Выбрать главу

— Думаю, што дзіця, якое мы прынялі, гэта — сын д'ябла, камуніста. I мы зрабілі, каб адным з іх было болей.

— Але ж мы ратавалі нямоглых… — прамармытала паслушніца. Сястра Вераніка рэзка перабіла яе:

— Не пра нямоглых, пра госпада думаць павінны!

— Канешне, канешне! — не зразумеўшы, заківала паслушніца, і зноў яе перабілі:

— Веру падрываюць з кожным днем! У турму ідуць, на смерць, а для чаго? Каб д'ябал да ўлады прыйшоў! Так?

Паслушніца зноў заківала, порахрысцілася. У манастыры ўпарта хадзілі чуткі, што сястра Вераніка заменіць неўзабаве старую настаяцельніцу. Чуткі гэтыя мацнелі і раслі ад таго, што сястра Вераніка некалькі раз, не баючыся, спрачалася з начальніцай і адзін раз нават вымаўляла ёй, прычым тая, махаючы рукамі, першай пакінула поле бою. Спрэчка ішла аб тым, ці павінен дапамагаць манастыр тым, чые мужы сядзелі ў турмах ці былі пад падазрэннем дэфензівы. Старая настаяцельніца лічыла, што павінны. Што з таго, калі муж першай сапрана з тых спявачак, што прыходзілі ў касцёл, вось ужо паўгода як быў арыштаваны? Хаця пані Касцюк насіла перадачы, але ж яна малілася за ято, дзеці яе таксама прыходзілі ў касцёл, і можа, сям'я зможа хаця ў будучым паўздзейнічаць на бяспутнага? Але сястра Вераніка гнеўна гаварыла аб тым, што пустазелле трэба выпальваць агнём, што трэба вышвырнуць з хору не толькі Касцюк, але і пані Зіневічаву, таму што тая дазволіла сыну займацца падрыўной дзейнасцю. I нягледзячы на тое, што сын памёр — быў забіты, як казала сама Зіневічава; ад прастуднай хваробы, як пісалася ў даведцы турэмнага доктара, — усё роўна сэрца гэтай жанчыны бунтуе, самі слёзы яе — пратэст… У манастыры таксама хадзілі чуткі аб нейкім высокім заступніку, дзякуючы якому і павышаліся шанцы сястры Веранікі… Вось чаму манашкі ўсё болей схіляліся на яе бок. Маладой гэтай жанчыне пачалі паступова аказваць ушанаванні, як і самой настаяцельніцы. I зараз яна ненавідна глядзела на Алену Барткевіч, якая, ужо ажываючы пасля перанесеных пакут, прагна цягнулася да немаўляці. Усмешка ўжо трапятала на яе твары, яшчэ шэрым і змучаным, але вочы ззялі і вусны раскрываліся насустрач чырвонаму гарачаму цельцу.

— Хлопчык… Васілёк… — яна схапіла нованароджанага, чыё цельца было ўжо спавіта белым палатном, і шчаслівы погляд яе сутыкнуўся з поглядам сястры Веранікі. Маладая маці ўздрыгнула; усмешка на яе твары згасла, і яна, зноўку пашарэўшы тварам, адвярнулася, асцярожна паклаўшы хлопчыка на жорсткую коўдру.

Навальніца прайшла, і вечаровае сонца мякка кранулася акна. Жоўтыя і чырвоныя плямы ўпалі на ложак, на белы скрутак каля маладой жанчыны, на светлыя яе валасы, якія сталі яшчэ болей жоўтымі, як бы заззялі над змучаным яе тварам. Яна прыўзнялася, пазіраючы на дзіця, не маючы сіл глядзець на пешта яшчэ. З-пад пабляклага халата выглядалі загарэлая шыя і белыя грудзі — вялікія для схуднелага цела, цяпер спустошанага і нязвыклага для яе самой, так што міжвольна жанчына ўсё праводзіла даланёй па жываце, нібыта не верачы ўласным адчуванням.