Выбрать главу

Напачатку шкадаваў бацьку i Чэсь, Раз-пораз зрываючыся на рыгарыстычныя маналогі. Потым згадваючы рознае: „Я пригвожден к трактирной стойке”, „In vino Veritas”, i гэтак далей.

Першая сапраўдная разскепіна з’явілася паміж ім i бацькам, калі ў маці здарыўся цяжкі гіпертанічны крыз: яна два тыдні нічога не бачыла. I Чэсь, прыехаўшы дадому, „павёў наступленне” на бацьку. Чэсь вёў „выратавальныя” размовы, а бацька ківаў галавой, унурыўшыся ў адну кропку. Чэсь не мог прабіцца праз пустэчу бацькавага „я”. А можа, гэта была не пустэча? Адчуванне наканаванасці, фатальнасці ўвогуле ў гэтым свеце нічога змяніць нельга. Усё як было, так i будзе. Хто з ix дваіх угадваў сутнасць сапраўднага? Існага? Цяпер Чэсь зусім не быў упэўнены, што ён, Чэсь. Форма, пазіцыя – гэта не ў апошнюю чаргу займала Чэся.

...Рэальнасць пачала тады распадацца для Чэся на некалькі пластоў. Адзін, звычны, стэрэатыпны, гладкі універсітэт, акадэмічны інстытут (дапамог „чырвоны дыплом” і партызанскія сувязі Ладунца — на той момант многія з былых сяброў па зброі былі пры ўладзе i пры пасадах). Не давялося „адбываць” абавязкова тры гады пасля атрымання дыплома дзе-небудзь па размеркаванні. На свежую галаву, не расцерушыўшы па дробязях набытае, ён абараніў дысертацыю па адной з тэм сівой даўніны. Адным словам, лінейна-букалічны варыянт...

Другі пласт мройна вымалёўваўся, вярэдзілі нейкія пачуцці, здараліся хуткаплынныя i не вельмі ўдалыя “раманы”, як нейкі накід „асабістага жыцця”. Аднак Чэсь ці то чакаў неверагоднага кахання, ці то пабойваўся згубіць перавагі вольнага жыцця — адным словам, гэты пласт рэчаіснасці пакуль што заставаўся для яго белым полем, з некалькімі заштрыхаванымі мясцінамі.

Трэці пласт — вярэдзіў, мэнчыў, не абяцаў выратавання. Тут было спусташальнае прыніжэнне, i скажоная, насуперак усім законам існавання, рэальнасць. І гэта было яго, Чэся, інтэграцыйнае ядро, грунт, не голькі біялагічны, генны, але i свядомасны. Да гэтага свядомасна ўладкаваны, трывалы, эстэтычна зладжаны свет пачынаў яшчэ не разбурацца, але крышыцца, распадацца: на падзеі, факты, учынкі.

Бацька быў для Чэся тым, кім павінны быць бацька, паводле ўсіх традыцый i высноў. Стрыжань сям’і, узор, прыклад, аснова, апірышча. Маці ён любіў. Яна была мяккая, ветлівая, i прафесію мела ціхую, надзейную, жаночую. Фармацэўт, правізар, аптэкарка... Яна любіла свайго сына, свайго мужа. Любіла кветкі, зёлкі. Усё жывое. Часта ездзіла ў Руткавічы — ў ix гарадку касцёлы былі зачыненыя.

... Чэсь адчуваў, што павінны нешта зрабіць — як дарослы ўжо чалавек, як мужчына, як абаронца маці. Адчуваў — i не ўмеў. Не атрымлівалася.

Урэшце — здарылася тое, што магло б i не здарыцца. Зноў — Чэсь быў далёка, у вялікім горадзе, які стаўся месцам яго працы i жыхарства. Зноў па бацьку прыйшлі людзі ў ботах. Бацьку зноў арыштавалі. Здаецца, абвінавачванне гучала так: „За захоўванне i гандаль валютай”.

Знёсшы, падобна, усе залатыя i срэбраныя матчыны бразготкі з дому — i збыўшы ix „на ўзвесяленне душы”, ён дабраўся да сямейнага скарбу, што не чапалi нават пад час вайны: старыя залатоўкі, нейкія грошы — ці не даляры. А „добразычліўцы” не звяліся — „загрымеў” бацька.

Калі Чэсь паехаў на дазволенае спатканне з бацькам, вартавы, падхіхікваючы, спытаў: „I як, валютчыкі, жывяце?” Чэсю зноў стала шкада бацьку... Дажыўся...

Бацька тымчасам паводзіў сябе, што кароль у выгнанні. „З пункту погляду цывілізаванага чалавецтва, — даводзіў ён Чэсю, — я ніякага злачынства не зрабіў. Гэта спадчынны скарб, я яго не крадзяжом здабыў, не змахлярыў. Вінаваты перад сям’ёй. Вельмі. Але толькі перад ёю”. Бацька сцвярджаў так, выдатна ведаючы, што „крымінальна-працэсуальны кодэкс” той краіны, што займала адну шостую частку зямной паверхні, вызначае зусім іншае.

На судзе бацька таксама даводзіў — нічога ні ў кога не краў, нявінна пацярпелы. Нібыта i справядліва — але ж бацька вёў гаворку, пагардліва пазіраючы на суддзяў: тут у ім гаварыў яго шляхецкі генафонд, яго элітарны гонар, нават не на сацыяльным, а хутчэй на біялагічным узроўні, на ўзроўні тых самых храмасомаў, якія не давалі яму ціхамірна i паслухмяна скарацца. Мабыць, гэтая біялагічная алхімія вызнавалася i ў яго паводзінах. Хаця — піў ён, як звычайны мужык. Ды i на ўзроўні, калі п’юць да парасячага віскату, а не арыстакратычна ўжываюць напоі, розніца, мабыць, толькі ў выбары тых вадкасцяў: каньяк, віно ці самагон.

Ну, a ўляпілі бацьку на поўніцу.

I Чэсь, i маці зноў шкадавалі бацьку, але разскепіна наміж сынам i бацькам шырылася.

Пасля смерці маці яна сталася безданню.

... Маці паехала да споведзі ў Руткавічы — да сваёй апошняй споведзі. Завеі былі страшэнныя — i Чэсь памятаў халодную браню танка: глухлі нават „газікі”, затое Лук'яныч явіў сваё высакародства i вернасць сяброў. Чэся „падкінулі” ў Руткавічы на танку, перапалохаўшы ўсё мястэчка.