Выбрать главу

A вечар быў сапраўды добры. I добрай была раніца. У Парыжы... Але ці быў бы Парыж без яе? І якая яна не ў Парыжы? A між іншым, якія каліграмы складаў бы спадчыннік Кастравіцкіх, калi б яго дзед воляю лёсу не апынуўся б па-за сваімі пенатамі? I дзе яшчэ, акрамя Парыжа, мог знайсці прытулак душы той, што прысвяціў верш прабабцы гэтага спадчынніка? Гэтыя пытанні ўзніклі пазней, а тады, той раніцай, Тадэвуш, яшчэ адчуваючы на сваіх вуснах свежасць яе вуснаў, праваліўся ў лёгкі, салодкі сон i прачнуўся ад тэлефоннага званка — так ix падымалі ў гатэлі ў Парыжы. „S’il vous plait, madame” 31 чамусьці ўзрадавана азваўся ён у трубку, а на тым канцы провада здзіўлена гмыкнуў мужчына. Потым, ачомаўшыся, Тадэвуш доўга смяяўся, а за ім яго сусед па пакоі.

Былі ўцёкі i другім разам. Тадэвуш i Яна замест таго, каб ісці шукаць танныя крамы ў вольны час, ад цэнтра Пампіду выкіраваліся ў „Аранжэры”, да роспісаў Клода Монэ. I там нечакана знайшлі свой код рэальнасці, пароль дня. Каля знакамітых „Ненюфараў” — лілеяў, гарлачыкаў. Ціхая музыка, што, здавалася, як i святло, прасочвалася аднекуль з-пад столі, зачараванае каралеўства паўсвятла, паўценяў, усё дымчаста-блакітна-бэзавае... Белае... Дзіўнае адчуванне – няма пачатку, няма канца... Кветкі i вада — i паветра, што больш угадваецца, а не канкрэтна прысутнічае... Знакамітая імпрэсія — свая ўласная логіка. І — падпарадкаванасць не нечаму раздзельнаму i бесперапыннаму, што супрацьстаіць абстрактнай думцы, знешняя камбінацыя, здавалася б, зусім: простай рэальнасці — i ўнутраная бясконцасць, невычарпанасць гэтай рэальнасці. Чаму Бенуа так бязлітасна перакрэсліў гэтыя панно? — Очевидное недоразумение”... Пра Бенуа нешта згадала Яна — ён не памятаў даслоўна, але выдатна ведаў, што менавіта з гэтага моманту i са згадкі пра тое, што маці Уладзіславы Францаўны, жонкі Янкі Купалы, была з роду Монэ, паміж Тадэвушам i Янай замацавалася вось тое паразуменне, што ўжо існавала – кожны пазнаваў сваё ў другім. I гэта не было звычайным абменам інфармацыяй, яна падхоплівала, як i Тадэвуш, слова, думку, факты... Нават бег, што на дыстанцыі, аб’ядноўваў ix — агульным дыханнем, смехам, адчуваннем камічнасці сітуацыі: на схеме Парыжа „Аранжэры” i Музей імпрэсіяністаў выдавалі блізкім суседствам, на самай справе яны ляцелі, што індзейцы на сцяжыне вайны, каб а семнаццатай гадзіне з’явіцца перад светлымі вачыма ix красуні Люсі. Тая не губляла раўнавагі: гэтыя двое не згубяцца ў Парыжы, тым больш пасярод белага дня. Што думалі афіцыйныя засакрэчаныя асобы, яны не ведалі. Аднак мяркуючы па тым, што ніякіх перашкод у замежных перасоўваннях пазней ім не чынілі, у антысавецкай дзейнасці ix не абвінавачвалі.

А яны пасля гэтых шпацыраў больш не заставаліся сам-насам. Увесь час былі ў гурце, найбольш — са сваім хаўрусам, з „сямёркай”. Аднак паміж імі ўсё больш умацоўвалася асобая сувязь, што вызначаецца не знешнімі прычынамі, а тым унутраным супадзеннем, якое абумоўлена прадвызначанасцю жыцця i асаблівасцямі быцця індывідуальнага.

Тадэвуш i Яна былі, разам з іншымі, але i адстароненыя ад усіх. На Елісейскіх папях разглядвалі вітрыны: агромністае суцэльнае шкло на некалькі паверхаў вышынёю – продаж аўто. Яна „выбрала” сабе срабрысты „сітраэн”, падобны да субмарыны. І з-пад яго ўвагі цалкам выпала, што ж там падабалася астатнім. I ва ўтульным кафэ „Насье”, дзе яны пілі каву, ён злавіў сябе на тым, што бачыць толькі яе i яму ўсё ў ёй падабаецца. Як яна трымае кубак, як адкідвае рукой валасы, як накідвае на плечы свэдэр, завязаўшы на грудзі вузел з рукавоў.

... Адным з вечароў кожны з групы адчуў сябе ледзь не Крэзам: ім выдалі грашмі кошт двух вячэраў — планавалі ўдзел у народным гулянні. I „сямёрка”, блукаючы па Парыжы, дайшла да ўзноўленай — “Ратонды”. На сцяне была шыльдачка з паведамленнем, што ўсё адноўлена, як у часы Пікаса, Мадыльяні, Дыега Рыверы... Светла-жоўтыя скураныя канапкі са спінкамі, на сценах — факсімільныя рэпрадукцыі карцін былых наведвальнікаў кавярні. I хаця ўсе разумелі, што гэта толькі копіі, здавалася, нейкія флюіды, часцінкі тамтэйшай рэальнасці, водар рэчаіснасці, насычанай мастакоўскімі фантазіямі тут прысутнічаюць. Хаця... У кавярні ў асноўным былі турысты, сённяшнія геніі i таленты гуртаваліся недзе ў іншых мясцінах.

...Заказвалі яны вельмі сціпла – кубак кавы, келіх віна... Гарсон прынёс пітво — i рахунак. Зірнуўшы на фірмовую паперку на сподачку, літаратар з Волгі рашуча адсунуў ад сябе віно: — Даражэнькія, мы гэта піць не будзем!” — “Гэта яшчэ чаму?” — ганарліва ўхапіўся за сваё пуставатае портманэ Тадэвуш. I зірнуў на гадзінніік: далёка апоўначы, начны еўрапейскі тарыф... Лічба была не такая ўжо вялікая, у родных пенатах кожны спакойна ахвяраваў бы тыя пенёндзы, але цвёрды рэжым абмену тут ператвараў усіх i адразу ў жабракоў. Цяпер усё інакш... Аднак, ці не сталіся цяпер жабракамі i ў роднай Айчыне тыя людзі, што былі ў вандроўцы?