Дзеўка — па-дзіцячы даўгалыгая i нязграбная, з пасмамі даўно не мытых валасоў, у скураной куртцы i нейкім скураным шматку, што меўся, мабыць, выконваць ролю спадніцы.
— Ну, што, куды паедзем? — качнуўшы сваімі патламі колеру хмары, спытала дзяўчо.
— Мне здаецца, каб цябе добра адлупцаваць, далека ехаць не трэба.
— Ну, чаго так? — яго неспадзяваная спадарожніца паспрабавала пакласці галаву на Траянава плячо.
Траян зірнуў на яе: нават „баявая расфарбоўка” не магла дадаць ёй гадоў. Пятнадцать — шаснаццаць — не болей.
— Ты чаму не ў школе?
— Я з пэтэвэ.
— Тым больш.
— Не цікава, — дзяўчына паспрабавала зрабіць наступны манеўр, як ёй здавалася, неадбойны. Яна дастала цыгарэту i закінула нагу за нагу.
Траян злаваўся. Спакушальніца з дзіцячага садка. Хаця цяпер, здаецца, гэта модна...
— Ты, дзеўка, хаця трохі падрасла б.
— Я i так ужо старая. Семнаццаць год.
— Пенсійны ўзрост, — Траян скінуў яе руку са свайго пляча.
— Нармалёвы, — пераконана абвясціла нечаканая спадарожніца.
Траян глядзеў на дарогу: ну, вось, пан Лёс i пані Удача не маглі ўжо лепшую партнёрку яму падшукаць для трагіфарсу. Дурата!
— Значыць, дзяўчынка, адзінае, на што ты можаш спадзявацца, я цябе давязу да прыпынку гарадскога транспарту.
— Які ты злосны, хлопец.
— Ведаеш, я не буду аспрэчваць відавочнае...
— Не ўрубаюся, нешта цёмна гаворыш...
— Я, безумоўна, не хлопец, але маралі чытаць табе не буду...
Дзяўчына хуценька ўставіла:
— Вось i выдатна, а што не шчанюк — дык больш надзейна.
— Ты дарэмна час губляеш. Грошай у мяне няма.
Спадарожніца недаверліва зірнула на Траяна:
— Брэшаш.
— Пакінем на сумленні бацькоў тваю невыхаванасць, — пачаў цырымонна Траян.
Дзеўка прысвіснула:
— Яны не ведаюць, што гэта такое.
— I ты таксама, — стомлена адказаў Траян. Ён адчуваў, як халодная, зорная, празрыстая, як багемскае шкло ягоных келіхаў, вечнасць сплывала ў недарэчных словах выпадковай сустрэчнай. Замест свету вечных каштоўнасцяў i найважнейшых сутнасцяў ён бабахнуўся ў дурное здарэнне, з якога трэба было як мага хутчэй вызваліцца.
— Паслухай, — спакушальніца паспрабавала зыркнуць на яго намаляваным вокам, — я дорага не вазьму.
— Дзяўчынка, я не люблю нічога таннага. А купляць... Траян шукаў слова...
— Каханне? — борздзенька падскочыла дзяўчынка.
— Якое тут каханне...— Траян зморшчыўся.
— Так усе гавораць, — пераконана вымавіла пэтэвушніца.
— Не ўсе, — з прыкрасцю адсунуўся ад назолы Траян. — Ты дзе жывеш?
— На Захадзе. I бацькоў цэлы тыдзень не будзе.
Траян моўчкі разварочваўся на аб'езд. Дзеўка несла нейкую лухту. Ён моўчкі круціў руль.
— Можна я ўключу радыё? — дайшло да яго свядомасці пытанне неспадзяванай спадарожніцы.
— Не.
— Чаму? — зноў паспрабавала какетаваць дзяўчына.
— Таму што я не хачу, — хмура адказаў Траян. Паскудніца! Гэтая дзявуля перакрыжавала ўсе яго планы. Няўжо ў тых Высокіх Сферах не маглі яму падкінуць для такой ролі кагосьці больш цікавага? А можа, гэта класічны варыянт — танная прыдарожная дзеўка? Ты раздумаўся пра вечнасць — на табе, лясніся тварам вобзем або i больш просценька фэйсам аб тэйбл, як галёкалі сынавы сябры.
— А чаму ты не спытаеш, як я апынулася адна сярод поля?
— Мне гэта нецікава.
— Няўжо вам усёроўна — жывая я буду це?
— Даражэнькая, ты памыляешся, я зусім не з таварыства па выратаванні малых распусніц.
— Ну-у-у, — цягнула дзяўчына.
— Ты мне перабіла важную справу. Экзістэнцыяльна важную.
— Што-о-о? — вырачыла вочы спадарожніца.
Траян не адказаў. Ён думаў пра тое, што калі б замест малой распусніцы з’явілася чароўная дама, ён не ацаніў бы момант. Ён ніколі не ўмеў i не спрабаваў жыць імгненнем. Свята імгнення, ніяк не датычнае да астатніх звёнаў жыцця, не хвалявала яго. Ён мог шанаваць імгненне, калі яно мела прэлюдыю i было разлічана на працяг.
Дзяўчо тымчасам разглядала сябе ў люстэрка.
— Слухай, чмур, я ж клёвая дзеўка, а ты надзьмуўся, як індык.
— Не ацаніў. Ты не разлічыла. — Траян не слухаў яе. Прыкідваў, дзе яму прыпыніць машыну, каб гэтай аматарцы любоўных прыгод было не вельмі далёка тэпаць да прьшынку гарадскога аўтобуса, а яму — мець магчымасць збочыць з галоўнай магістралі.
— Прыехалі, — Траян адчыніў дзверцы. — Некалькі метраў — i ты каля прыпынку.
— Жартуеш, — адкінулася на спінку сядзення дзеўка.
— Не жартую. У мяне i без цябе клопату хапае. Ты вось гэта бачыла? — Траян паказаў ёй пісталет.