Выбрать главу

Незнаемы хвіліну-другую сядзеў моўчкі. Урэшце ціха кашлянуў i прамовіў:

— Ведаеце, хачу арганізаваць школу, спартыўную.

— Бясплатную?

— Для адораных дзяцей i падлеткаў — без грошай, для дарослых — за плату.

— Зразумела. Рэкет аплочвае маладыя таленты, каб потым скіраваць ix у патрэбнае рэчышча?

— Не... Вы ўсё...

Траян перапыніў:

— На якую ролю вы ангажуеце мяне?

— Выкладанне. На ўсе віды: конны спорт, фехтаванне, плаванне, бег...

— Ну, i, вядома, стральба, — усміхнуўся Траян.

— Вядома. Тым больш, што ў стральбе з пісталета вы выступалі яшчэ i асобна.

— Каго яшчэ вярбуеце?

— Вядомых спартсменаў.

Траян зноў перапыніў:

— Былых...

— Былых, — ціхім, бясколерным голасам пацвердзіў незнаемы. — I плаціць збіраемся адпаведна ix тытулам i заслугам. Вам — калі пагодзіцеся — за кожны від асобная плата.

Траян гмыкнуў.

— Я разумею вашу іронію, — азваўся незнаемы i дадаў: — Я некалі вучыўся з вашым сынам. Нават адноечы быў у вашай хаце.

— Хто толькі не быў у нашай хаце, — Траян зірнуў у бакавое люстэрка, — i на дачы...

— Вы продалі яе?— спытаў незнаемы, напэўна ведаючы, што дачы ўжо няма.

— Вы добра інфармаваны, — усміхнуўся Траян. — Прадаў. Жонцы трэба было ставіць помнік.

— А што сын?

— Вы ж сабралі ўсе звесткі. Нашто пытацца? — Траян паглядзеў у вочы незнаёмага: — А што робіце вы?

— Ну...— пачаў незнаемы.

— Зараз вы мне будзеце гаварьщь пра малое прадпрыемства, пра сумесную фірму, пра аперацыі на біржы. Ніхто з людзей з грашмі ніколі не адказаў мне канкрэтна: у мяне вытворчасць аўто, станкоў, гузікаў — урэшце. Ды хаця б „бюстгальтеров на меху”.

— Прабачце...— працягнуў незнаемы.

— Гэта Маякоўскі. Непапулярны сёння аўтар.

— Вы яго любіце?

— Не, у мяне іншыя літаратурныя прыхільнасці. Проста — згадаў.

— Давайце вернемся...

— Да нашых бараноў?

— Так. Заробкі ў вас, здагадваюся, выпадковыя.

— Зараз пашанцавала.

— А што з эксперыментальным цэхам?

— Вы ж ведаеце...

— А былыя вучні?

— На ролю настаўніка я ніколі не набіваўся. Проста быў начальнік цэха.

— Але якога! — шчоўкнуў языком незнаемы.

— Чулі?

— Яны цяпер там грошы грабуць лапатай, — амаль з дакорам канстатаваў незнаемы.

— Дай ім Бог, — глуха адгукнуўся Траян.

— Чытаў нядаўна інтэрв’ю вашага наступніка.

— I што?

— Ён чамусьці не згадвае вас.

— Рэч у тым, што я толькі шараговы інжынер, для духоўнага i інтэлектуальнага настаўніка імя непрэстыжнае. Да таго ж на заводзе мяне некаторыя лічылі спартсменам, які, блазнуючы, падаўся ў вытворчасць, а спартсмены лічылі, што я з глузду з’ехаў, вызначыўшыся са сваёй „прафарыентацыяй”. Ну, a вынаходніцтва сваё я не запатэнтаваў...

— I цяпер з яго карыстаюць іншыя?

Траян маўчаў.

— A чаму, з вашымі званнямі, не пайшлі ў які камітэт?

— Нават калі гэта быў спартыўны камітэт, трэба было мець чырвоную кніжачку.

— Вы кніжачкі не мелі?

— Не хацеў.

Траян азірнуўся на „БМВ”, што кіравалася за імі:

— Тут мне трэба збочыць.

— Сваю візітную картку я вам пакіну. Падумайце, — незнаемы крануў дзверцы машыны.

— Не, лепш так — вы са мной ні пра што не гаварылі, я вас ніколі не чуў i не бачыў. Так больш надзейна.

— Чаму? — рука незнаёмага застыла.

— Маю вопыт. Поспеху вам. — Траян зачыніў дзверцы i націснуў на старцёр.

Наступны ўладальнік новабудоўлі быў акуратны, дагледжаны, выхавана-ветлівы: „Кавы ці гарбаты?” Грошы ён аддаў у прыгожым канверце з мелаванай паперы.

Сімпатычная гаваркая кабетка таксама разлічылася адразу, прапанавала Траяну келіх гарэлкі i вельмі здзівілася, калі ён адмовіўся. „За рулём, за рулём”, — адмахнуўся ад яе Траян.

Заставаўся апошні візіт. Трэба было заскочыць да кліента ў ягоны офіс. Заказчык не аддаваў доўг месяцы ca тры. Сёння яны дамовіліся на дзве гадзіны. Траян доўга тыкаўся, каб развярнуць аўто, даў добрага кругаля, аднак урэшце трапіў у расчыненую браму. Выйшаў з машыны i каля пад’езда клацнуў зубамі. Код, раней яго не было. Траян хацеў быў чакаць якога тутэйшага мяшканца, а потым перадумаў, знайшоў у машыне зашрубку i павярнуў яе ў адтуліне замка: дзверы расчыніліся.

— Як вам удалося ўвайсці? — гарэзліва спыталася сакратарка.

— Спосабам авантурыстаў i крымінальнікаў,— суха адказаў Траян.

— Пачакайце, ён зараз вызваліцца, — сакратарка выразна кіўнула галавой у бок масіўных дзвярэй.

Траян зірнуў на гадзіннік — пайшло на трэцюю.

Урэшце з тых масіўных дзвярэй выйшаў гаспадар офіса. Падобна, у кабінеце ў яго нікога не было. Быў заняты ці проста хацеў, каб „чала-эк” пачакаў?