Выбрать главу

А потым у Бардо ix усіх збіраў да сябе ў нумар начальнік групы. Зачэпкай было агульнае знаёмства, на самай справе ўсе цягнулі „валюту”: гарэлку. Абмен валюты быў мізэрабельны i дзеля прэзэнтаў большасць бралi з сабой сувеніры, розную дазволеную мытнікамі драбязу i гэтую канкурэнтаздольную на сусветных абшарах вадкасць. Тадэвуш, зусім не прыхільнік сухіх законаў, ніколі не мог даўмецца, навошта былі гэтыя „пасядзелкі” ў замежжы. Піць горкую ў тайзе — зразумела i часам неабходна. Ужываць гэты папулярны напой у Францыі, ды яшчэ псаваць вечары ў душным нумары, гэта выходзіла за межы яго свядомасці. Хаця — начальніку групы i тым чацвёрым, якіх прымацавалі да ix употай вядомыя структуры — так было лягчэй i прасцей сачыць за даверанымі пад ix пільную ўвагу грамадзянамі адной шостай часткі планеты Зямля. П'яныя? Ну, i што? Значыць, усё ў ажуры. П'янаму i козы ў золаце. Ніхто не просіць палітычнага прыстанішча, ніхто не наведвае падазроныя мясціны, ніхто не знік, усе на месцы. „Раз, два, тры, чатыры...” Ix так i пералічвалі, па галовах. А тыя чацвёра падзялялі, так бы мовіць, „сферы ўтілыву” — па сямёрках. Тадэвуш амаль адразу вылічыў траіх з „падсадкі”. Высахлая, што жардзіна, жанчына, якая ўсё напрошвалася ў адзін нумар з яго суседкай ў самалёце — Янай. А тая адпрэчвала: „Мы ўжо тут уладкаваліся. З Дайнай”. Дайна была з Літвы. Не вельмі ганаровую тую місію выконвала яшчэ маладая пара, прыблізна адналеткі Яны. Маладыя выдавалі сябе за супрацоўнікаў радыё. Няўрокам назвалі рэдакцыю, дзе рабіла адна жанчына з групы i дзе ніколі не было гэтых людзей. Хто чацвёрты — стала зразумела Тадэвушу толькі калi ён вярнуўся дадому.

Групу доўга інструктавалі — спачатку ў Маскве, потым — у Парыжы, у савецкай амбасадзе, у дзіўнай залі: шыкоўнае ракако, люстраныя сцены – i седалы-ўслоны, як у раённай сталоўцы-забягалаўцы: алюміній i дэрматын. Групе настойліва рэкамендавалі: па адным не хадзіць, ад групы не адставаць, знаёмствы з французамі, што не прадугледжаныя праграмай, не заводзіць, у нумарах гатэлю дакументы не пакідаць, крамольныя размовы не весці, антысавецкія анекдоты не расказваць. I, безумоўна, памятаць пра маральны кодэкс савецкага чалавека.

Выслізваючы з нумару начальніка групы, Тадэвуш запэўніў Фёдара Іванавіча: усе яны, сем чалавек, што выправяцца агледзець вечаровы Бардо, будуць паводзіць сябе выключна паводле таго кодэксу. Фёдар Іванавіч цвёрда памятаў, што ён начальнік групы i адказвае за ўсё i за ўсіх, але добра ўзяўшы за знаёмства ці не з кожным шэвалье групы асобна i за здароўе чароўных дам — гуртам, ён быў у тым стане, калі кажуць: язык у лапцёх i тымі лапцямі па вадзе ляпае. Ён толькі прамармытаў: „Куды вы? У вас жа нават імя нялюдскае.” Тадэвуш засмяяўся: „Ведаеце анекдот? Дывысь-дывысь, Галапупенка, яка смішна людына — Зайців”. Фёдар Іванавіч гмыкнуў i махнуў рукой.

З палону прымусова-сяброўскай пагулянкі вырвалася сем чалавек. Потым яны так гэтай сямёркай i трымаліся — з варыяцыямі. Як высветлілася, Яна — яго зямлячка, беларуска - а жыве ў балтыйскім горадзе яго студэнцтва. Яна перакладчыца. Яе суседка па пакоі – журналістка. Яшчэ калега Дайны — Вітас, з нейкай культуровай установы. Маскоўская грузінка Ніно, дырэктар музея. Фотакар з Ульянаўска — Ігар — як потым высветлілася, i быў чацвёрты “дазорны”. Выкладчык універсітэта з вялікага горада на Волзе — Валянцін Міхайлавіч. I ён, Тадэвуш Кастэцкі. Інжынер, фотааматар, пачынаючы выкладчык.

Ix гатэль у Бардо быў непадалёк ад вакзала, да цэнтра, падобна, было далекавата, i ўсе эспланады, i Гаронна, i нават усе кавэ засталіся недзе ў баку. Што рабілі б яны ў тых кавэ — з ix абменным „капіталам”, Тадэвуш не ведаў, аднак спакус не было ўвогуле. Пустыя вулачкі, апушчаныя жалюзі дамоў... Яны дайшлі да нейкага масіва: спрэс сады i віллы. I вырашылі вяртацца ў гатэль. Ішлі гуртам, часам Тадэвуш крочыў побач з Янай. Пункціры памяці цяпер высвечвалі ўрыўкі фраз, мройныя, няўлоўныя адчуванні, нейкія напаўсцёртыя формулы з алгебры духоўнага вопыту... Часам нібыта спатыкаючыся аб нейкую нябачную перашкоду, яны рухаліся ў прасторы i часе. Як гэта там у аднаго з вялікіх? У Берклі, здаецца. Прастора-непераадольная мадальнасць бачнага. А час — непераадольная мадальнасць пачутага. Перажытага? Мадальнасць – катэгорыя фармальнай логікі, што выяўляе ступень верагоднасці меркавання. Яны натыкаліся на гэтыя непераадольнасці, ці то здагадваючыся, што павінен быць высакародны шчаслівы свет, ці то імкнучыся да яго. Ці быў ён, гэты свет, паўсюдна? Ці там, на радзіме? Ці тут — у мясцінах Генрыха ІV i таты Хэма: у Баённе i Андаі, куды яны трапілі з Бардо? Тады яму падалося, што гэты свет часам узнікае менавіта ў гэтай прасторы i менавіта ў гэтым часе. У зялёнай лагчыне Гаронны, у ландах — пяшчанай роўнядзі з соснамі, у краі баскаў — з маляўнічымі, крыху цяжкаватымі будовамі: грубавата апрацаваны i атынкаваны камень першага паверха i драўляны другі паверх, прыгожыя, дагледжаныя, як паўсюль у Францыі, панадворкі, садкі, там — скураныя або плеценыя канапы i крэслы, кветкі ў гаршчках. Усё гэта бачылі яны найбольш праз вокны аўтобуса, але ландшафт той абавязкова прысутнічаў ва ўражаннях i „захвыцэннях”, уплываў на настрой. I падсвечваў прысутных. I бараніў ад тых стасункаў, што мецяць існаванне ў кожнадзённасці, дзе ўсё пазначана функцыянальнай, прагматычнай залежнасцю. Дзе нават незнаёмае набывае рысы знаёмага – як на канвееры, стандартызуецца абавязкам, комплексам службовых узаемазалежнасцяў, жорсткай рэгламентаванасцю часу.