Выбрать главу

Урэшце яны з Нінай сталі суіснаваць, прымірыўшыся з непазбежнасцю прысутнасці адна адной. Калі Дана перайшла ў восьмы клас, Ніна з'ехала ў горад Калінінград, былы Кёнігсберг. Пабрала там, ці на шчасце, ці на няшчасце, шлюб з равеснікам Даны — дагаджала яму, як магла. А Дана з маці ездзілі аднойчы ў той горад да яе ў госці. Як Дана перайшла ў дзесяты клас. Калі Дана стала дарослай, да яе неадноечы прыязджала Ніна з мужам — на правах пяшчотнай выхавацелькі i клапатлівай гаспадыні. Дана зла на яе не трымала, але i злагады таксама не было. Можа, таму, што пасля Ніны з'явілася Зося, вясёлая, гаваркая. Смажыла смачныя катлеты, цыравала ўсё, што было ў хаце, лічыла кожнага паўрублёвіка. I — галоўнае — любіла Дану. Не гаварыла пра тое, але Дана заўсёды гэта адчувала. I дзяўчынай, i дарослай. Спрабавала быць уважлівай, хаця не заўсёды ўдавалася: марнасць марнасцяў, жыццёвая мітусня...

Тым часам дзед з'язджаў — i надоўга — у ix горад. Некага шукаў i не знаходзіў. Некага знаходзіў i, падобна, радасці ад таго вялікай не меў. Маці таксама амаль што не бывала дома. Летам збіраліся пераязджаць. Спачатку ў Баранавічы. Ніна таксама кіравалася з імі.

У Баранавічах яны жылі — ці не месяц — у старшыні калегіі адвакатаў. I ягоная жонка ўсё нагадвала: „Вось забяру Дану, i мы з'едзем да Ракасоўскага”. Дана мела тую пагрозу за сур'ёз i мысліла: Ракасоўскі — няблага, бацькі ў яе усё роўна няма, а той — маршал i з выгляду прыгожы: у кінахроніцы паказвалі. Да таго ж асоба надзвычай папулярная — хто яго не ведаў на тую пару на Беларусі! — чаму б i не. Але ж маці відавочна была ёй больш даспадобы, як гэта гаваркая кабетка. Maцi густоўна апранута, маці — адвакат, а не хатняя гаспадыня, маці ўсе паважаюць, лічаць, што практыкуе яна вельмі ўдала. Да сораму свайго, да высновы, усведамлення, што яна, маці Даны, Вольга Станіславаўна Азарэвіч — для яе адзіная ў свеце, Дана прыйшла пазней.

Ну, але старшынёва жонка да Ракасоўскага не спяшалася, a неўзабаве Азарэвічы з'ехалі на іншую кватэру. З той прыватнай кватэры доўга помнілася акно з выстаўленай шыбай i без фіранак. Там ix абрабавалі. Знеслі ўсё — нават мытую бялізну, i шторы, што чакалі пpaca i былі акуратна складзены на стуле. Засталіся Азарэвічы — як стаялі. Дзякаваць Богу, быў лістапад, i снежны, то ўсе было у зімовых паліто.

Да таго ж яшчэ з Вілейкі маці Даны ездзіла — чамусьці ў Гомель — па багаж. I папрасіла нейкіх сімпатычных самавітых людзей, мужа i жонку, пасцерагчы хвіліну яе валізкі. Калі Вольга Станіславаўна вярнулася, тых дабрадзеяў як чорт накрыў. Разам з куфрам, дзе было багацце Азарэвічаў: Бібліі, кнігі, альбомы ca здымкамі, дакументы ix сям'і, розная драбяза, пра якую гавораць: дарагая, як памяць. Зніклі i дзве валізкі з кнігамі. Усё гэта было цяжэннае — i наўрад ці спатрэбілася тым. А дзед i маці ўчарнелі ад тых страт. Дзед маўчаў, Вольга Станіславаўна ведала сваю правіну — сапраўды, толькі яна магла ў сорак чацвёртым (!) ваенным годзе займець вялікі давер да незнаёмых людзей.

A ў Даны з тых падзей пэўная старожкасць засталася на ўсё жыццё.

I калі ў хаце з вокнаў здымалі фіранкі, парадкуючы хату перад святамі, вокны, як запаляць святло, зеўралі адкрытай цемрай, Дана заўсёды адчувала няўтульнась i трывогу. I прысутнасць злодзеяў у свеце.

Яшчэ горш за злодзеяў помнілася клятая табліца множання. Яе вучылі якраз тады, як жылі на той кватэры. Большага пакарання, як вучыць табліцу, не было. Потым засвоілася неяк сама. Але са школьнай навукі, што давалася лёгка i неўпрыкмет, найвышэйшай пакутай выдавала табліца.

У Баранавічах, здавалася, усё было супраць ix. Нават у дзень нараджэння Даны. Менавіта тады Ніна кляла яе: „Гэта ж не дзеўка, а чорт з макам. Квелая-квелая, а тут зямля гарыць пад нагамі!” Прынамсі, прычына для гневу была: новая блакітная маркізетавая сукенка да прыходу дарослых мала што пераўтварылася ў нешта невыразна шэрае i выразна бруднае, дык шматок ад яе застаўся — навекі — на баранавіцкім плоце. Да прыходу Ніны (яна выкіравалася на кірмаш) Дана, пабіўшыся аб заклад, з гонарам асвойтала вішню i чарэшню i, уздзябурыўшыся на плот, падбіралася да клёна. Пачуўшы лямант Ніны, тарганулася, і... высветлілася, што маркізет не самая трывалая матэрыя. Ну, праўда, заклад у сына гаспадароў i яго сябрукоў — яны перайшлі ажно ў чацвёрты клас — выйграла Дана. Хто гэта выдумаў — што дзяўчаты не ўмеюць лазіць па дрэвах? Хто? У ix дурны футбол i ў вайну яна гуляць, пэўна, не будзе, ажно тут — трымайцеся, жаўнеры! (Хлопцы ўсё меліся падкрэсліць, што яны — будучыя ваяры) У Даны свае меркаванні ёсць — але ўсё тое вялікая таямніца: яна яшчэ стане — не кім-небудзь, капітанам дальняга плавання! У свае сем год — не, ужо восем! — яна не мела ў тым сумніву.