Выбрать главу

— Разумею,— перапапохана прамовіла дзеўка i выляцела з машыны.

Траян паехаў далей.

Каля рэдкага сасонніка Траян прыпыніўся, дастаў з багажніка бляшанку з цвікамі, прымайстраваў мішэнь да ствала хвоі, дастаў пісталет i не спяшаючыся разрадзіў абойму.

На бляшанцы застаўся толькі адзін след. Усе — „ў яблычка” Задаволены, ён сеў у машыну i ўзяў кірунак да горада.

Пайшоў густы снег.

Вечнасць відавочна пасміхалася з яго, шпурляючы ў ветравое шкло снежныя камякі...

Часоп. «Крыніца”, 1999, 7 — 8(54). У перакл. на рас. мову: часоп. «Нёман”, 2001, № 3.

ОКЭЙ!

Маналог дзейнай асобы кірмашовага часу

Я адчыню дзверы ў дваццаць першае стагоддзе. У Трэцяе тысячагоддзе. Пхну гэтыя дзверы левым чаравікам. У фірмовым абутку. Сорак чацвертага памеру. Зусім нармалёвы памер для майго росту: метр восемдзесят сем. Увогуле — фактура зусім не зганьбіла б вокладку „Плэйбоя” ці яшчэ якога прыстойнага альбо не вельмі выдання. Круты хлопец. Супермэн. I галава — не качан капусты. У школе я, праўда, з траякоў не вылазіў, паступаў, абляпіўшыся рэпетытарамі. Юрфак неяк прамахнуў — але: на халеру мне тая юрыспрудэнцыя! На нашай глебе што Шэрлак Холмс, што Эркюль Пуаро даўно шызануліся б! Не кажучы пра Плеваку ді Коні.

Я не быў дурнем, адразу скеміў, што да чаго. Пракруціў некалькі аперацыяў, што той Напалеон. Сёння — кум каралю. Рахунак за мяжой, у надзейнай краіне. Тут — кручуся, як падпалены. Затое Парыж варты імшы. У прамым i пераносным сэнсе. Дваццаць шэсць гадоў. Малады, перспектыўны, энергічны. Ёсць — галоўнае. Ёсць — грошы. Усё — о’кэй! Каго хочаш пераплюну, каго заўгодна — падстаўлю. Я не Дон Кіхот, гэты сімпатычны ідальга хай сабе натхняе дзівакоў, калi яны засталіся. Або — фарысеяў, якія ствараюць сабе надзейна-рамантычны імідж. Мне ўсёроўна.

Між іншым, я мяняю свой цёмны пад’езд i ўтульную бабчыну трохпакаёўку ў „спальным раёне”, што сёння паспяхова ператвараецца ў „гарлем для белых” (хаця наконт колеру скуры — магчымы варыянты). Дык вось — перамяшчаюся ў хату, дзе код параднага будзе надзейна закадзіраваны, лесвіца надзейна мытая, а праз сценку я не пачую, як чвякае мой сусед.

Чакаю трагароў. Павінны прыехаць праз дзве гадзіны, грузіць мае прычындалы. Але сантыменты, як казалі ў старасвеччыне, не мая стыхія. I не маёй бабкі. Супербабкі, скажу вам. Каб сёння ды яе маладыя гады — ціп-топ мадэлька. Аднак — трымаецца i так. Касметыку чалавечых сувязяў разумее, як найлепшы іміджмейкер. Мой ангельскі — ад яе. Маці падупала пасля ад’езду бацькі. Той заўсёды любіў фасады, вокладкі, адным словам, абгортку рэчаў, ix вонкавы „прыкід”. Сэнс, змест яго не цікавілі. Мая маці таксама, мабыць, прывабіла гэтым. Бабка шастала па замежжы, прывозіла такое-сякое шмаццё, мая маман у сваім імпартовым візажы сярод саўковых элегантак а ля кутюр'е з індпашыву выглядала, зоркай з невядомай зоркі. I хаця бабка набывала транты не ў Дзіора i не ў мадам Шанэль, a ў лаўках „ТАЦІ” i „ТЭКСІ” ды ў розных „Сэкенд хэндах”, дачка яе мела добрую фору перад калежанкамі. Бацька гэта прыкмеціў. Як пазней не пакінуў без увагі беларусачку з-за акіяна, зусім не беспасажніцу, што бавіла час на радзіме сваіх продкаў.

Маці тымчасам выводзіла ў людзі маладых мастакоў і захлыналася нацыянальнымі ідэямі, гарэла на мітынгах, канферэнцыях, розных форумах. Я, зразумела, быў заняты сабой i не заўважыў: ці то матчынай знешнасці не пайшла на карысць творчая i грамадская дзейнасць, ці то панна з-за акіяна мела каларытны настрой i прывабны выгляд незалежна ад грамадскага i палітычнага надвор’я, але - бацька паставіў усіх перад фактам. Якраз на той момант, калі матчыны апекаванцы ўжо не мелі патрэбы ў яе абароне, і замежныя выставы ладзілі, i славу сваю кавалі, i грашмі шамацелі: пахіхікваючы над матчыным альтруістычным наівам. Яе пуцяводныя палітычныя зоркі таксама пачалі мяняць свае арбіты, а на працы прапанавалі змену дэкарацый. Маці разгубілася.

Пры гэтым раскладзе выйграў я. Бабка праз нейкі час зразумела, што дачка наўрад ці скарыстае сваю волю з якой выгадай для сябе i з’ехала на яе жылплошчу.

Я трымаю нейтралітэт. У сямейных трохкутніках, квінтэтах, актаэдрах, розных іншых геаметрычных варыянтах, якія вымалёўвае пан Гіменэй, пазіцыя выгадная. Маці мяне шкадуе, бабка спрыяе, бацька падчас візытаў на радзіму прывозіць канверты з хрумсткімі паперкамі, a ix ніколі зашмат не бывае. І імне фінансава-кананізаваныя амерыканскія хлопцы вельмі падабаюцца. I супраць „еўрыкаў” я нічога не маю. Адно слова — ў мяне ўсё о’кэй!

Пачынаюць, праўда, цікавіцца маім прасперыты мясцовыя амбалы, але я ca сваімі былымі i сённяшнімі хаўруснікамі зладаваў звяз: ну, не тое каб адзін за ўсіх, усе за аднаго. Хутчэй: рука руку мые, калі ён будзе жывы, буду жыць i я. Ну, зразумела, каратэ, дзю-до... Чорны пас мне не патрэбны, аднак паказытаць пятою якое падбароддзе магу. I пісталет маю.