Выбрать главу

Тады яны пасмяяліся са сваёй прыгоды: „Гуляць дык гуляць!” — i выправіліся зноў блукаць па Парыжы. Праз бульвар Сэн-Мішэль i понт дэ Нёф — на востраў Сігэ. Усё было хрэстаматыйна знаёмае. I ў галаву лезлі хрэстаматыйна вядомыя параўнанні. Нотр-Дам — „Біблія ў камені”, Сэнт-Шапель — „Біблія ca шкла”... Спрадвечная готыка... Сярэднявечча... Сапраўднасць арыгіналу — ў неад’емных свежасці i харастве.

I зноў пасверкваў начны Парыж, вабіў стаажытнымі абрысамі бажніц, палацаў, камяніц – у сучаснай гульні падсветак i ў гіпнозе старадаўніх маўклівасці i гонару.

I Тадэвуш з Янай – з усімі i ўдваіх — адчувалі сваю повязь з гэтымі будовамі, з вякамі, якімі быў асвечаны гэты горад, з настроямі, што змяняліся, вызначаліся то куртуазнымі прыгодамі i выкшталцонасцю стылю, то смеласцю парадоксаў, што вярэдзілі розум, то глыбокадумнасцю i арыгінальнасцю тэорый i меркаванняў, то пышна дэкарыраваным грахом, то амаль астральнай безданню паміж шэвалье, дамамі i тымі, каго класічная класіфікацыя грамадства вызначала як laboratores працуючыя; то складаным дыялогам, што скончыўся пажарамі i гільятынамі-бяссэнсіцай i блытанасцю падзей, нораваў, учынкаў, характараў... А яшчэ, мабыць, тым, што ўсе бачаць як вызначальную рысу французаў: абавязковай прысутнасцю гумару i жарту, своеасаблівым гонарам, што хаваецца за ўдалай вострай фразай...

I наплывалі хвіліны, калі Тадэвушу здавалася, адыходзіла, амаль знікала ўсё: вякі, атачэнне, вялікі горад, ix спадарожнікі. Заставаліся толькі яны — Тадэвуш i Яна... А потым адыходзілі хвіліны — i вярталіся вякі, атачэнне, хараство... Хаця — каб не было такіх хвілін — у іншых, у іншыя часы: ці было б тое хараство? Краса? Моц? A перадусім — каб не вышэйшае Наканаванне?

... І быў зноў самалёт... I вяртанне ў родную Айчыну, дзе адразу пачаліся непаразуменні: не замовілі гатэлю, спазніўся ў аэрапорт аўтобус, не забраніравалі білеты на цягнікі i самалёты: група была з усяго Саюза...

I ў Маскве наладзілі развітальны вечар. I ён, Тадэвуш, выпяваў знаёмае ўсім: „Ваше Величество Женщина, как Вы явились сюда?” I не з’явіўся на вечарыну Ігар, як высветлілася, той самы чацвёрты. Той самы... Hi Тадэвуш, ні Яна не атрымалі ад яго фотаздымкаў. I смяяліся — на Яну ў яго засталося цэлае фотадасье...

Тадэвуш праводзіў Яну на вакзал у Маскве i яму здавалася, што ўсё, што было — толькі прэлюд...

А потым тэлефон Яны не адказваў. I Тадэвуш адправіў — нават не ліст, a запіску-карацельку, падпісаўшыся: „Экс-руа, цяпер — саўслуж ненаменклатурнай катэгорыі”. Быў момант у краі баскаў, калi ўвесь час нехта згадваў вядомыя рэплікі Генрыха IV, накшталт таго, што „Парыж варты імшы”, а на вечарыне ў Таварыстве балёвы раялізм дасягнуў апагею i выбіралі каралеву i караля балю: мужчыны — каралеву, дамы — караля. I Тадэвуш з Янай царавалі ўвесь вечар.

Напісаўшы ліст, Тадэвуш усё заглядваў у паштовую скрынку. Хапаў кожную паперчыну, аднак экс-каралева не адгукалася.

Затое адноечы недзе апоўначы пачуўся доўгі, настойлівы тэлефонны званок. Тадэвуш выляцеў з душа, сарваўшы з вешалкі махровы халат. „Алё!” — ціха засмяяліся недзе далёка-далёка.

— Як Вы лічыце, дзе я? — Там, дзе свеціць Палярная зорка. — Яснабачанне – не Ваша стыхія. — Пэўна.

— Я ў гатэлі „Святочны”.

— Прабачце? — У вас у горадзе, шэвалье. Камандыроўка.— Провід часам апякуецца намі,— бадзёра зірнуў на гадзіннік Тадэвуш.- За Вамі на дыване-самалёце?

— На знішчальніку-перахватчыку.

— Геніяльная думка. — Зразумела, — з выклікам адгукнулася Яна. Голас яе нібыта завіс у паветры.

Тадэвуш паспешліва запоўніў паўзу: — Можна i на белым кані. — Экс-руа...

— a галоўнае — шэвалье, — падхапіў ён.

— ... інакш не ўмее, — яе голас зазвінеў знаёмым смехам.

— Лячу,— памацаў яшчэ мокрыя валасы Тадэвуш.— Праз паўгадзіны буду.

— Заўтра, — цвёрда вымавілі ў трубку.

— З раніцы ў Вашых ног, — радасна выгукнуў Тадэвуш, хаця пэўна ведаў, што ў яго дзве пары лекцый з васьмі гадзін.

— У сем гадзін вечара, у вестыбюлі гатэлю, — прагучала цвяроза, будзённа, нібыта ў лірычную мелодыю ўшчыміўся гук школьнага званка.

— Традыцыйна i неаспрэчна, — працягнуў Тадэвуш.