У кіно заўсёды паказваюць, што перад чалавекам у апошнія хвіліны пракручваецца ўсё жыццё або выплываюць малюнкі маленства. А на самай справе — што паспявае ўзнікнуць у свядомасці? Калі смерць раптоўная, а не адыход у іншабыццё пасля хваробы, доўгіх пакут, доўгага роздуму...
„Яш-чэ ўчо-ра, яш-чэ ўчо-ра”, — выстуквалі колы.
... Смерць адразу ўсё памяняла месцамі. Да таго Чэсь лічыў — ён правы, а бацька вінаваты. Цяпер бацька самім фактам смерці нібыта вінаваціў яго, Чэся, a ў бацькі з’явіўся неаспрэчны аргумент: смерць — апошні довад усяго.
Усё — ні адрачэння, ні надзеі, ні даравання. Падведзеная апошняя рыса..
А да той рысы... шмат чаго было... Які быў той травень 45-га года! Сонца ласкава гуляла праменьчыкамі на пагонах i начышчаных гузіках бацькі i Ладунца. Чэсь ішоў побач, у яго на шыі на раменьчыку сапраўдны артылерыйскі бінокль, падарунак бацькі. Дарослыя хлопцы, што прыйдуць да бацькі ў школу атрымліваць атэстаты, пакуль дружна, у маршавым рытме, рубяць свае: „...артиллеристы, зовет Отчизна нас!” Чэсь ідзе шчаслівы i горды: бацька вярнуўся з фронта! Тры ордэны, чатыры медалі! І ідуць яны не абы з кім — з Ладунцом! З Героем Савецкага Саюза! Гарадок невялікі — Ладунца ведаюць усе. Ды i бацьку — таксама: дырэктар школы, франтавік!
Чэсь глядзіць у вакно цягніка.
Згадвае...
... Зімовыя прыцемкі... Электрычнае святло пагасла: у паваенныя гады — звычайная з’ява. Яны не запальваюць сваю дзесяцілінейную лямпу. Бацька ціхім голасам пачынае выводзіць песню. Чэсь падпявае. Пра мора, пра запаветны камень, пра франтавыя дарогі... Строгія мужчынскія песні...
... Вогнішча яркае i высокае. Бацька i Ладунец скачуць над тым вогнішчам. Спрытныя. Малалыя. Паводле завядзёнкі пасляваенных гадоў — у галіфэ i гімнасцёрках.
... Летняя раніца. Чэсь расплюшчвае вочы. I першае, што бачыць — чырвоны ровар. Сапраўдны. Для дарослых. З кухні ідзе пах толькі што спечанага пірага. А бацька за сцяной даводзіць маці: „Няхай вучыцца. Што — калi зляціць з таго ровара? Ужо не малы. Дзесяць год. Мужчына.” Чэсь падскоквае, не чуючы ног ад радасці — сам бацька гаворыць, што Чэсь дарослы. І колькі тых шчаслівых хлопцаў у горадзе, што маюць ровары, ды тым больш — такія!
... Паліцы з кнігамі... Чэсь пакуль што аддае перавагу гарадской i раённай бібліятэкам. У ix дома няма ні Жуль Верна, ні Майн-Рыда, ні Дзюма, ні нават Каверына. З паліц можна браць усё. Аднак, ёсць яшчэ заўсёды зачыненая шафа з кнігамі...
... Менавіта гэтую шафу ледзь не раструшчылі людзі ў ботах, якія адноечы ўвечары прыйшлі да ix у хату. Аднак Чэсь ведаў – амаль усе кнігі з шафы паехалі на возе ў Руткавічы – ксёндз Антоній схаваў ix у некага: ці то ў свіране, ці то на гарышчы. — Астраноміяй захапляецеся? — пытаўся ў бацькі адзін з тых, у ботах. — Цікаўлюся, я ж фізік, — спакойна адказваў бацька. — Ы-гы, — падазрона глядзеў на бацьку прышлы.
У шафе нічога не знайшлі, аднак адзін дакумент, які, паводле ix меркавання, кампраметаваў бацьку, ужо трапіў да ix у рукі. Бацькавы дзённік. Чэсь быў у шостым класе i не ўсё разумеў, пра што ішла гаворка, аднак яму было ясна: адкрытых думак супраць улады там не было, аднак процьма “крамольных высноў”, не сумяшчальных з пасадай бацькі, званнем педагога i ўвогуле савецкага чалавека, людзі з пэўнай арганізадыі „выявілі” — нешта пра незалежнае мысленне, пра сэнс часу, пра стратэгію маўчання... Выразы гэтыя ўрэзаліся ў Чэсеву памяць...
Пасля XX з’езда бацьку рэабілітавалі — а Ладунец увесь час рабіў захады, каб вызваліць сябра.
... Бацьку сустракалі, як з фронта... Здавалася — як у дзіцячых казках, цяпер усё зноў будзе бясхмарна i шчасліва.
... Што зламала бацьку, Чэсь не ведаў. Туды, за Урал, маці ездзіла да яго на спатканне, якое чамусьці ў апошні момант адмянілі. Чэсь акуратна пісаў яму лісты. Вярнуўся бацька якраз у той год, як Чэсь паступаў ва ўніверсітэт. Вельмі дарэчы — біяграфія Чэсева цяпер была бездакорнай.
Першыя зімовыя вакацыі праляцелі, як адзін дзень, i Чэсь чакаў лета — i сустрэчы з бацькам. Тым летам Чэсь спачатку паехаў на раскопкі. Ix было некалькі чалавек. I ў гурце, i кожны сам па сабе. Чэсь зведаў жыватворную прахалоду цішыні i бездакорную вышыню края агульных паняццяў, не зважаў увагі на жыццёвыя дробязі. Вызваліўся ён раней, як меркаваў, i ехаў дадому, так бы мовіць, жывым сюрпрызам.
Аднак сюрпрыз чакаў яго...
Чэсь прыехаў удзень, маці была на працы, a ўпоперак цэнтральнага пакоя хаты нехта ляжаў. Як высветлілася бацька. Жывы. Проста(!) ўдрызг п’яны.
Увечары яны вялі размову з маці. Яна не хацела турбаваць i трывожыць сына. Цярпела. Ушчувала, як магла. Шкадавала бацьку.