Выбрать главу

A наступнай раніцай Андрэя пабудзілі не звычныя гукі гармоніка, а стук у дзверы.

— Валянтовіч — хто?

— А што здарылася?

— Званілі з Кіева.

Не проста званілі шукалi. Захварэла маці. Значыць — цяжка захварэла. Бацька з драбязы гвалту ўчыняць не стане.

— Хлопцы, разам на Эверэст пойдзем. Усёроўна — Гавэрлатара, а не вяршыня. Турыстычны марш, — паспрабаваў не псаваць астатнім настрой Андрэй.

Дазваніцца дамоў ён не змог. Дамовіўся, што да Львова яго падкінуць баксёры — ix аўтобус якраз стаяў „пад парамі”. У Львове білетаў, зразумела, не было. Як вы пацвердзіце хваробу маці? Дзе тэлеграма? Зусім як той „родны” фінансіст нудотна даводзілі змест інструкцый львоўскія чыноўнікі. I Андрэй нібы прымёрз да касы.

— Што? На вяселле познішся? На сваё ці чужое? — падышоў да Андрэя нейкі авіятар.

— Крыху горш.

— Куды?

Андрэй патлумачыу.

— Увогуле больш пасажыраў у ваш любімы горад у мяне няма. Але я магу там рабіць пасадку, а магу не рабіць. Хадзем!

I яны рушылі праз аграмаднае, цёмнае лётнае поле. У самалёце пілот спачатку запіхнуў Андрэя ў кабіну, адкінуўшы нейкую перакладзіну, а потым, калі былі ўжо ў паветры, пасадзіў у салоне. Аддаўшы грошы, Андрэй зручна ўмасціўся ў крэсле i нечакана для сябе моцна заснуў. Пабудзіў яго лётчык:

— Здаецца, сюды спяшаўся. ... Андрэй нецярпліва адстаяў у чарзе на таксі. I з кожным кварталам - чым бліжэй таксоўка пад'язджала да дому — трывога расла.

... Каля хаты стаялі дзве машыны „хуткай дапамогі”. На першым маршы лесвіцы ён сустрэў дваіх з насілкамі. Андрэй убачыў твар жанчыны на насілках — шэра-белы, абвостраны, вочы заплюшчаныя, вакол вуснаў — нібыта хто сінькай абвёў. Маці!

... У шпіталі насілкі з маці адразу зніклі за дзвярыма, Андрэя з бацькам за гэтыя дзверы не пусцілі. Рэанімацыя... Лекары ціха перамаўляліся... „Стан клінічнай смерці”. „Страфантын не ўводзіць. Арганізм не прымае”. — Тэлефануйце сюды раніцай, — лекар з „хуткай” прадыктаваў нумар тэлефона, — раней няма сэнсу. І тут сядзець — таксама.

Праз паўзу ён дадаў:

— Дапамагчы вы ўсёроўна нічым не можаце.

... Прыехаўшы дадому, Андрэй з бацькам запалілі святло ў вялікім пакоі — гасцёўні? сталовай? залі? — як хто называў гэтую шматфункцыянальную 17-метроўку. Бацька дастаў аднекуль пачак цыгарэт — ён ужо год як кінуў курыць — i смаліў адну за другой.

Андрэй спачатку ўрупіўся у нейкую адну кропку — ці на вішнёвы том Буніна, ці на глінянага квяцісгага пеўніка, прывезенага маці з экспедыцыі. Потым пачаў разглядваць рэчы ў пакоі, нібыта бачыў ix упершыню. Сярэднеінтэлігенцкі стандарт сярэдзіны 60-х. Паліцы з кнігамі. Тэлевізар. Піяніна. Як маці гаварыла — фано. Рэаліі побыту. Рэальнасць быцця. Адыходзячая рэальнасць? Дзе ўсё было добра, у амаль букалічнай гармоніі. Усё мела адбітак радасці, дабрабыту, ладу. Усё мела лагічныя высновы i падставы. Усё падпарадкавалася нейкім вышэйшым i адначасова зямным рытмам.

Усё — было? Ці ёсць? Усё вырашыцца раніцай. Вырашаецца цяпер... Там, у голых халодных сценах... Сярод чужых людзей. Якія робяць сваю працу. I толькі? Маці — сярод трубак, колбачак, медпрыстасаванняў... Ва ўладзе — лёсу... Адна... Сярод людзей — i адна...

Раней, калі канец зямнога жыцця не заспяваў знянацку, чалавек адыходзіў — у атачэнні сваіх, блізкіх... У прысутнасці святара...

Андрэй зноў агледзеў пакой. Звычайна ён некуды спяшаўся i ўсё вакол падыгрывала яму, існавала ў арбіце яго руху. Цяпер усё як быццам застыла. Трывожная статыка чакання. Ноч. З бясконцай атрыбутыкай існасцяў — цёмная, старожкая, няпэўная. I там, з маці, людзі, для якіх матчына клінічная смерць факт медыцынскай практыкі, лякарскі выпадак.

Мабыць, яны не задумваюцца ды i не могуць задумвацца — яны павінны рабіць, займацца канкрэтнай практыкай пра тое, што смерць — канец драмы жыцця. Якім бы тое жыццё не было.