Выбрать главу

Замежжа для яго не навіна. Аднак Парыж... Праз нажыты скептыцызм i жорсткі прагматызм заняткаў Тадэвуша праглядвала рамантыка чытанага i ўяўленага, рэальнага i прывіднага. Можа, яшчэ i таму, што на гэта нацэльвала дарога? Ён любіў дарогу. Кожную. Любую. На ўсюдыходах праз тайгу, пешшу, з рукзаком за плячыма, у бясконцых цягніках, у траскіх грузавіках, у аўтобусах. На самалётах-таксама любых — пачынаючы ад „кукурузніка”, ужо адышоўшага ў гісторыю. Морам — на чым заўгодна.

Дарога — заўсёды нешта абяцала. Заўсёды ў нечым падманвала. Спавядала перад усім прынцып няпэўнасці. А сістэма душы аказвалася цалкам непадлеглай ніякім законам. „Spiritus flat ubi vult”.— „Дух вее, дзе хоча”. Там, у тайзе, на чарговым ЛЭПе, ён i тыя, хто быў побач, аказваліся па-за матэрыльнай культурай, па-за культурай побыту, ледзь не па-за цывілізацыяй увогуле. Спачатку — пасля свайго чысценькага, прыбранага, кранутага пацінай гісторыі i часу заходнебеларускага гарадка, а пазней – балтыйскага горада, які тутэйшыя з гонарам называлі „маленькім Парыжам”, яму было проста цікава апынуцца ў далечыні ад даброт сучаснага свету, у вузкім атачэнні людзей, часам на самоце, так бы мовіць, сам-насам з сусветам.

Яму хацелася спасцігнуць сутнасці i адначасова адысціся ад горкай праўды. Ён разумеў узаемавыключальнасць гэтых памкненняў. нават абсурднасць ix. Ён сёе-тое зведаў пра рэальнасць i не з чыіх вуснаў. З часам у яго былі складаныя адносіны: сэнс часу для яго быў недасягальны: у рэальным часе ён існаваў, гістарычны час выдаваў сваю ненадзейнасць i вялікай бадзёрасці ад яго Тадэвуш не займеў — мройнае, няпэўнае, супярэчлівае, жорсткае мінулае, хісткі сённяшні дзень, у ім апірышча толькі ў вокамгненным, матэрыяльна асязальным... A будучае? Што гэта? Фантазія? Пастка? Бездань? Некалі ў газетах пэўнілі: будучае — „ззяючыя вяршыні”. Ад гэтай перспектывы відавочна патыхала цэкоўскім аптымізмам i пустым фанфаронствам. Для сябе ён вызначыўся: выпрабаваць свае сілы, адысці ў чыстую экзістэнцыю. Рабіць патрэбную справу, адстароніцца ад ілжы афіцыёзу i ад ілжы афіцыёзу i ад марудна будзёнічыны. ЛЭП — патрэбная справа. Электрычнасць пакуль што — грунт усяго. Вярталася ў пару юнацтва Тадэвуша на сваё месца ў навуцы i жыцці кібернэтыка, фізікі-ядзершчыкі былі героямі дня i сучаснасці, укінуць слова пра квантавую тэорыю спрабавалі i на вечарынах. Тадэвуш доўга цягаў з сабой фотакопіі кніг Рэзерфорда, Нільса Бора, Макса Борна, старэйшага Капіцы, зачытаў ушчэнт Норберта Віннера, выпісваў навуковыя часопісы — i браў з сабою. Але з цягам часу супакоіўся, зрабіў дысертацыю па рэлейнай абароне электраперадач, абараніўся. I стаў купляпь серыю „ЖЗЛ” i тое, што было блізка, падарожныя нататкі рознага кшталту, мемуары, кнігі па гісторыі, асабліва замежнай — менш падтасовак i хлусні. Не грэбаваў мастацтвам, паэзіяй, прозу чытаў менш i таксама больш замежныя пераклады.

Увогуле сустрэчы з цывілізацыяй Тадэвуш цаніў асоба. З культурай быў на „Вы”. Прыязджаючы дамоў, любіў схадзіць у тэатр, на выставы. Свой шлюб, яшчэ студэнцкі, лічыў не проста памылкай, але грахом. Спакойна ставіўся да другога мужа сваёй былой супругі. Да сына цягнуўся, аднак той усё больш адыходзіў ад яго. I толькі праз гады Тадэвушу ўдалася наладзіць з ім роднасныя стасункі. Сын любіў паэзію. Як высветлілася, тых жа, „клятых” паэтаў:

Ты рушыш край

сусветнага парогa,

Дзе прагне мець спакой душа мая,

Цячэ ў мяне нябёсаў стынь,

як плынь,

Я да Цябе імкнуся:

дзе яна, дарога?

Вось тыя канкрэтныя, зямныя дарогі ў Францыі ён памятаў да драбніц. Дванаццаць дзён, як адзін дзень... I кожны дзень — ці не большы за век?

Тадэвуш даўно заўважыў, што дарога абуджае ў большасці людзей рамантыкаў i авантурыстаў, вяртае адчуванне маладосці, нейкіх лірычных стыхій. Такія вандроўкі, падарожжы — тым больш. Новыя ўражанні, змена ландшафтаў, селішчаў, малых i вялікіх, пазнаванне — відавочна — даўно знанага, выяўленага, канкрэтызаванага ў нечаканых i чаканых дэталях, знаёмства — з новым. Усё гэта — ў фарбах, гуках, рэльефнасці, пахах. Адчувальнае, спазнанае на дотык — ва ўспрыманні сённяшняга дня i з непаўторным водарам мінулага. Дакрананне, дотык да пачуццяў, думак, настрояў — арэчаўленых у матэрыі дойлідства, творах мастакоў, у мройнасці духоўных гармоній i супярэчнасцяў, згусткаў эмоцый, сэнсаў... Кожны з групы адчуваў гэта па-свойму, але стваралася пэўная аўра: не светапоглядная з’яднанасць i не эстэтычная, a нейкі тып даверчай камунікацыі, бо ўсё, што яны бачылі, пэўным чынам аб’ядноўвала ix, як i аднолькавая часавая адстароненасць ад клопату працоўнага, побытавага, нават стыль паводзін пэўным чынам вызначаўся ўжо не імі, a сітуацыяй, абставінамі, раскладам дня, маршрутам, прапанаванай інфармацыяй, і – вольным часам. Урэшце — настроем, калі не святочным, дык адпачынкава-правольным — „отдохновенно-праздным”. Вакацыйны лад. Ці то як у сучасных студэнтаў. Ці то як у старадаўніх шкаляроў. А можа, гэта быў настрой галантнай вандроўкі куртуазна-вытанчаных шэвалье i дыстынктоўных дам? Гэткая „пілігрымка на выспу Кіфера”?..