Можа, у тым i быў чар ix знаёмства, магія сустрэчы? Вядомая i невядомая краіна, выпадковы соцыўм спадарожнікаў — аб'яднаных агульным маршрутам i мэтай i адстароненых у сваім папярэднім i далейшым жыццёвым i свядомасным вопыце. Яны будуць памятаць кожны кожнага i застануцца чужымі i далёкімі, нават калі будуць ліставацца i часам сустракацца. У ix будзе толькі гэтая сувязь — кропка перакрыжавання на жыццёвым шляху.
...Чар вандроўніцтва... Чар выпадку... Калі, да ўзору, гасцёўня ў Андаі, дзе яны прыпыніліся, была не проста падобная да тых, дзе любіў мець прыстанак у сваю пару Хэмінгуэй (танна, непадробны каларыт, выдатная кухня), але ўсё ў ёй было знакам прыгоды, рамантычнай зброяй, неадольным поклічам да авантуры ў старадаўнім стылі. I першы будынак, абвіты — хмелем? вінаградам? — i маленькі ўтульны панадворак, куды траплялі ў ліфце: i гэты панадворак, i сімпатычны дамок у баскскім стылi — былі на іншым узроўні, на пагорку. I вялізныя, цемнаватыя пакоі, прыглушана карычневы дуб мэблі, цёмнага каменя камін, у якім нібыта толькі што спалілі патаемнае пасланне, дробны малюнак шпалераў... I пакоі рэстарана ў будынку на першым узроўні – выштукаванае разьбярства старадаўніх сталоў i крэслаў, цёмныя клятчастыя сурвэткі, старадаўнія куфлі для напояў... Тыя, хто ix падымаў, відавочна трымалі i шпагу ў руцэ. Нават бараніна па-бардосску i кураня па-баскску — усё гэта нібыта было матэрыялізацыяй таго чару. Як i золата пляжаў — узбярэжжа Атлантыкі. Як неверагодная пестрадзь i калёры напояў на прыёме ў мэрыі ў Баённе — i прыгажуны — ўдзельнікі Супраціўлення, героі макі. Усе высокія — ледзь не роўныя з Шарлем дэ Голлем... А дарэчы, яны трапілі ў мясціны, дзе непадалёк знаходзіўся той самы замак сядзібы Артаньян, дзе ў 1613 годзе нарадзіўся Шарль дэ Бату, будучы каралеўскі мушкецёр, якога ўвесь свет ведае пад прозвішчам — назвай таго селішча: д'Артаньян.
Тадэвуш памятаў гаворку Яны з партызанамі макі — слоў ён не разумеў, але мелодыка грасіруючых i прыдыхальных зычных i рэдукаваных галосных, яе жэсты, яе смех — ix усмешкі, ix рыцарская гжэчнасць надавалі асобую логіку моманту. Тадэвушу падабалася глядзець на Яну, мірна дэгустуючы ca сваімі суайчыннікамі віны старажытнай Аквітаніі. Усё матэрыялізавалася ў рэчах, фарбах, гуках, пахах, смаку, усё было чарам, дзе яе прысутнасць то выразна выяўлялася як галоўная, то была ледзь заўважнай, нібыта рассяроджанай у агульнай атмасферы, у тужліва-радасным адчуванні подыху лёсу. У бязважкасці чакання.
Якой была б ix сустрэча ў іншых абставінах? Мабыць, не было б той звабліва-хмельнай, зачаравана-светлай явы — дурнап’ян супольніцтва, супрычаснасці нейкім вельмі важным часцінкам быцця, адчуванне кожнай рэальнай рэчы як знака i наканавання. I разбурэнне, расслойванне рэальнасці. Гэта было жыццё i гульня ў жыццё. Федзя Пратасаў некалі мовіў: „Не было гульні”. Там гульня прысутнічала, вяла, выдавала зямной прыцягальнасцю i незямной прасветленасцю, фарбамі i радасцю той вясны, што можа прыйсці насуперак кругабегу натуры. I ў патыё пад Бардо з высознымі цаглянымі сценамі колеру тэракоты, дзе яны пілі шампань — брут, самы сухі, з прыгожых празрыстых келіхаў. I на свяце баскаў, дзе Яна абмяняла свой шыкоўны шалік на чырвоны баскскі берэт. I нават у рэдакцыі мясцовай правінцыйнай газеты, дзе сухаваты абмен інфармацыяй набываў сэнс гульні. I, безумоўна, на вечарыне ў франка-савецкім Таварыстве. I гукі старадаўняга танга, i даўно ўжо не новага, але ўсё яшчэ прыцягальнага рок-н-рола, i казытліва-неўраўнаважанай, агністай румбы здаваліся не проста мелодыямі, а музыкай жыцця. I Тадэвуш танчыў захоплена, адчуваючы чар моманту як эманацыю жыцця, а самую ісціну вызнаючы як рух i гульню. Ён танчыў не толькі з Янай, аднак увесь час адчуваў яе прысутнасць, у лабірынце гукаў адчуваў яе мелодыю, таямніцу яе існасці...