Выбрать главу

— Прашу.

— Дзякуй. Я толькі за грашмі.

Гаспадар знік за дзвярыма і, вярнуўшыся, паклаў грошы на стол сакратаркі.

Траян машынальна ўзяў паперкі. Зверху ляжала пяцідаляравая купюра. Нечакана для самога сябе Траян ляснуў паперкай аб стол:

— Міль пардон, месье, — ён весела глянуў на гаспадара, — гэта вам: на гарбату i на швейцара.

Траян зухавата бразнуў дзвярыма кватэры-канторы. I тымі самымi — з кодам — таксама.

Траян амаль падсвядома руляваў да могілак.

Астры ў гандлярак ён выбіраў белыя i светла-жоўтыя, іглістыя. У ix быў пах восені i тугі. Потым прыдбаў яшчэ i светла-ружовыя. Колер маладосці. А яна заўсёды была маладая. I пайшла з гэтага свету маладая. І прыгожая. Пайшла нечакана. Раптоўна. Hi быта сурочылі яе.

Яна не ведала ўзросту. Як быццам прыпынілася недзе на дваццаці пяці. I сышла — ў вечнасць, у вялікае „ніколі”, вонкава так i не пачаўшы набіраць гады.

Белы мармур, бела-ружовы медальён. Жоўтыя астры ён завязе дамоў, паставіць у яе любімую сінюю вазу. Тут пакіне белыя i ружовыя.

Ен глядзеў на медальён. У яе вочы. Таямнічыя вочы.

Таямнічая істота.

Ён ніколі не імкнуўся яе разгадаць. Ён ведаў, што загадкі маюць ваблівую, мройлівую іррэальнасць, разгадкі выяўляюць грунт рэальнасці.

Траян вызнаваў узвышаныя адносіны да жанчыны. Ніколі i нікому пра тое не казаў. У мужчынскіх кампаніях, калі гаворка набывала непрыстойна-гарэзлівы кшталт, звычайна, сядзеў моўчкі.

Яго ж i тую, што глядзела з медальёна, аб’ядноувала нейкая лірычная ісціна. Нават цяпер, калі яе не было побач з ім. Яны не былi рабамі відавочнасцяў. Кожны беражліва трымаў сваю ахоўна-неахоўную прастору, дзе ёсць свае недатыкальныя трывогі i свае надзеі на прыхільнасць сусвету, дзе перакрыжоўваюцца факты i ўчынкі, дзе жыве памяць пра агульныя i заўсёды асобныя вясновыя вечары, пра сонечную яву зімовых дзён, пра жнівеньскія зарапады...

Траян глядзеў на медальён... Сын падобны да яе. Тыя ж вочы. Той жа выраз твару. Сузіральнік. Мройлівы, адстаронены. Як i яна. Музыка. Як i яна.

Траян ехаў у горад. Незаўважна для сябе выехаў да базара. Ён не любіў кірмаш i не любіў тлумныя вуліцы вакол яго. Зусім нельга праехаць. Затор. Траян трохі апусціў бакавое шкло i пачуў мелодыю, знаёмую, як адбітак уласнага твару ў люстэрку. Кларнет выводзіў ноты высока i весела. «Вішнёвы сад”. Адзін ca шлягераў той пары, як яны пазнаёміліся з Марынай. Пазнаёміліся на танцах. На нейкай студэнцкай вечарыне.

Спачатку хадзілі на канцэрты i ў тэатры. У кіно. Потым яна стала прыходзіць на спаборніцтвы. Глядзела толькі чыста джэнтльменскія віды: фехтаванне i конныя скачкі. На спатканнях крыху злавалася: ён трымаў жорсткі рэжым i а дзевятай гадзіне вечара пачынаў пазіраць на гадзіннік. На танцах злаваўся ён: які-небудзь чувак так i лез запрасіць красуню з таліяй Джыны Лалабрыджыды.

Траян зірнуў на кларнетыста: высокі, хударлявы, акуратна апрануты, каля ног кепка з мятымі паперкамі. Да ix не стасавалася слова „купюры”. У абліччы музыкі было нешта знаёмае. Юрась? Ён нейкі час граў ці то ў аркестры Эдзі Рознера, ці то Лундстрэма.

Траян асцярожна пасігналіў i махнуў рукой. Кларнетыст неахвотна падняў кепку, але падышоў.

— Сядай! Хутчэй! — Траян адчыніў дзверцы машыны

— А, мне няма чаго губляць! — Юрась сеў побач з кіроўцам.

— Запрашаю на абед, — нечакана нават для самога сябе вырашыў Траян.

Юрась уважліва паглядзеў на кіроўцу „Волгі”:

— Чэмпіён?

— Экс.

— Усе мы „экс”, — паспакайнеў Юрась.

— Дзе цяпер добра гатуюць? — спытаў Траян.

— У „Максіма”, у Парыжы, — хмура паглядзеў на цацку блазна-весялуна, што павольна пагойдвалася на ветравым шкле, Юрась.

— Далекавата, — усміхнуўся Траян, — i я не ў смокінгу. — Ты што, сапраўды?

— Жалезна.

— Я не п'ю, — пацягнуўся да ручкі дзверцы Юрась.

— Я — таксама. За рулём. Я ж спытаў, дзе добра гатуюць.

— Ты жартаўнік. Знайшоў, у каго спытаць. Я ўвогуле не еў дні са два.

— Маеш рацыю. Тым больш — едзем.

— Куды?

— Было адно месцейка гадоў восем таму.

— Hi што сабе перапынкі ад абеду да абеду.

— А ты як думаў, — спакойна пагадзіўся Траян.

Кавярня ў гатэлі была невялікая — пакой-ліхтар, толькі адна сцяна, з трох бакоў — вокны-эркеры. Сінія аксамітавыя шторы.

Траян паклікаў афіцыянта.

— Піць мы не будзем. Паесці хочам у смак. Як кажуць, як у лепшых дамах Ландона i пасляваеннай Жмерынкі. Баксы пойдуць?

— На „ўра”.

Кларнетыст з задавальненнем выцягнуў ногі ў зношаных красоўках.

— Слухай, чэмпіён, а з якое нагоды дабрачынны баль? Я ўсё прыкідваю, дзеля чаго я спатрэбіўся?

— Зараз растлумачу. І буду гаварыць праўду i нічога, акрамя праўды.