Выбрать главу

Вольга Іпатава

Перакат. Апавяданні

Адна над безданню

У адзін з доўгіх ліпеньскіх дзён 1939 года, тых дзён, калі шэрыя хмары пакуль не падняліся і ляжаць па самым небакраі, а гарачае паветра нерухомае і напоена вільгаццю так, што цяжка дыхаць, у гродзенскі манастыр бернардынак увайшла жанчына. Святочная сукенка з цёмна-вішнёвага крэпдэшыпу ў зялёныя лісцікі цесна аблягала яе фігуру, прыўзнімаючыся на вялікім жываце, які жанчына хавала пад каляровай, з махрамі, хусцінай, у якіх звычайна любяць хадзіць на службы заможныя сялянкі. Твар, шырокі ў скулах, з вострым, амаль трохкутным, падбародкам, быў няўцямны — можа, з-за пакуты ці задухі. Манашцы, што вяла яе на калідоры, прыходзілася часта спыняцца і цярпліва чакаць, пакуль жанчына, сагнуўшыся крукам ад болю і падтрымліваючы жывот, прыціскалася да халаднаватай каменнай сцяны. Тады пот, як раса, выступаў на яе маладым загарэлым твары.

У пакоі ігуменні яна выпрасталася і, дастаўшы з-пад хусты завязаны ў вузельчык кавалак палатна, выцягнула з яго, пакорпаўшыся, брудную, запацелую паперку, працягнула настаяцельніцы. Тая, прыжмурыўшыся, нейкі час разбірала запіску, пасля падняла вочы і маўкліва глядзела на жанчыну, нібы вывучаючы яе. Жанчына тым часам старалася трымацца прама, але боль прабягаў па яе целу (як вецер па полі — хвалямі), і ад таго твар яе перакошваўся грымасамі.

— Што, панна Барткевіч, вярнуліся-такі ў лона косцёла. Ну што ж, пойдзем. У бядзе мы вас не пакінем.

Гэтае «панна» нібыта разанула маладзіцу. Яна падняла голаў, хацела нешта сказаць, але не адважылася, згаслымі вачыма глядзела на зялёнае сукно, што пакрывала стол, на вузкае высокае акно. Усё гэта — крэслы з прамымі спінкамі, паперы на стале, прахалода — нагадала ёй турэмную канцылярыю, дзе нядаўна яна падавала просьбу аб спатканні з мужам. У спатканні было адмоўлена, паколькі, як значылася ў рэзалюцыі, «вязень Васіль Дамашэвіч у царкоўным шлюбе не быў» і, значыць, у вачах улад быў па-ранейшаму халастым.

Ігумення ўстала з-за стала, падабрала цёмную сукню і пайшла ў дзверы не азіраючыся: ведала, што за ёю ідуць. Яе паходка была мяккаю і нячутнай; чаравікі ж, у якія былі абуты ногі маладзіцы, — з высокімі абцасамі, з высокай, цесна зацягнутай на распухлых ад гарачыні нагах шнуроўкай — грукаталі па цёмных плітках галерэі, як салдацкія боты, і гэта бянтэжыла яе, прымушаючы траціць апошнія сілы на тое, каб крочыць як мага цішэй. Вузел светлых пшанічных валасоў раскудлаціўся, пасмы прыліплі да потнай шыі. Амаль трацячы прытомнасць, яна валаклася за шырокай, уладнай постаццю ігуменні, і калі тая, прывёўшы яе ў вялікі выбелены пакой з адзіным драўляным распяццем на сцяне, паказала на вузкі ложак з шэрай шарсцяной коўдрай, яна ўпала на яе, бязвольная, аддзеленая ад свету звінячай сцяной болю і страху перад тым, што павінна было адбыцца. Яна амаль не распазнавала твары тых, хто дапамог ёй пераапрануцца ў шэры халат, хто прыносіў вады і кратаў яе мокры лоб, але ў ружовую заслону перад вачамі ўладна ўрываўся адзін твар, каб застацца ў свядомасці: малады, з пукатым белым ілбом, па якому ўжо прарэзаліся першыя зморшчыны, з поглядам пакорлівым і адначасна ненавідзячым. Гэты погляд, падалося хворай, працяў яе гэтак жа лёгка і адчувальна, як пранізваюць вілы ахапак сена, і яна замітусілася, адмахваючыся, і тут жа, адчуўшы, як тупым молатам ударыла ў паясніцу, закрычала хрыпла і працяжна…

Хмары, што з самай раніцы збіраліся над горадам, згусцелі, ператварыліся ў цёмныя навісі, што спускаліся над душнымі, распаленымі каменнымі цяснінамі горада ніжэй і ніжэй… і першы слабы віскат дзіцяці супаў з першым ударам грому, ад якога затрымцела тусклае полымя лямпы і заторгалася жоўтая пласцінка слюды ў авальным акне — каляровым, але цяпер як патускнелым і зблажэлым. Да парадзіхі падышлі дзве манахіні, заняліся ёю, адна з іх узяла на рукі дзіця.

— Сястра Вераніка, што з вамі? — здзіўлена запыталася худзенькая чарнавокая паслушніца, націраючы скроні парадзіхі пахучай камфарай і на момант застыўшы ад погляду нечакана падышоўшай трэцяй жанчыны. Тая, ссунуўшы бровы, пе міргаючы, глядзела на немаўля, якое слаба сучыла чырвонымі, тонкімі, як палачкі, ножкамі, слаба вякала і моршчылася. Дзіця было яшчэ слізкае, манашка паспешліва абцірала яго рукамі, якія былі пакрыты крывавымі шрамамі. Рукавы, што былі закасаныя па локаць, адкрывалі белыя, як нежывыя, рукі. Тая, што падышла, не рухалася, толькі бязмерная гідлівасць была ў яе вачах — светлых, дзіўна сініх, як марская вада каля берага ў ціхі вечаровы час.

Сястры Вераніцы нядаўна споўпілася дваццаць восем. У цемры, у бязрадасны шэры поўдзень яе высокая ўладная постаць, хударлявасць, чорная сукня давалі ёй выгляд старэйшы; у ружовым святле раніцы белая, з ледзь прыкметнымі вяснушкамі скура, цяжкія залацістыя валасы, капрызныя абрысы вуснаў нагадвалі царэўну, што хаваецца пад агіднай жабінай скурай. Жанчына гэтая, у свеце Феліцыя Прыбыловіч, была дачкой дробнага служачага пошты ў мястэчку, што ляжала ўсяго ў нейкай гадзіне язды ад Гародні. Франак Прыбыловіч, са збяднелай шляхты, меў у мястэчку благую рэпутацыю: яго патрапаную нялоўкую постаць добра ведалі ў карчомцы, а ў хаце ягонай, замест памёршай жонкі, гаспадарыла вывертлівая местачковая дзеўка, разбэшчаная і сквапная, і пад вечар, калі Франак ішоў у карчму, да вокнаў хаты ўпотай краліся сыны мясцовых багацеяў. Панна Феліцыя падчас сваіх прыездаў мела такі халодны прыём, што рана зразумела: у мястэчку ёй не знайсці прыстойнага мужа. У Гародні ж, дзе яна нязменна была першай вучаніцай прыватнай школы, усё не знаходзілася рыцара, пра якога марыць кожная дзяўчына яшчэ з падлеткавага ўзросту. Феліцыя рана зразумела: прычынай таго, што дзявочая яе прыгажосць не знаходзіць збыту, была беднасць. А ёй хацелася ўладарыць, хацелася асядлаць жыццё і гарцаваць па-над абставінамі на нейкім казачным жарабку, што ўзвіваецца пад аблокі. Цвяроза ўсё ўзважыўшы, яна пайшла ў манастыр. I чым далей, тым болей не шкадавала аб гэтым: мірскія ўцехі, якія страціла, былі нічым у параўнанні з тым, што адкрывалася перад ёю ў манастыры — з уладным яе характарам, воляй і ўменнем трымаць сябе ў жалезных рамках неабходнасці. Да таго ж яна ўмела пільна прыслухоўвацца да акружаючага, і халодны, цвярозы розум палітыка падказаў ёй лінію паводзін, якія маглі прынесці поспех. Старая ігумення была надта добрай, надта старалася яна літаральна выконваць запаведзі. Не тое патрэбна было зараз — сястра Вераніка думала пра гэта, гледзячы на юную маці. Меч патрэбен для іх, вось гэтых… быдла, што ўсё болей заяўляла пра сябе, бунтавала па-за сценамі, як грозная, сляпая сіла… Пачуўшы пытанпе, яна схамянулася.