыемнае. Гэля бярэ трубку.

— Прабачце, можна пачуць Верасовіч-малодшую?

— Можна, — гарэзліва адказвае Гэля.

І тут ледзь не выпускае трубку з рук. З рэдакцыі, дзе мастацтва i літаратура.

— Ведаеце, я прачытаў Вашу рэцэнзію,- гаворыць учарашні знаёмы, — i хачу прапанаваць.

— Слухаю, — насцярожана адказвае Гэля.

— Зрабіце інтэрв’ю з Горскім. Увогуле напішыце нешта накшталт яго партрэта, прыстачыце туды інтэрв’ю. Усё — на Вaш густ. У стылi сённяшняга матэрыялу.

— Добра, — важна згаджаецца Гэля.

— Вы разумееце — аператыўна.

— Разумею.

Назаўтра Гэля тэлефануе, падпільноўвае Горскага.

— Даруйце, я да Вас.

— Увесь — увага, — ветліва-паблажліва азываецца Гэлін герой.

Гэля працягвае рэцэнзію як даверчую грамату i хуценька выпальвае просьбу пра інтэрв’ю.

— А я думаў, Вы са школы, у тэатр, на ролі травесці.

„Чаму травесці?” — крыўдзіцца Гэля, a ўголас паслухмяна згаджаецца сустрэцца заўтра ў скверы па дарозе ў тэатр, перад спектаклем.

Прыйшоўшы дамоў, Гэля доўга круціцца перад люстрам. „Чаму травесці?” Яна не такая ўжо малая ростам, каб дзяцей іграць. Гэля выцягнула ўвесь матчын гардэроб, прымервала кожную сукенку i спадніцу, аднак высветліла, што да досыць субтыльнай мамы Гэлі ўсё ж яшчэ далека — усё на ёй вісела, як на вешале.

„А ўрэшце,— вырашыла Гэля,— цінэйджэр дык цінэйджэр, галоўнае — як яна напіша пра Горскага”. I Гэля апранула белую хлапечую кашулю — дублікат той, якую толькі што зняла: набытыя былі гэтыя стандартызаваныя паводле ўсіх ГОСТ-аўскіх параметраў вырабы ў аддзеле для падлеткаў. Зацягнула скураны пас на спадніцы, набытай з выпадку ў камісіёнцы. Перакінула праз плячо скураную сумку-планшэт. Спартыўна-дзелавы стыль. Травесці дык травесці. Галоўнае — яна ідзе паводле задання рэдакцыі!

Прыйшла Гэля ў пару. Яна памятала: дакладнасць — ветлівасць каралёў.

Герой яе матэрыялу — ўжо на месцы. Дзіўна — з шыкоўным букетам кветак. I Гэля — гэткім капрызлівазвычным тонам свецкай ільвіцы i загартаванай газетнай ваўчыцы мовіць: «Здаецца, крытыкам не прынята дарыць кветкі”. Горскі відавочна разгублены. Гэля задаволеная сабой: „Бач ты, як я яго чапанула”. Актор працягвае ёй тымчасам... палову букета.

Гэля здзіўленая: „Дзівак!” Аднак раздумваць пра акторскія дзівацтвы няма часу. Трэба браць інтэрв’ю.

Гэля борздзенька зюзюкае свае пытаннічкі — як ёй здаецца, на звышінтэлектуальным узроўні: ніякіх там — што Вы лічыце лепшым творчым набыткам, якія ролі Вам хацелася б сыграць. Ніякіх банальнасцяў. Сур’ёзная размова.

Падобна, i Горскі, i яна задаволеныя сустрэчай.

Актор выкіроўваецца рыхтавацца да спектакля, а Гэля хуценька забягае ў музей, што ў парку па дарозе ў тэатр, аддае букет матчынай сяброўцы: „Заўтра забяру”. I таямніча, тэатральным шэптам паведамляе: „Каб Вы ведалі, ад каго”. Чынна выпраўляецца ў напрамку тэатра. У тэатр! — на працу!

Спектакль Гэля глядзела, баючыся прапусціць хоць якую рэпліку ці слова. Уся – сама ўвага. Тут усе вось адпачываюць, а яна – робіць. Крытык.

У залі Гэля, праўда, заўважыла свайго заказчыка — мабыць, кантралюе, ці тое напіша, ці пра тое. Ну, урэшце, мае права.

Да канца спектакля Гэля спісала ледзь не ўвесь нататнік — хоць ты дысертацыю пішы. «Трэба будзе займець фотаапарат”, — адзначыла яна сабе, прыкмеціўшы пару фотакараў.

Гэля яшчэ корпалася, запіхваючы нататнік у сумку, зашпільваючы зашчапку на сваім планшэце, калі далі заслону.

... Апладысменты. Адзін выхад, другі, трэці.... I з’явіўся Горскі. Ca знаёмымі кветкамі. І ўручыў ix інжэню, галоўнай гераіні... Як высветлілася, яго жонцы...