Выбрать главу

Ён, Траян, не геній. Колькі яшчэ камінкоў закажуць экс-чэмпіёну? Дзякуй Хведару, былому суперніку, знайшоў, навучыў. Не, свет не толькі паскудны. На белым свеце жывуць не адно яго былыя вучні i падначаленыя, не толькі яго былыя начальнікі, што сёння ўжо робяць выгляд: не ведаю, не чую, упрыцён не бачу.

Траян выняў з кішэні пашпарт. Зірнуў. Нарадзіўся... ў лета Божае... Дата маласуцяшальная. На працу яго не возьмуць. Толькі шабашка. Траян дастаў кветкі. Калі разлічыцна за ўсе паслугі, набыць самае неабходнае, на нейкі час грошай хопіць. Ну, a дзяржаўная міласціна — хіба на хлеб з вадою. Але ж ён не айцец-пустэльнік. Неяк па тэлебачанні выступала расейская дзяячка, выратавальніца з вузкімі вочкамі i фрызурай, што голае калена, дык яна запалярным людзям раіла збіраць грыбы i ягады. Праўда, ён не ў Расіі i не за Палярным кругам...

Можа, паспрабаваць жыць імгненнем? Сённяшнім днём? Сённяшнім днём Траян быў задаволены. Пакараў несправядлівасць, атрымаў заробленае, дапамог адрынутаму. Аднак ён цвёрда ведаў, што наступным разам яму “ўкінуць” як мае быць, папаўзе, калі застанецца жывы, на лапах. Заробкі гэтыя часовыя. Граць на кларнеце ці гармоніку ён не ўмее. Ды i ці пададуць? Ён умеў рабіць... Любіў сваю працу... Знаходзіў, вынаходзіў, уводзіў, як кажуць, у эксплуатацыю. Ён умее класці коміны, рабіць рубанкам... Страляць з пісталета, ружжа, аўтамата. Ды i шпагі не выракся. Дзе-небудзь у часы Генрыхаў-Людовікаў быў бы не апошні шэвалье. Ды i на сваёй зямлі шпага i шабля цаніліся ў сваю пару. Ды i ў сваім цэху (эксперыментальным, як любілі ўсе падкрэсліваць) быў не лішні... Але ж эксперыментальны цэх застаўся сам па сабе, а ён сам па сабе. Кінуцца куды ў інстытут? Там свайго старэчага халусця хапае.

Зазваніў тэлефон. Траян не варухнуўся. Толькі глытнуў з келіха, зноў з асалодай разглядаючы ўзор багемскага шкла. Потым падышоў да паліцы ў суседнім пакоі, узяў наўздагад пласцінку. Магнітафонныя касэты, дыскі Траян не чапаў, бярог для сына. Пласцінка плаўна апусцілася. Шапэн... Вальс... до дыез мінор, твор 64, № 2. Яшчэ вальс... Mi мінор... Гукі, ад якіх знаёмыя рэчы набывалі іншы сэнс. Нешта адчайна разбуралася, але з гэтага ўзнікалі гарманічныя бліскавіцы, усё было поўнае судачыненнямі i адпаведнасцямі музыкі са знешнім, акаляючым светам. Траян доўга сядзеў у крэсле i слухаў, а потым, не запальваючы святла, у прыцемках кінуў падушку i коўдру на канапу i моцна заснуў.

Раніцай прачнуўся, калі было ўжо светла, i ад таго, што гадзіннік паказваў пачатак восьмай гадзіны, i ад таго, што выпаў снег. Траян не мог бы растлумачыць, як тое адбылося, але адчуваў — на вуліцы светла, чыста, бела ад снегу.

Ён выпіў моцнай кавы з рэштай сыру. Узяў пісталет — імянны. Зірнуў на вуліцу — машына стаяла на месцы.

Снег падаў, падтаваў i замярзаў зноў. Галалёдзіца, але Траян не надта турбаваўся, ён нядаўна намяняў шыны, i таму „Волга” кацілася нібыта па чыстым асфальце.

Так бы ехаць, ехаць — i ператварыцца ў касмічны пыл, пераскочыць мяжу быцця i небыцця. Быў чалавек — i няма. Растаў. Распаўся на бясконца малыя i бясконца нейтральныя часцінкі. Знік — i ўсё. Hi хаўтурных маршаў, ні ўсхліпаў жанчын — хто-небудзь знойдзецца слязу пусціць. Ні выдаткаў на... як гэта ўрачыста завецца? — о, рытуальныя паслугі. Слова „рытуальныя” прысутнічала тут дарэчы.

Траян накіраваўся на Брэсцкую шашу: на кальцавой там такія круцялі, што з якога маста машыну можа знесці быццам трэску Потым даішнікі i следчыя тое, што застанецца ад экс-чэмпіёна Траяна i яго аўто, назавуць фрагментамі машыны i цела. Вясёленькая назва -— фрагменты!

Траян націснуў на старцёр. Зараз ён выскачыць на „алімпійскую трасу”.

У Траяна не было жадання перагортваць у думках старонкі свайго жыцця. Было толькі адчуванне паслухмянасці руля, машыны i спакойнай упэўненасці трэніраванага моцнага цела. Вось за гэтым паваротам будзе зручная развязка дарогі, высокі мост, адпаведны рэльеф. Траян адчуваў, як неўзабаве выпадзе з часу яго зямная абалонка. А душа недзе выправіцца на вечнае блуканне, не сустрэўшыся з Марынінай... Бо яе паклікалі з Вышэйшых Сфер, а ён збіраецца ў пазасветнае вандраванне самахоць...

Траян націснуў на старцёр. Сто дзесяць, сто дваццаць, сто пяцьдзесят... Што гэта? Нешта ці нехта на шашы? Траян інстынктыўна збочыў направа i стаў скідаць хуткасць. Урэшце машыну вынесла на ўзбочыну, Траян рэзка тармазнуў. На шашы па курсу аўто стаяла дзяўчына. Траян адчыніў дзверцы, каб аблаяць вар’ятку, але яна тут жа ўскочыла на сядзенне побач з ім.