Выбрать главу

Аднак што мае згрызоты! У вялікай роспачы была цётачка-суседка. Пра яе суседкі-ўсяведкі гаманілі: мела хобі, усё выходзіла замуж, разоў пяць ці сем. Кожным разам — у белай сукні, з флёр-д'аранжам. Дык вось яна ледзь не рвала на сабе валасы: такі жаніх быў! A меў жа да яе ўвагу! Роспач яе крыху збіў шлюб-рэванш яе дачкі — пайшла ў замужжа ў замежжа!

А вось я пакуль не вырашыў для сябе канчаткова — застацца тут ці падацца ў Новы ці Стары, як цяпер кажуць, цывілізаваны Свет. На сваёй глебе ты — гаспадар. Аднак трэба гэты цалік i ўзараць, i ўлагодзіць, i дагледзець. A калі яшчэ той ураджай! Там — гатовая ралля. Затое трэба заняць месца на ёй, прэтэндэнтаў хапае. Хіба паўтарыць шлях бацькі i той суседчынай дачкі: знайсці бяскроўную ахвяру сваіх памкненняў. Прыкольны шлюб! Знайшлася б i для мяне якая амерыканачка.

У мяне ўсё распланавана i прадугледжана. Не люблю стыхію. Вырашыў вось зладаваць сабе рэлаксэйшн, не якое-небудзь рэкламнае фу-фу: Кіпр або Турцыя. Паехаў у краіны Скандынавіі, Гішпанію i наастатак — у Дойчланд. Дык у тым Дойчландзе мяне так прыхапіла: якое там вандраванне па Гарцы, замест зімовай ці восеньскай казкі: пярун, паводка i гэтак далей. Ледзь ca сваёй Шэнгенскай візай выкіраваўся ў хрэстаматыйна-лагодную Бэль Франс. Парыж як Парыж, Лyapa як Луара, аблазіў усе д’Амбруазы, Во-ле-Віконты, быў i ў Камп’енскім палацы, i ў знакамітым парку Шанційі... Дэгуставаў шаблі, лафіты, совэтэры, монсэгуры... Спрабаваў вустрыц... Шкадаваў, што ў маёй Шэнгенскай візе пазначана: без права набыцця нерухомай маёмасці. Набыў бы шале. Менавіта шале: добрую хату на пленэры, а не шато — палац. Безумоўна, прыемна, калі табе ў талерку зазірае чарада стагоддзяў, аднак клопату не абярэшся. Вунь нават Жан Марэ ў сваю пару загнаў свой замак...

Ну, а пакуль што я тут. У сваёй краіне. Пераязджаю ў цэнтр. У прэстыжны раён. Кватэра — не горш, як у Сэн-Жэрмэн або на Манхэттане. Ну, амаль што... Гуд бай, гарлем! Гуд бай, настаўнічкі! Гуд бай, нішчымная галястра! Гуд бай, крымінальнікі-суседзі! Гуд бай! Я шыбую ў трэцяе тысячагоддзе!

Вунь i трагары пад'язджаюць! Бягу!

О'кэй!

Часоп. „Дзеяслоў”, 2005, № 1 (14).

ПАЎНОЧНЫ ВЕЦЕР АКВІЛОН

Тамары Кур’яновіч

„...мой арэол ад нечаканага руху саслізнуў з галавы ў бруд вуліцы...”

Арэолу, як у таго паэта, ні ў простым, ні ў пераносным сэнсе ў яго, вядома, не было. Аднак Андрэй Валянтовіч відавочна губляў крылы ўдачы, звычны палётны настрой, пераможны шарм. Нават надвор'е сапсавалася — дзьмуў моцны паўночны вецер. З прыгожа-гучнай назвай — аквілон. У рымлян, здаецца, i бог быў з тым імем. То цяпер ён аказвае Валянтовічу сваю ласку ці сваё абурэнне? Норд, сiвер...

... Няшчасны выпадак на будоўлі. Здаецца, абышлося. Мантажнік жывы i нават сур'ёзных траўмаў няма. Але ж — тэхніка бяспекі... Куды глядзіць малады спецыяліст? Гэта ён, Андрэй Валянтовіч...

А яшчэ фінансавы інквізытар... На табе — чыннік лёсаў! „Я вас упершыню бачу, а вы раптам збіраецеся ў камандыроўку ехаць”. Сядзіць там, у сваім прапылена-пракураным пакоі — i правіць баль!

— Чаму камандыроўку вам выпісалі ў міністэрстве, а плаціць мушу я? Маю на ўвазе - трэст.

— Чаму яшчэ i два тыдні адпачынку?

— Чаму ўсе выехалi раней, а вы наўздагон?

Распавядаць пра мантажніка, што зляцеў з рыштаванняў, Андрэй не збіраўся. Увогуле — ёсць службовыя паперы, паводле ўсіх канцэлярскіх канонаў, а бухгалтарская справа — правесці па сваіх рэестрах i выдаць яму грошы.

Бухгалтар доўга i нудотна нешта дудзеў, перакідваў незадаволена паперы, урэшце безапеляцыйна абвясціў:

— Грошы на адпачынак атрымаеце пазней, трэба было прыходзіць загадзя. На камандыроўку дам аванс.

Авансу таго ён таксама даў — што кот наплакаў. Але грошы ў Андрэя былі. Не было білетаў на самалёт. Лета, адпачынкі... Зноў нескладуха...

Увогуле ж Андрэй Валянтовіч, як пазначылі б псіхолагі-сацыёлагі, быў нарматыўна арыентаваны на ўдачу. Паводле асабістых абставін — звыклы аб’ект альтруістычнага клопату, вырас у шчаслівай сям’і. Паводле біяграфічна-падзейных стасункаў — ўсё ў пару, усё, як мае быць. Паводле сацыяльных перспектыў — меліся ўсе падставы для самарэалізадыі. Паводле ўзросту — ўсё наперадзе. 25 год. У жыцці прыватным вызначыў матрыманіяльны прыцэл — збіраўся паўтарыць бацькоў: традыцыйна i строга. Класічная праблема пакаленняў яго не закранала. Ён быў упэўнены: кожнае наступнае „стаіць на плячах” папярэдняга.