... Прыкарпацце ім спадабалася. Турбаза, дзе яны атабарыліся — таксама. Мясцовы каларыт — драўляныя двухпавярховыя, з мансардамі, дамы пансіянату: гуцульскае разьбярства. Рэстаран „Гуцульшчына”. Як цацачка. Паміж рэстаранам i пансіянатам-прыгожы масток над рэчкай i вадаспад. З мастка ў пенныя стругі скачуць мясцовыя хлопцы i адна дзяўчына. Здалёк, падчас скачка, яна — не тое каб наяда, але: увасабленне хараства i спрыту: гнуткая, імкліва-выструненая, кожны рух — што спеў. Гэты мост — i прытулак мясцовых умельцаў: свірысцёлкі, люлькі, табакеркі з інкрустацыяй. Сюды ж кожнага дня прыходзіць хлопчык, прыносіць вішні на продаж. „Дядичко, купуйтэ ягоди, а то я всі з’ім!” Вочы ў хлопца — што тыя вішні, позірк — хоць ты вытрусі яму ўсе грошы. На пытанне, хто тая дзяўчына, што так смела скача ў вадаспад, ён з гонарам адказвае: „Наша! Не сувітка ж!” „Сувіткамі” тут называюць усіх нетутэйшых прадстаўніц прыгожага полу - з іншых рэспублік i сваіх, украінскіх усходніц. Як вызначаюць замежных кабет — невядома, ды ix i не відаць. У пансіянаце ўраніцы ix будзяць жвавыя гукі музыкі. Не трэмбіты — дзе-небудзь з пагоркаў, а звычайны гармонік. Ca сну з той песенькі Андрэй разбірае толькі адно слова — „смеричка”: яліна. Добрую частку пансіянату займаюць баксёры: у ix тут зборы.
Андрэй з хлопцамі пачалі было асвойваць ваколіцы: падняліся на Макавіцу i Яварнік, а потым вырашылі ехаць да Ужгарада, a вярнуўшыся, рушыць у Варохту i нейкі прыселак, ад якога да Гавэрлы два крокі. 2000 мэтраў — не такая ўжо вяршыня, але ж варта адзначыцца, ды i пабачыць каскад вадаспадаў i класічныя паланіны.
А пакуль было, што ў калейдаскопе — дарога на Ужгарад. Зеляніна гор, гуцульскія хаты — як малюнкі з кнігі казак. Дубровы... Букі, грабы, яліны... Зноў казачна прыгожыя забудовы.
Потым — рызыка Ябланіўскага перавалу. Плённа-ўрадлівы, вінаградарны спакой Закарпацця...
Андрэю падабалася гучанне тутэйшых назваў: Рахів, Бэрэгово...
Малюнкі за вокнамі аўтобуса падсвечвала яснае сонца ліпеня. A кампанія аказалася якраз такой, як хацелася Андрэю: усе разам i кожны паасобку. Да ўсяго ставіліся са здаровай доляй скептыцызму i цвярозага аптымізму. Калі высветлілася, што няма ніякай надзеі не толькі на месца ў гатэлі, але i ўвогуле на які прытулак пад дахам у славутым горадзе Ужгарадзе, усе спакойна прынялі гэтую дадзенасць. Ну, i што? Ноч над небам горада на перакрыжаванні моў i народаў. Рамантыка!
Аднак неба Ужгарада ахалодзіла ix рамантычны пал спорным дожджыкам, а потым аказаў сябе той самы аквілон. Дзьмула, што ў лістападзе.
Да замка яны ўсё ж трапілі, акуратна прайшлі па ўсіх васьмі залах музея, пабачылі рэшты таго самага касцёлу, дзе ў 1646 годзе была прынятая Вунія. Далей рушылі, куды вочы павялі. А вочы i ногі вызначылі аптымальны маршрут. Перад імі была крама дэгустацыйных він „Променістэ”. «Хлопцы, як на сённяшні дзень, лепшага месца на ужгарадскай зямлі няма”, — канстатаваў Андрэй. I яны аддалі належнае напоям, якія смакавалі старадаўнія i сучасныя літаратурныя героі i якіх у крамах адной шостай часткі зямной кулі зазвычай не было. Напрыклад, сухі марціні. Пакуль практычны эст Олаў, закінуўшы ў рот чарговую салёную гарэшыну i зірнуўшы на каляровыя шыбы вокнаў, за якімі ліло па-ранейшаму, нават больш — як хто цэбар перакуліў, рашуча не накрыў рукой келіх: „Пора, друзья, пора! Покоя сердце просит!” Ён старанна вымаўляў кожны гук i па-свойму рабіў акцэнт на „о”.
На аўтавакзале яны накупілі процьму даведнікаў i жмут газет: на ўкраінскай, венгерскай, румынскай, чэшскай мовах — немаведама навошта. На памяць. Мабыць, так. Пашкадавалі, што гэты горад застаўся не адкрытым імі. Бо ці не самае галоўнае ў незнаемым горадзе — пахадзіць па ім, адчуць водар забудаванай паводле нейчых задумак прасторы... Хаця кожны ўяўляў, мабыць, тое па-свойму. Купрын быў упэўнены: трэба наведаць мясцовую бажніцу, кірмаш i рэстарацыю сярэдняй рукі. Марыэтта Шагінян лічыла: галоўнае-пешшу i на самоце. Нехта спачатку дасканала вывучаў „тэорыю”: геаграфічныя, гістарычныя звесткі... Ну, яны прыблізна „паводле Купрына” „засвоілі” гэты сіберна-паўднёвы горад...
...Хвацкі мадзьяр-кіроўца павёз ix праз дождж, які недзе каля Вінаградава скончыўся, a шафёр вёў „Ікарус” пад магнітафонны голас Хампердынка на такой хуткасці, нібыта збіраўся выйграць гонкі. Нават на перавале шафёр не сцішыў машыну-халодны прыгожы твар, упэўненыя рукі, у вачах скачуць агеньчыкі. „Как это? „Ударим пробегом по бездорожью и разгильдяйству?” — И „автомобиль — не роскошь, а средство передвижения”, - падхапіў быў Андрэй. I скончыў па-свойму: „I вельмі жвавага!” — але яго ўсе зразумелі. Рытмічна расцякаўся ў прасторы голас Хампердынка, нешта накштапт : „Дэнст, дэнст, дэнст”, a кіроўца зухавата паводзіў плячыма i не збаўляў хуткасці, хаця перавал — гэта перавал: з аднаго боку — гapa, з другога-калі не бездань, то добры адхон: дастаткова, каб перакуліцца i разляцецца на дробны мак i аўтобусу, i яго пасажырам. Але Андрэю i яго сябрам падабаўся i кіроўца, i яго манера вадзіць аўтакар. Усе чацвёра шчасліва выйшлі на шашы непадалёк ад пансіянату.