Выбрать главу

Пакуль што нават аднамомантавыя, дыскрэтныя непрыемныя здарэнні абыходзілі яго. Андрэю Валянтовічу шанцавала на выпадкі спрыяльныя.

Вось i цяпер — падарожжа, што выйгрыш у латарэі. „Куставыя” сустрэчы будтрэстаў: валейбол, настольны тэнніс, баскетбол, шахматы. Беларусь, Латвія, Летува (як кажуць тутэйшыя хлопцы), Эстонія, Украіна. Ён ездзіў усе гады сваёй працы. Перад тым — у Рыгу, Таллінн, цяпер, трэцім разам — у Кіеў. Сябры загадзя прапанавалі пасля спаборніцтваў шпацыр у Карпаты: дзеля таго Андрэй i браў два тыдні яшчэ не выкарыстанага адпачынку.

І раптам — адно фіяска за другім. ...Андрэй глядзеў праз суцэльнае шкло аэравакзала. «Абвяшчаецца пасадка на рэйс...” „Прыбыў самалёт рэйсам...” — Вітанне, чувак! — ляпнуў нехта Андрэя па плячах. Андрэй азірнуўся: — Сам Хведар Дубны! Наша — вам!

— Куды? Ці адкуль?

— Падобна — нікуды...

— У курортнікаў праблемы? — весела спытаў Федзя. У яго праблем ніколі не было, ён не любіў ix.

— Горш — камандыроўка...

— Ну, тады ўвогуле ніякіх пытанняў. Канцавы пункт?

— Кіеў...

— Нон праблем. Хіба мы не за адной партай сядзелі?

Федзя ўхапіў камандыроўку, пашпарт, грошы. A хвілін праз дваццаць ужо размахваў двума білетамі. Высвятліўшы абставіны, ён памяркоўна вызначыў:

— Кіеў мне падыдзе. A можа, i да Львіва з табой даківаюся. Арыведэрчы! Сустрэнемся ў паветры!

Андрэй, хаваючы білеты, падумаў, што пані Удача не назусім пакінула яго. А той самы Аквілон ці не свайго Меркурыя прыслаў? Хаця Хведаравы накірунак — хутчэй зюйд-весты, лёгкія брызы, нешта павеўна-адпачынкавае...

... У самалёце Федзя кінуў Андрэю некалькі дзяжурных пытанняў i заснуў, што немаўля ў калысцы. У Кіеве, пакуль Андрэй атрымліваў багаж, ён раптоўна знік i з’явіўся ўжо не ў свэдэры, a ў блакітнай тэнісцы, гулліва напружваючы плечавыя i перадплечавыя мышцы. Федзя крочыў на залі, як пераможца — сённяшні i будучы. Як улюбёнец лёсу. Невысокі, тонкай косці, але добра выспартаваны, з накачанымі мускуламі плячэй i рук — ён займаўся гімнастыкай. Яму падабаўся гэты від спорту. I падабаліся прадстаўніцы той палавіны чалавецтва, якую прынята называць чароўнай. I ён быў даспадобы тым самым прадстаўніцам. У школе, у інстытуце, на працы. У кампаніях, дзе ён з’яўляўся. Ну, i зразумела, у адпачынку. Тут ужо была яго прастора. Яго жыццёвы картбланш.

Андрэй усміхнуўся:

— I дуды вобземлю? — Пачынаю кадрыць мясцовы кантынгент. Запрашаю ў кампанію.

— Не, ты саліст. А я ж у камандзе... — А... — пачаў было Федзя, але яго ўвагу спыніла яркая бландзідка-што з этыкеткі алею для загару.

Федзя губляць часу не стаў. Назаўтра абвясціў, што выпраўляецца курсам на Еўпаторыю — трэба выручаць дам. Неабходная мужчынская дапамога.

— Якая? — пацікавіўся Андрэй.

— Ну, валізкі, ванзэлкі... Да таго ж цінэйджэркі мяне ўжо не цікавяць — я не падлетак, i яшчэ не захапляюць — сур'ёзных намераў я не маю. Затое маю вялікі інтэрас да асоб узросту элеганцыі, як кажуць гжэчныя поляцы.

— Хоць не рыбна, затое юшна?

— А то!

— Сем футаў пад кілем!

— Шчаслівага ўзыходу на Гавэрлу!

Гэта ўваходзіла ў планы Андрэя. Не альпінізм, а нармалёвы турысцкі захад.

У Кіеве на турыстычныя фантазіі часу было мала. Выйшлі на Крашчацік, пабачылі на свае вочы знакамітую Сафійку i тую бажніцу, пра якую мясцовыя даведнікі пісалі: „перлина бароко — Андріівська церква”. Ад яе выкіраваліся на Андрэеўскі — Булгакаўскі — спуск. Паглядзелі на Кіеў з чатырнаццатага паверху свайго гатэлю: надарылася магчымасць, даплацілі са сваіх кішэняў i цяпер з адчуваннем самапавагі паказвалі свае візыткі швейцару.

Затое ў Львове чацвёрка, што рушыла ў Карпаты, адчула сябе на хвалі адпачынку. Адзначыліся ў Стрыйскім парку: спазналі непадробную, яркую, церпкую адметнасць Галічыны, аўстрыйскую дыстынктоўнасць i акуратнасць, польскую зухаватасць i вытанчанасць. Уражанні наведвальнікаў ў сваю пару відавочна арганізоўвалі, задума дзейнічала i цяпер: на ix пачуцці i ўяўленні свядома ўплывалі i ў нібыта нязмушаным харастве адчувалася ўладная рэжысёрская рука. Толькі вавёркі, што набліжаліся да хлопцаў, каб узяць з рук гарэхі, пра тое не ведалі — яны гарэзавалі тут, мабыць, не першым пакаленнем, i ix увішныя, зграбныя постаці стракацелі ў зеляніне дрэў.

На тых вулачках, на якіх турысты выправіліся папахадзіць, таксама адчуваўся ўплыў — гістарычных абрысаў, бязгучных гукаў былога, хараства відавочнага i таго, што засталося ў аўры горада ад захапленняў вандроўнікаў, ад гіпноза свядомасцяў i рэальных жыццёвых падзей.

Слых з прыемнасцю лавіў словы ўкраінскай мовы: „Шыстка, перукарня, ідальня...” У трамваі два хімікі вялі сваю, прафесійную гаворку не на якім „сродку нацыянальных зносін”, „навукова-неабходным” лексічным эрзацы, а на свойскай, роднай, матчынай... Андрэй ціха пазайздросціў ім — паспрабуй ён з тым жа бухгалтарам паспрачацца па-беларуску. Яго не поймут. А ўвогуле трэба будзе паспрабаваць, урэшце — не 37-мы, а 66-ты. Ды i вядзе ж ён размовы з рабочымі па-беларуску. Здаецца, не было выпадку, каб хто не зразумеў.