Чэсь памятаў матчын твар — прыгожы, сунакоены, ясны. Памятаў памінальную імшу — i тое, як глядзеў на яго ксёндз Антоній. Сам ксёндз не падыходзіў да Чэся — шасцідзесятыя гады XX стагоддзя. У краіне, дзе жылі ксёндз Антоній i Чэсь, святар, а тым больш каталіцкі — персона нон грата...
Потым Чэсь прыязджаў у Руткавічы, аднак неяк усё не выбраўся зайсці да ксяндза...
А з бацькам... пасля смерці маці нібыта адразу як адвяло ў Чэся шкадобу, усё спачуванне. Ён! Ён, бацька, найперш вінаваты ў матчынай смерці! Каб не ён... I ў Чэся пачаўся істэрычны бунт — супраць бацькі. Супраць рэальнасці. Супраць персанажаў у гэтым часе i гэтай прасторы. Навука стала здавацца інтэлектуальным фарсам, шаманствам. Тыя, што ў ёй ці каля яе — інфантыльнымі суб’ектамі, якія імітуюць значнасць i важкасць, а на самай справе тапочуць побач з сапраўднай рэчаіснаспю. I яго, Чэсева, жыццё – нейкае інтэлектуальнае трызненне ў складанай заблытанасці свету, у лабірынтах ідэй, задум, пошукаў...
Чамусьці ўсё, супраць чаго Чэсь паўставаў, ён звязваў з бацькам. Як з увасабленнем алагічнасці? Духоўнай разбэрсанасці? Адсутнасці духоўнай дысцыпліны? I нешта бацькава-насуперак логіцы, але паводле той самай біялагічнай алхіміі — раптам вяўлялася ў ім, Чэсю. Накшталт таго, як некалі, у школе, калі называлі сваё прозвішча i дадавалі: “Член УЛКСМ”, ён назваў сябе i пазначыў: „Лейбарыст”.
Але той бунт быў у школе. Дарослы Чэсь нічым канкрэтным свае стасункі з акаляючым светам i пануючым светапоглядам не выяўляў, проста сядзеў да цемнаты ў вачах у бібліятэках i заходзіў згуляць партыю-другую ў шахматы да Лук'яныча. Былы вайсковец, у высокіх чынах, ён таксама меў нейкую сваю, адасобленую лінію паводзін. Развёўшыся з жонкай, жыў адзін, ніколі нічога не расказваў пра сябе. I не лез з пытаннямі да іншых. Яны ўмелі памаўчаць адзін з адным. I дэшыфраваць гэтае маўчанне ў словы наўрад ці было магчыма. Ды i наўрад ці ў тым была патрэба. Час ад часу яны званілі адзін аднаму ў дзверы. „Згуляем партыю?”
...Пазней Чэсь не тое каб адаптаваўся да смерці маці, але ўвайшоў у нейкі рытм роздуму, эмацыйны i інтэлектуальны рытм. З бацькам падтрымліваў неабходныя адносіны. Не больш. Дасылаў таму паштоўкі на ўсе святы, да дня яго нараджэння, пісаў кароценькія лісты — раз на месяц, майстраваў пасылку, як тое дазваляў рэжым установы, дзе быў бацька — вагою ў 5 кг, раз на паўгода. Ніякіх спроб дабіцца спаткання. Ніякіх сантыментаў.
Чэсь больш не рабіў спроб надаць гарманічны сэнс ix адносінам з бацькам, так бы мовіць, ноты рассыпаліся, i ён, Чэсь, больш не спрабаваў трансфармаваць ix у музычную п’есу. Дысананс. Гармоніі не будзе.
Смерць маці нібыта вызваліла Чэся ад духоўных абавязкаў перад бацькам. Толькі знешнія атрыбуты ўвагі. Ён мог стаць вучнем свайго бацькі. Яны маглі быць сябрамі. Усё разбурыў той, старэйшы. Так лічыў Чэсь.
Хай яно так i будзе.
І вось... Бацька памёр... Пакінуўшы Чэся ў яго адстароненасці i спробах высакародна-адстароненага існавання... Пакінуўшы з вечным пытаннем...
...За вакном цягніка цямнела. Чэсь задрамаў. I бачыў у сне нейкую белую пустыню — белы дол, ці то снег, ці то пясок. Белае-белае неба i туман. І недзе на даляглядзе ўзнікала постаць-маленечкая, як лялечная, i Чэсь спрабаваў наблізіцца да яе i разгледзець. I не мог.
... Прачнуўся Чэсь адразу i пабачыў агеньчыкі за вакном — падобна, яго станцыя. Жарынавічы, чыгуначны вузел, цягнік марудна падпаўзае да будынка вакзала: вакол запасныя чыгуначныя рэйкі, развязкі, семафоры...
Урэшце цягнік прыпыніўся i Чэсь, прапускаючы ўсіх наперад, выйшаў з вагона.
... Дзве гадзіны апоўначы. Транспарт не ходзіць. Таксі не відаць. Ды i ці адчыняць яму там уначы, у той установе... Чэсь сеў на лаўцы ў чакальні.
... У шэсць гадзін раніцы Чэсь быў каля прахадной...
— А мы вас ноччу чакалі, — прыветна азваўся чалавек у званні маёра. — Тэлеграму маю атрымалі? — чамусьці спытаў Чэсь, хаця рэпліка маёра відавочна сцвярджала, што яна дайшла да адрасатаў.
— Так, — пацвердзіў маёр i працягнуў Чэсю нейкія паперы. — Трэба будзе падысці ў ЗАГС.. — Дзе бацька?
— У моргу.
— Я прывёз адзенне.
— У нас усё ёсць.
— Хай ужо будзе сваё, цывільнае.
— Глядзіце самі. Будзем хаваць тут ці будзеце забіраць?
Гэта яны з Лук'янычам абмеркавалі. Трыццаць градусаў паводле Цэльсія. Труну трэба свінцовую. Пакуль здабудуць ці зробяць. Патрэбна машына. Ды i ці будуць там чакаць? Ды i месца на могілках — яго таксама трэба знайсці.