Выбрать главу
* * *

…Цяпер, калі надаралася Ісці па той вуліцы, Пінчук збянтэжана, быццам яго ў нечым абвінавачвалі, ківаў галавой Галіне, якая заўсёды бачыла яго набліжэнне, і заўсёды знаходзіла час, каб усміхнуцца яму, сказаць нешта пра надвор'е. Пастаянныя яе кліенты, відаць, таксама заўважылі, што ёсць паміж гэтымі двума нейкая, хай і тонкая, нітачка, таму што аднойчы той жа хлопец у каляровай кашулі — здавалася, ён і не здымаў яе ніколі — крыкттуў яму здаля:

— Ты б ёй спатканне назначыў, ці што!

Хтосьці засмяяўся, хтосьці зацікаўлена паглядзеў на прадаўшчыцу, а яна залілася гарачай чырванню і нават не адказала хлопцу, затое Пінчук раптоўна падумаў, што ён, той хлопец, усё ж нечым сімпатычны., I — нібы апякла думка: а што, калі папраўдзе прызначыць спатканне? Але як падысці, што сказаць? Лёгка пажартаваць, прызначыць спатканне як бы мімаходзь? Ён забыўся, як лёгка гэта было калісьці, і пакута, разам з сорамам і шкадаваннем нечага, напоўніла ягонае сэрца.

I ўсё ж праз некалькі дзён, прыкінуўшы, калі яна заканчвае работу, ён падышоў да яе. Жанчына, скінуўшы халат, складвала яго ў сумку. Яна нічога не спыталася, толькі, ускінуўшы вочы, моўчкі ўсміхнулася поглядам і лёгка пайшла па вуліцы, крыху спяшаючыся, каб не адставаць ад ягонай размашыстай хады.

— Стаміліся? — спытаўся ён нарэшце.

— Ды ўжо ж. Гэтая работка — не радасць, — адгукнулася яна.

Цёмная жакетка, з-пад каўняра якой выбіваўся какетлівы краёчак хусткі, рабіла яе постаць стройнай, амаль дзявочай. На ёй была вузкая шэрая спадніца, ногі, як заўсёды, абутыя ў прыгожыя пантофлікі, але сёння раптам Пінчук заўважыў, што збоку, каля вялікага пальца, на пантофліку была акуратная латка.

— Навошта ж вы пайшлі сюды? — спытаўся ён зноў і тут жа пашкадаваў аб гэтым, бо пытанне прагучала неяк нялоўка, нязграбна. — Я ж гэта… проста хацеў сказаць, што вы, мабыць, маглі адшукаць і іншую работу.

— Не такую, як прадаўшчыца? — засмяялася яна. — Гэтую работу, між іншым, не кожнаму давераць.

— Чаму? — зноў пытанне прагучала наіўна і няўклюдна, ён зразумеў гэта па яе твары.

— Таму што тут кантролю амаль ніякага, а пены шмат, — крыху іранічна загаварыла Галіна. — А з пены нават замак можна пабудаваць. Што, не верыце? Ну, не замак, дык катэдж, з гаражом, з фінскай лазняй…

— Вы… вы таксама ашукваеце людзей? — чамусьці шэптам сказаў Пінчук. Кроў кінулася яму ў твар. Галіна пазірала на яго насмешліва.

— Божа, гэтыя педагогі! — ціха засмяялася яна. — Слова якое тут жа… не пашкадавалі!

— Я проста спытаўся, — амаль прашаптаў Пінчук, ужо шкадуючы, што пайшоў за ёю. I жанчына, нібы адчуўшы ягоны настрой, прагаварыла больш мякка:

— Шкадуеце, што загаварылі пра гэта?

— Не, чаму ж! — пачаў ён апраўдвацца, але яна перабіла яго.

— Можаце паверыць, мая фотакартка на Дошцы гонару вісіць. Не першы год. I на кожнае свята — падзякі. Мне, Іван Пятровіч, толькі гэта і засталося — ва ўдарніцах хадзіць. — Горыч прагучала ў яе словах, і ён прымоўк, а пасля спахапіўся:

— Адкуль вы ведаеце мяне — і па бацьку нават?

— Я вас даўно ведаю. Так даўно, што ого!

— А я… — ён спыніўся, больш пільна ўгледзеўся ў яе, — я вас пе прыпамінаю.

— Ды як было запомніць, нас шмат было, — сказала яна, і ён задумаўся: можа, яна вучылася ў іх школе? Не, гэтага не магло быць — сваіх выпускнікоў ён ведаў амаль усіх, абавязкова ўспомнілася б хаця якая рыса.

— Не старайцеся, не ўспомніце, — прагаварыла жанчына крышку як бы разачаравана. — А я якраз вам свой букет уручала — белыя вялікія такія гваздзікі. Мы з мамай іх на рынку выбіралі, каб самыя лепшыя былі. Мама вельмі клапацілася, каб у мяне было прыгажэйшае, лепшае…