Выбрать главу

— Ойча наш, каторы ёсць у небе...

Чэсь прамаўляў словы малітвы i апускаў галаву ўсё ніжэй:

— ... i адпусці нам грахі нашы,

як i мы адпускаем вінаватым нашым...

Чэсь адчуваў, як святлее на душы...

— Перадайце бліжняму знак супакою...

Чэсь паварочваўся-налева, направа, аглянуўся назад — вочы, вочы... У ix — прыязнасць... I — разуменне?

— Ідзіце ў супакоі Хрыста, — абвясціў ксёндз Антоній. Аднак Чэсь застаўся ў бажніцы. Сеў на лаву. Слухаў цішыню. А можа, тую Muzica Mundana — „сусветную музыку”, што вынікае са звароту нябесных сфер...

Чэсь бачыў, як з закрыстыі зноў выйшаў ксёндз Антоній. Ён наўрад ці сам падыдзе да Чэся.

— Хвала Хрысту, — крыху запінаючыся, прамовіў Чэсь. — Навекі вякоў... Я да Вас... - схіліў голаў Чэсь.

У кн.: Ала Сямёнава. Таямніцы пакутны колер. Мн., Про Хрысто, 2004.

ТАЙБРЭК

САЛОДКАЯ РЫБА МАКРОРУС

Марту

Машына колеру засохлай крыві. Пінжак — таксама, i твар — нібыта яго качаў-валяў скурадзёр на бойні. А гамалейка - нечакана прыгожая, бэжава-карычневая.

Гаспадар машыны, апрануты ў той самы пінжак, трымаў партманэ, нібыта ўзважваючы яго, i ціха цадзіў скрозь зубы: Ведаеш, баця, у мяне часовыя цяжкасці. Давядзецца табе з грашмі пачакаць...

Траян цвёрда сказаў:

— У мяне таксама цяжкасці. I не часовыя. — Гэта вашы праблемы, — пачаў гаспадар машыны колеру засохлай крыві. - Я на вас свае праблемы не вешаю,— перапыніў яго Траян.— Не па гуманітарную дапамогу прыйшоў. Зарабіў. Апошняе слова ён вымавіў, што цвік увагнаў.

Гаспадар развёў рукамі — яны былі кароткія i пульхныя:

— Дык я разлічуся, пачакайце... Зойдзеце другім разам. Гаспадар пакрочыў быў ды ганка сваёй трохпавярховай цытадэлі: вокны — байніцы, сцены — як у Бастыліі.

Траян выдыхнуў:

- Шчанюк! — Ну. мы ж інтэлігентныя людзі.

— Гэта вы — інтэлігент?

— Ну, не будзем дыскутаваць,— зноў працадзіў скрозь зубы гаспадар крывавага пінжака.

— Не будзем. Разлічымся — i адзью.

— Я ўжо сказаў...— зноў пачаў расцягваць словы крывавы пінжак.

Траян спакойна ўзяў пульхнага маладзёна за штрыфелі пінжака, потым адпусціў ix i нечакана нанёс жорсткі бакавы ўдар па сківіцы.

— Хук! — пачуў Траян за спіной.

— Чысты накаўт, — азваўся Траян, вокамгненна абярнуўшыся i трымаючы правую руку напагатове. Траян адчуў — яго перапынілі ў пару. Ён раптам усвядоміў, што яму хацелася біць i біць гэтае пульхнае, азызлае цела, якое апынулася на зямлі. Такога з ім ніколі не было. Hi ў дваровых бойках, ні тады, як трымаў у руцэ шпагу.

— А я i не ведаў, што вы не толькі пяціборац, — усміхнуўся, падыходзячы, незнаемы чалавек.

— Хатні прыём, — Траян зірнуў на чалавека: пэўна, некалі бачыў яго.

Партманэ ляжала на зямлі.

— Будзеце сведкам, — Траян падняў гамапейку i адлічыў некалькі купюр. — Роўненька: за кладку камінка i за зробленую тэрасу.

— Такі шырокі профіль? — пацікавіўся незнаемы.

— Я ж мнагаборац, — усміхнуўся Траян, дастаючы нашатыр.

— Вы так усё прадугледзелі?

— На жаль.

Крывавы пінжак чмыхнуў i расплюшчыў вочы.

Траян i незнаемы дапамаглі яму падняцца. Траян адцаў партманэ:

— Ваш партатыўны сейф мінус мой ганарар. Як дамаўляліся.

Крывавы пінжак нечакана задаволена гмыкнуў:

— Баця, ну, ты малаток. У мяне ёсць прапанова.

— Якая?

— Мне патрэбны целаахоўнік.

— Не мае амплуа.

— Ты, хлопец, улічы, — падаў голас незнаемы, звяртаючыся да гаспадара, — перад табой чэмпіён Саюза i амаль алімпійскі чэмпіён.

Крывавы пінжак пачаў хвалявацца:

— Улічу.

Ён асавела глянуў на незнаёмага:

— Вы да мяне?

— Не, я да яго,— незнаемы паказаў на Траяна i накіраваўся да брамы.

— Вы разважце,— не сунімаўся крывавы пінжак, гледзячы на Траяна.

— Я ўжо разважыў.— Траян, ступіўшы колькі крокаў, апынуўся каля сваёй „Волгі”.

— Віктар Пятровіч, — дагнаў незнаемы, — я вас даўно шукаю.

— З якой нагоды? — суха спытаў Траян.

— Прапанова ёсць.

— У целаахоўнікі ці ў кілеры? Мне прапаноўвалі. Не практыкую.

— Ну, што вы так, — мякка настойваў незнаемы, — у мяне сур’ёзная справа. У маю машыну не хочаце перасесці?

— Навошта? Я да сваёй прывык,— Траян зірнуў на новенькі „БМВ”.— Хочаце — прашу.— Траян зрабіў шырокі жэст праваю рукой. — У вас жа ёсць там лёкай. Павядзе сам.

— Мой шафёр.

— Тым больш. Хай едзе за намі.

Траян бакавым зрокам бачыў незнаёмага. Досыць невыразны профіль, добрага крою карычневая скураная куртка, дарагая кашуля.