Чаму менавіта сёння такое карнавальнае святло? Пячэ i радуецца. Чэся што прышчаміла чорным гарнітурам — спякотна, душна. A людзі ідуць — усе светлыя, вясёлыя, — нарэшце распагодзілася. І няма ім ніякай цікавасці да яго. Ідзе сабе дзівак у чорным гарнітуры — трыццаць градусаў паводле Цэльсія — i хай сабе ідзе. Mo яму холадна? Вось тая сыта лагодная кабета, што ёй да яго? Ці той дзяўчыне ў нейкай пярэстай сукенцы — плыве недзе ў сваіх думках, у сваім настроі, у сваім свеце. I ў таго вунь дзядзькі — ў яго таксама ўсё хакей.
Дзве гадзіны...
Яшчэ ў дванаццаць ён быў як усе. Чалавек з гэтага сонечнага дня. Малады, у свежанькай, што раса, кашулі. Энергічны. Не чужы хараству света.
Увогуле дзень пачынаўся, як усе звычайныя дні. Але з гэтым прыемным сюрпрызам — сонца. Раніца ружовая, ясная. I гэтай раніцай – пешшу да бібліятэкі. Пружыністай, звычнай хадой. Лётам — на трэці паверх. На сваё ўлюбёнае месца за апошнім сталом. За акном — знаёмы, абжыты, утульны краявід: вершаліны дрэў парка, дахі дамоў, будынкі на пагорку. Цішыня. Напаўпусты зал: лета, жнівень. Пара адпачынкаў. І тая пара дня, калі ўсё ўспрымаецца востра — па-ранішняму, думкі выстройваюцца строга, лагічна. Наперадзе — колькі гадзін плённага існавання, адчування сябе ў інтэлектуальнай атмасферы вялікіх, слынных, у водсветах гістарычных імгненняў, у разуменні шматзначнасці попелу стагоддзяў.
Чэсь Запольскі заўсёды меў асалоду ад самога працэсу працы, ад старых кніг, ад таямніцы архіваў, ад параўнання тлумачэнняў i каментараў, ад перасячэнняў фактаў гісторыі i міфаў, ад асэнсаваныя з’яў, падзей, характараў.
Так было i сёння. Ніякіх прадчуванняў. Ніякіх сноў.
... Тэлеграму адбілі ў адзінаццаць гадзін раніцы. „Памёр раптоўна ваш бацька. Паведаміце магчымасць вашага прыезду.” Еду, еду — пра што можа быць гаворка?” Чэсь заскочыў на паштамт: „Прыеду абавязкова. Прашу чакаць. Запольскі”.
Памёр раптоўна, значыць, ці ўначы, ці ўраніцы. Mo, тады, як ён, Чэсь, джынсоваў паркам у бібліятэку. Або жартаваў з бібліятэкаркай. Або піў каву.
Дзве гадзіны. Крамы зачыненыя. Патрэбныя грошы. Купіць гарнітур, кашулю, гальштук, чаравікі. А раптам бацька атылеў? Наўрад ці на тых харчах. Зблажэў? З вялікага не выпадзе.
— Эй, на шхуне! Куды кіруешся? — прыяцель узнік, як з-пад зямлі. — Даю згоду, не пытаючыся, куды i навошта. Я без фрака, але, спадзяюся, мне даруюць мой дэмакратычны выгляд?
— Прабач!— Чэсь глядзеў на Валеру, як на жыхара іншай планеты, дзе ўсё добра, дзе жартуюць i ходзяць у госці.
Тлумачыць ён не будзе, — вырашыў Чэсь:
— Сустрэнемся на барыкадах.— Мілорд, даравання не будзе. Сапсаваў лепшыя намеры ў такі светлы дзень.
— Бывай! - Чэсь ужо не чуў, якія словы гнаў наўздагон прыяцель. Што рабіць з цёткай Вандай? Яна-то прыедзе. Аднак пакуль дадуць дазвол, пакуль дабярэцца са свайго Енджэхова. Тэлеграму адбілі, безумоўна, толькі яму. Самы блізкі сваяк. Сын.
Ці званіць Ладунцу? Салаўёву? Яны сябры, але ж яны пасадах, званнях... А бацька ж не ў роднай хаце памёр. Як кажуць варажбіткі, у казённым доме.
Не, ён, Чэсь, выправіцца адзін, сам. Грошы? Грошы... Можа, пазычыць Лук’яныч... Тады, на хаўтурах маці, ён, можна сказаць, цуд стварыў.
Лук’яныч быў дома. Лук’яныч выручыў.
... Цягнік быў перапоўнены. Канец жніўня. Канец вакацый, канец адпачынкаў. Уражанне такое, што ўсе зрушыліся з месца. I для Чэся гэта ператварала факт ягонай асабістай трагедыі ў нешта недарэчнае, заблытанае, алагічнае. Замест пачцівага маўчання, тактоўнага шэпту — галас раз’юшаных цётак: ледзь ўбіліся ў вагон, крыкі малых – у цягніку душна i цесна (агульны вагон), вясёлая гамана студэнтаў i школьнікаў — ім пакуль паўсюдна хораша, лаянка п’яных — яны маюць прэтэнзіі да ўсіх.
Чэсь глядзеў у вакно. Яно бруднае, але крыху прыадчыненае ўверсе — павявае прахалодай. Увогуле то Чэсь любіў дарогу. Любую Бацька таксама любіў дарогу, любіў вандроўкі, адразу рабіўся вясёлы, ажыўлены, малады... Хаця... Ён i цяпер яшчэ не набраў тыя гады, калі людзі пачынаюць глядзець на ўсіх, як на сваіх — калі не вассалаў, дык вучняў-недарэкаў. Пяцьдзесят адзін год...
Пяцьдзесят адзін... І яшчэ ўчора ён быў жывы. „Яш-чэ ўчо-ра, яш-чэ ўчо-ра, яш-чэ ўчо-ра”, — выстуквалі, здаецца, колы цягніка. Што бацька рабіў? Ці прадчуваў? Пра што была яго апошняя думка?