Не вытыркаюся. Сяброў не заводжу. Блізкіх, у кожным выпадку. Машыну прыдбаў, іншамарку, сціплы „опель”. Ёсць колы i вочы не коле. Вось за мяжой... Там можна i хвост распусціць, калі братоў з СНД паблізу няма або якіх старых ці новых рускіх. Прыстойны гатэль, рэстаран — з мясцовай акрасай...
Дарэчы, бабчыну хату добра ўмацаваў — магу аблогу трымаць. На новым месцы давядзецца пачынаць спачатку. А бабчын дом — о! — гэта гібрыд калоніі строгага рэжыму, таннага прыгону i прытулку для састарэлых. Як толькі грымнула прыватызацыя, тут пачаўся такі pyx! Хадзіў міліцыянт з пастарунка, дык кажа: у бабчыным доме крадзяжоў больш, як ва ўсім раёне. Працуе наводка!
На маім паверсе двое дзецюкоў — некалі матку забіў яе хахаль. Бацька атабарыўся ў суседнім пад’ездзе, прыжаніўся, п’янтос: адна звіліна ў галаве, i тая выпрасталася без запатрабавання. Сынкі ягоныя — адзін, здаецца, мой адналетак, яму дваццаць шэсць, другі гады на два старэйшы — час ад часу ідуць на скарбовы, дзяржаўны харч. Адзін адседзеў два гады, потым у скарбовы дом рушыў другі.
Абодва браты разам з суседскім хлопцам Воўкам, што з кватэры літаральна насупраць нашых дзвярэй, гадаваліся ў інтэрнаце. Матка братоў была яшчэ жывая i здаровая, Воўкава матка Бэлка — здаравей не бывае. Выправіўшы дзетак у інтэрнат, яны не сумавалі. Гульбішчы былі чуваць на ўвесь мікрараён, кавалеры хадзілі гуртам, а любошчы заканчваліся звернутымі сківіцамі i лямантам.
Да пэўнай пары Бэлка сварылася са сваей маці, гвалт усчынаўся з самай раніцы. Потым дачка, пакінуўшы сына ад першага шлюбу з маці, з’ехала шукаць шчасця ў Якуцію. Вярнулася адтуль з новым мужам i малым Воўкам. Той не паспеў вырасці — ажаніўся, ледзь не ў дзевятым класе, i яны з жонкай i сваім гадаванцам, як толькі той устаў на ногі, сядзелі дзень пры дні ў калідоры каля сваіх i, зразумела, нашых дзвярэй, на скрыні для бульбы (падобна, заўсёды пустой), i лузгалі семкі. Раз-пораз яны ўчынялі тут мікрараённыя „асамблеі”, на якія сыходзіліся дарослыя бэйбусы — смецце пасля ix трэба было ці не цэлы дзень выграбаць.
Тут мне таксама пашанцавала: да таго часу, як сюды пераехаў, Бэлка выправілася з усімі нашчадкамі на зямлю абетаваную. Неяк, едучы ў ліфце, пачуў, як дзве жачыны, з тых, для каго чужыя справы — крэўны, найвялікшы інтэрас, гаманілі паміж сабой: Воўкава маці вылячылася паблізу Аравійскай пустыні ад астмы, затое выхоўвае разам з сынам унука: нявестка адчула там смак волі, спазнала, што рэальныя прасцягі свету куды як больш прывабныя, чымся на сумных мапах у ненавісным інтэрнаце, a галоўнае, населеныя мноствам мужчын, што маюць хэнцю і, што важна, магчымасць, забяспечыць яе жыццёвыя прэтэнзіі на гістарычным прасцягу даўжынёю ў адну ноч. З гісторыяй у нявесткі былі яшчэ больш складаныя адносіны, як з геаграфіяй, усе гістарычныя катэгорыі знікалі ў яе ў імгненнях быцця.
Тым часам трэцяя хаўрусніца Бэлкі, пасля смерці адной i ад’езду другой квітнела i набывала вагу ў прамым i пераносным сэнсе. Да пад’езда яна пад’язджае не інакш, як на „мерсэдэсе” або „ферары” i калі ёй на вочы трапляецца былая настаўніца яе родненькіх сыночкаў-двоечнікаў, што, падросшы, выявілі немалыя камерцыйныя здольнасці (даляры — марачкі, купіць — прадаць), Антаніда паглядае на яе, гружаную цяжкімі ванзэлкамі, апранутую ў нейкую старызну, як заслужаная капланка Венеры на дурноту аскетызму i інтэлекту. Пра Венеру i інтэлект Антаніда, вядома, уяўлення не мае, роўна як i пра аскетызм, аднак думка яе кіруецца наступным чынам: «Была ты, разумніца, дурніцай, дурніцай i сканаеш!”
Як сканаў, дарэчы, адзін дзівак — бачыў яго заўсёды здалёк: пацёрханая куртачка, старыя джынсы. Аднак пасля яго смерці высветлілася, што ў суседнім пад’ездзе месціўся ледзь не геній — хату яго апанавалі тутэйшыя i замежныя пісакі, бегалі, пыталіся, хто што ведаў пра таго мужыка. A пахавалі яго за кошт царквы. Усе свае карціны ён таксама адпісаў царкве, праўда, там не ведалі, што з імі рабіць: абразы i створанае на біблейскія тэмы забралі, а з астатняга нехта зладаваў выставу — вось тут i пачалося! I грошы, i слава... А кажуць, пры жыцці не меў часам i на хлеб. Шкада, я не ведаў. Можа, i набыў бы што — задарма па сутнасці. Я было ледзь не прыдбаў аўтапартрэт нябожчыка — знайшлі ў хаце яшчэ аднаго небаракі, што з’ехаў на хлябы да сястры. Усё хадзіў — збіраў недакуркі. Дык вось — я ўхапіў быў той партрэт. Ажно прыгледзеўся да твару мастака — не, глядзець яму ў вочы: звар'яцееш. А я прагну жыцця дзейснага, але спакойнага. Па поўнай праграме. На халеру мне гэты жывы дакор? Я вазьму ўсё пры жыцці i пакутаваць не буду! Не хачу! У мяне ж усё наперадзе!