— Ці не сыграеце што-небудзь?
— Рэтра ці сённяшні хіт? I хто i колькі будзе плаціць? — дзелавіта спытаў спадарожнік Траяна.
— Вось — замоўленыя назвы, вось — грошы, — афіцыянт аддаў папяровую сурвэтку i купюры.
Кларнетыст усміхнуўся:
— Які ў мяне сёння дзень! Падазрона шанцуе!
Ён дастаў інструмент з футарала.
І музыка зноў паклікала ў вішнёвы сад, у вясновы дзень. Траян памятаў, што танчыць пад гэтую музыку было не вельмі зручна: складаны, мешаны рытм, фіярытуры кларнета, што былі прызначаны выключна да саліравання, а не для танцавальнага акампанементу. Але музыка молада, звонка выяўляла вельмі канкрэтныя, гарэзлівыя вобразы. Траян не памятаў слоў, ды, папраўдзе, ніколі не ведаў ix, помнілася толькі: вішнёвы сад у вішнёвы дзень. Сад у квецені, але зусім не чэхаўскі вішнёвы сад, з якога кпіў арыстакрат Бунін: дзе вы бачылі, каб у дваранскай сядзібе такі практыцызм! Гэты вішнёвы сад не ведаў элегічнай тугі, смутку, роспачы. Ён лёгка i радасна цвіў, жыў сённяшнім днём, вясновым, сонечным, ясным. Гэты сад жыў імгненнем. I гэтым імгненнем жыў кларнет...
— Цябе падвезці дамоў? — спытаў Траян кларнетыста.
— Ну, калі ўжо дабрачынная акцыя, дык да канда!
На развітанне кларнетыст праспяваў рэчытатывам: — Чао, бамбіно, чао! Дзякуй! I няхай табе прысніцца графіня дэ Монсаро!
Траян прыветна памахаў рукой.
Траян расчыніў дзверы сваёй кватэры. Ён любіў яе, сваю, ix з Марынай, хату. Супакаяльна пасвечвалі карэньчыкі кніг, упэўнена займала сваё месца піяніна, вартавалі прастору шпагі ў похвах, зелянела бярозка ў вялікай кадцы.
Яго ахоўная зона... Не толькі як прастора фізічная... Як месца, дзе ён, Траян, існаваў не толькі ў сваей рэальнай біяграфіі, не толькі ў рэальным часе, a i ў часе прымроеным, у фактах гістарычнай сымболікі: гэтых шпагаў, бронзавых i парцэляновых ваз, скарбоначак, у якіх — срэбныя i залатыя бразготкі Марыны. У фактах і думках, што назбіраліся на кніжных паліцах i пра якія ён не мысліў, аднак адчуваў нейкім падсвядомым, невыслоўленым чуццём.
Траян выняў канверты з грашмі, кінуў у шуфляду, потым з аднаго дастаў некалькі купюр i паклаў у партманэ. Шуфляду зачыніў на ключ i паклаў яго на ўмоўнае месца: каб ведаў сын.
Потым Траян адкаркаваў адну з дзвюх запаветных бутэлек французскага шампанскага — з гадоў жорсткага спартыўнага рэжыму захаваў звычку да лёгкіх напояў, толькі зрэдзьчасу ўжываў каньяк i гарэлку. Потым ён дастаў з пустота халадзільніка кавалак падшэрхлага сыру. Больш у хаце нічога не было, нават хлеба. Аднак Траян не пайшоў у краму. Ён сеў у свой улюбёны фатэль, наліў шампанскага i дробнымі глыткамі адпіваў шыпучую, тонкага смаку вадкасць.
Маленькія радасці звычайнага існавання. Яны выпаўзлі апошнім часам на першы план, ухапілі за горла — ўчэпіста, нахабна. Але тут, у яго цытадэлі, у створаным ix з Марынай фантазіяй свеце, яны былі не ўладныя. Пакуль.
Да адзіноты Траян прызвычаіўся. Ацаніў яе перавагі. Не проста самота — незалежнасць. Свой, адасоблены свет. Не віртуальны, як сёння модна ўяўляць, а пазачасавы, крыху старасвецкі.
Траян паглядзеў на празрыстую вадкасць у празрыстым келіху. Багемскае шкло. Прыгожа. Ён любіў прыгожыя рэчы, прыгожых людзей, прыгожыя мясціны. Прыгожых жанчын...
Траян уважліва паглядзеў на партрэт Марыны. Рабіў яго знакаміты мастак. На тую пару, як яшчэ не быў вядомы. Гэты чалавек ведаў Марыну да таго, як пазнаёміўся з ёю ён, Траян. Мастак угледзеў у Марыны тое, на што ён, муж, раней не зважаў. Знак самоты, тугі. Ці была яна шчаслівая за ім? Ці быў шчаслівы ён? Яна была яму патрэбная... Нават успаміны пра яе неабходныя яму...
Аднак адзінота мела сваю акрасу. Што не мела ніякай акрасы — яго бездапаможнасць перад абставінамі. Як гэта казалі? Чалавек трапіў пад кола гісторыі. Калі такое чытаеш, уяўляецца нішчымны чалавек — з ім інакш i не можа адбывацца. Калі адчуеш на сваім карку, як тое кола пачынае прыціскаць i пляжыць, дык будзеш крычаць пра несправядлівасць i здзек. Хоць крык той i пусты — ніхто не пачуе, ніхто не хоча чуць. Адным яшчэ горш, другім — як выжыць, трэція грабуць пад сябе ўсё, i ты для ix — адыходзячая натура, чалавек мінулага, стары Палкан, перашкода i недарэчнасць. Праўда, ёсць i такія, што гаспадарліва скарыстаюць усё: яго галечу таксама.
Можа, рушыць у вёску? Каму ён там патрэбны — карэнны гараджанін? Чым зоймецца? Земляробствам i жывёлагадоўляй, у якіх ён суцэльны прафан? Ды i там свае кланы, свае групоўкі, свой інтарэс...
... Пустата часу, што яшчэ наканаваны яму, насоўвалася на Траяна. Аднак смак шампані ён адчуваў востра i з прыемнасцю. Як i сваё здаровае, хударлявае, трэніраванае цела. Смак шампані... Маленькія радасці... А яшчэ — „по прихоти своей скитаться здесь и там, дивясь божественным природы красотам, и пред созданьями искусств и вдохновенья, трепеща радостно в восторгах умиленья...” Здаецца, так. Для Траяна недасяжныя прыхамаці. Расчараваным дэндзі былых часоў лёс падкідваў спадчыну... Хоць не ўсім... Аўтару гэтых радкоў не пашэнціла.