— А Вы хацелі б — „средь танца волшебств и наитий”?
— Прыблізна, — ён не знаходзіў адпаведных слоў.
— Да сустрэчы,— яна вымавіла гэта, нібыта шчоўкнула выключальнікам.
— Дабранач... — глуха адгукнуўся ён.
Так ці інакш Тадэвуш прачнуўся з адчуваннем, што гэта не проста раніца, але светазарны золак стварэння свету.
Як у сне, адбубніў лекцыі. Ліхаманкава прыкідваў — кветкі? Якія? Яны ж некуды пойдуць – што яна будзе з імі рабіць? Адну ружу. Вось такую – палевую. А куды яе запрасіць? Вядома, не ў тэатр. Ім трэба пагаварыць. I не ў рэстарацыю. У рэстаранах яго горада — абавязковы гармідар, тлумны музычны акампанемент. Запрасіць да сябе? Як яна тое зразумее? Ды i жытло ягонае не падрыхтаванае да прыёму гасцей, тым больш такіх... Кавярня... „Пралеска”... Які-небудзь лёгкі напой - Яна выхаваная на старадаўніх традыцыях... Ціхае мармытанне магнітафона... Праўда, там у меню адны сасіскі — для галантнай размовы малапрыдатная страва, ну, але ж ёсць яшчэ нешта — марожанае, цукеркі...
У яе горадзе i горадзе яго студэнцтва – розных кавярняў, харчэўняў, закуткаў, дзе можна правесці вечар – што грыбоў пасля летняга дожджыка...Так што трэба спадзявацца на яе талеранцыю.
Гальштук? Гарнітур? Свэдэр? Мабыць, пуловер, кашуля i скураная куртка: спартыўна-дзелавы стандарт службоўцаў i клеркаў канструктарскіх бюро.
...Вецер быў злосны, як прыёмшчыца хімчысткі. Ён схаваў ружу пад куртку. Яшчэ пятнаццаць хвілін. Тадэвуш увайшоў у вестыбюль i пачаў было разглядваць вітрыны кіёскаў, але кінуў гэты занятак: ён чакае i не будзе займацца дыпламатыяй інтэлектуалаў ніжэйшага рангу. Яму ўжо не дваццаць. Ну, i што? Тадэвуш дэманстрацыйна, як ваяр піку, узняў ружу. I ўбачыў Яну:
— Мы далека? – замест вітання спытала яна.
— Крыху бліжэй, як на край свету.
Тадэвуш злаваўся на сябе. Безумоўна, яна чакала калі не вандроўкі ў Залюстрэчча, то пэўна — куды-небудзь, дзе пануе — ну, не свята, але вясёлая святочнасць... А ён сунецца са сваёй каралевай у сярэднестатыстычную харчэўню-забягалаўку. Там жа ад усяго патыхае грубаватай эклектыкай... Хісткія, лёгкія столікі i седалы з белымі ажурнымі спінкамі, паводле моды канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якія нагадваюць пра дам у сукнях з турнюрамі i ў адмысловых капелюшах i з парасонамі ад сонца. І масіўная, цёмная стойка бара — што частка рэквізіту да якога трылера, казематна-цяжкая, ваяўніча-безаблічная.
Тадэвуш папрасіў шклянку для ружы, прынёс ад бара шампань, шакалад, гарэхі. I адчуў на сабе яе пільны, халаднаваты погляд. Ён вымавіў некалькі агульных фраз, яна не падхапіла гаворку. Моўчкі круціла ў руках келіх. Ён пачаў здагадвацца — яны апынуліся не проста на інтэлектуальным бездарожжы, яны завіслі ў пустэчы. Пад імі не было глебы. А гэга зусім не той выпадак, калі шар зямны плыве пад нагамі. Музыка нешта рытмічна мармытала, ціха віскатала i настойліва выдавала басовыя ноты. I нікуды гэтыя музычныя практыкаванні не вялі, ні на што не ўплывалі, музыка не была нават акампанементам, у лепшым выпадку выконвала ролю фона: безаблічнага, неадухоўленага, абыякавага. Гукі не лашчылі слых, не ўзбуджалі эмоцыі, танчыць пад ix таксама не хацелася, ды i тут гэта было не прынята. Можа, усё ж дарэмна не павёў яе ў рэстаран? Глядзелі б меню, выбіралі стравы, трошкі пазлацешыліся б наконт стандарту кухні айчынных „злачных” мясцін, а дарэчы, можа, i не зашкодзіла б крыху падсілкавацца? Ну, урэшце — „салодкая танца атрута...” I тая нітачка, што знікае, чэзне, растае, з’явілася б зноў, i ўзнікла б патаемна-хмельная ўзаемазалежнасць, якую яны — Тадэвуш гэта пэўна ведаў-адчувалі там, у Францыі. Хаця — ва ўсіх харчавальна-ўзвесяляльных месцах ix горада танчылі аднолькава — тупаталі табункамі, а то дык i ўсім застольным хаўрусам, абавязкова нешта разухабіста-жвавае. Танец — таямніца, знаёмства, размова — на гэтых квадратных метрах адышліся ў небыт...
A паміж іншым, што сёння ў філармоніі? Ну, каб Яна загадзя... Сядзелі б цяпер i, паводле Аўгустына, слухалі б гукі музыкі дзеля аднаўлення душы пасля дзённых турбот. Магчыма, гэта i надало б тую танальнасць сустрэчы, што не дала б узнікнуць гэтай задоўжанай паўзе, якая пагражала паветранаму збудаванню, якое Тадэвуш натхнёна, як юнак-рамантык, i акуратна i апантана, як дойлід Сярэднявечча, узводзіў увесь гэты час пасля вандроўкі. Ён, безумоўна, цвёрда ведаў, што матэрыялізаваць паветраныя палацы немагчыма, аднак замацаваць той настрой — у эмацыянальнай памяці, проста ў памяці — хацеў: фрагменты, моманты, імгненні... Водар стасункаў... Ён разумеў, што гэта быў сапраўдны дарунак Нябёсаў... У яго ўзросце... Калі ён «шлях зямны перайшоў за палавіну...” I добра перайшоў... І старэйшы за Яну на дзесяць гадоў i на цэлае жыццё... ЛЭП — гэта ЛЭП... Год за некалькі...