Выбрать главу

Тут Гэля адчула, як яна чырванее. Здаецца, да пятаў. „Крытыкам не прынята дарыць кветкі...” Такі, мабыць, не прынята. Гэля паціху прасунулася да выхада... Хутчэй адсюль...

Інтэрв’ю яна больш ніколі не брала...

Было падпісана ў друк гал. рэд. „ЛіМа” Алесем Пісьмянковым у ліпені 2002 года. У жніўні таго ж года ён узначаліў часоп. „Вожык”.

ЛЯМПА ПСIXEI

„...Ад неверагоднай спёкі ў Францыі ўжо загінула 45.000 тысяч чалавек.” „Гараць лясы поўдня Францыі.” „Агонь падыходзіць да Рыўеры.”

Голас дыктаркі чамусьці жвавы, ажыўлены, нават радасны. Звыклы стэрэатып добрага настрою ў эфіры? Няўменне вызначыць патрэбную танальнасць?

„Нечуваная спёка ў Еўропе”. „Пацяпленне планеты. „Еўропа можа ператварыцца ў Афрыку”. Канстатацыя фактаў. Прагнозы. Назіранні.

Ён глядзіць на экран тэлевізара: спапялёная зямля, абгарэлыя дрэвы...Belle France ... 2003-i год ад нараджэння Хрыстова... Самлелы ад спёкі Парыж... Пекла ў Італіі.

„Зеленая летучая звезда... Моя любовь, моя Европа...”

Францыя... Парыж ...

Mijając ulicę Descartes

Schodziłem ku Secwanie, młody barbaryńca w podróży

Oneśmielony przybyciem do stolicy świata.

Ён, варвар Тадэвуш, як i „młody barbaryńca”, годам, калі ствараліся гэтыя радкі, трапіў у Парыж. 1980-м.

Памятаў, як адна мелодыя нашэптвала яму, грасіравала, казытала слых. „Люб-лю я ў вечаровы час...” Шлягер юнацтва Тадэвуша... Іў Мантан...

I Тадэвушу здавалася, што ca знакамітай вежы, куды ix выкіравалі адразу з аэрапорта Арлі, ён найперш пабачыць бажніцу Святой Мадлен i той самы ланцужок бульвараў... Праменад шансанье... Бульвары... Капуцынаў, Італьянцаў, Монмартр, Сэн-Дэні, Сэн-Мартэн... Пуасаньер... Бамаршэ... Усё канкрэтна, рэальна, усё мройна, блытана, няўлоўна. Як на выявах Пісарро... Як у рытмах мелодый шансонаў — просценькіх, але з неад'емным шармам весялосці, тугі i пяшчоты адначасова... Як у звабнай прыцягальнасці парыжанак — звычайных i таямнічых...

Усё гэта Тадэвуш сабе ўяўляў, але з пляцоўкі вежы пабачыў толькі прыгожы, гарманічны хаас дахаў, i як рукой дастаць — Сакрэ-Кёр, хаця святыня месцілася недзе на другім канцы горада i, здаецца, не вельмі падабалася парыжанам сваім цяжкавата-візантыйскім абрысам. I зразумела, чаму жыхары гэтага горада ўрэшце пагадзіліся з металічнымі, карункамі Эйфеля: панарама з вежы ўражвала, ды i сама вежа, неяк адасоблена высілася — над горадам — нібыта мачта таго сімвалічнага карабля на гербе Парыжа, з дэвізам: „Хвалі б’юць яго, а ён не тоне”.

Панарама ўражвала – аднак Тадэвуш хацеў бачыць Парыж не з вышыні птушынага палёту: хутчэй бы трапіць на вулачкі Утрылла, на свае вочы пабачыць усе тыя ру Сэнт-Анарэ, дэ Рывалі, авеню Матыньён, дэ л'Опера... Выпіць знакаміты аперытыў за столікам якой кавярні. Аднак пакуль што, паглядзеўшы на Парыж з вежы, яны вярнуліся ў аўтобус.

Сталіца была ў ix вызначана напачатку i напрыканцы маршрута. У дзень прылёту — абед, вежа Эйфеля i вылет у Бардо. Знакамітыя замкі-шато Луары заставаліся над крылом самалёта авіякампаніі Эйр-Франс. A ў Парыжы з вакна аўтобуса ўсё было так, як ён сабе ўяўляў, хіба што высокія глухія сцены ад аэрапорта Арлі да горада i падобныя да гусеніц калідоры — пераходы ад трапа самалёта — было тым, пра што ён не ведаў нічога.

У вогуле гэты горад быў яму завочна знаёмы, як ніякі іншы. Парыж Дзюма, Гюго, Бальзака, Мюсэ. Парыж Клода Монэ, Пісарро, Утрылла, Дэга, Апалінэра, Сартра, Верлена, Бадлера... Парыж Хэмінгуэя, Эрэнбурга, Віктара Някрасава, Рэнэ Клера, Ламарыса. Яшчэ, яшчэ, яшчэ... Запаветная кніжачка з серыі „Гарады свету”... Схема Парыжа...

Паветра Парыжа... Не тое, фізічнае паветра, пра якое пішуць даведнікі: з пылам, выхлапнымі газамі, а настоенае на аўры стагоддзяў, на інтанацыях эпох, на „эстэтычных мелодыях”, на ўзвышанай логіцы ліній, фарбаў, кампазіцый, на вытанчанасці ўспрыняццяў, эмоцый, адчуванняў i на тым гаманлівым, буйным, кірмашовым, што французы называюць гучным спалучэннем: „Бру-га-га!” Яно нагадвае раскацісты лёскат грасіруючага „р” у шансонах Эдзіт Піяф. Выштукаванасць думкі, выкшталцоная адухоўленасць — i сумесь цынізму, фантазіі i іроніі... A між іншым, таго смога, пра які так зацята распавядалі даведнікі, ён не адчуў — можа, таму, што нядзеля: уікэнд — гэта ўікэнд.

... Лёгкі матыўчык усё накатваў рытмічнымі хвалямі, i ў самалёце знакаміты шансанье нібыта мармытаў недзе ці не ў вентыляцыйным начынні: „Люб-лю я ў вечаровы час...” Тадэвуш вызнаваў лёгкасць, нават нейкую бязважкасць. I не мог пазбавіцца адчування нерэальнасці. Здавалася, гэта ці сон, ці нейкае кіно. Яшчэ 20-30 хвілін, i ён скуліцца на якую-небудзь каляпалярную шырату. „ЛЭП-500 — няпростая лінія...” Што праўда, то праўда. ЛЭП – гэта рэальна. „Грубо, зримо...” А замежжа...