Выбрать главу

Ён таксама ўбачыў яе, пажвавеў, затанцаваў на месцы, нецярпліва перахопліваючы руль дзвюма рукамі, нібы спяшаючыся хутчэй пасадзіць яе на матацыкл і везці хоць на край свету.

— Дзве гадзіны цябе шукаю! — закрычаў ён здалёк. — Дзе ты знікла? Праз хвіліну фільм пачынаецца, «Парыжскія тайны», там усе сядзяць як на іголках. Сядай! Пасля паедзем у матэль, там такі бар адкрылі! Гэта табе не што, а Захад. А заўтра…

— А заўтра не будзе, Максімка. Я еду праз шэсць гадзін, у поўнач. У мяне таксама білет… на цягнік.

Яна з усмешкай паглядзела на Максіма, як заўсёды, дзівячыся сама сабе ягонай неўтаймаванасці і лёгкасці, з якой ён прымаў жыццё, бесшабашна трымаючыся на самых крутых яго хвалях.

— Так?! — твар у Максіма расчаравана выцягнуўся. — Ты што ж, збіраешся пакінуць мяне, як Папялушка на балю? Не! Так не пойдзе. Білет заменім, і…

— I я ўсё роўна паеду, — мякка запярэчыла Наталя. — Ты ж мяне ведаеш. Дысцыпліна, дзеці. Як яны без мяне? А ты… Чаму я цябе вучыла? Знайшоў мадэрновы фільм…

— Ну, прапала мая галава! — весела зморшчыўся Максім. — Ты ўсё тая ж, — дадаў ён, перакідваючы нагу цераз сядзенне і ўключаючы запальванне. — Прын-цы-повая! Жыццё — яно не любіць, каб скавыталі, а ты…

Наталя не пачула апоншія словы, таму што матацыкл ірвануўся наперад.

На пачатак сеанса яны ўсё ж не трапілі, прабіліся на месцы, торкаючыся ў чужыя калені, а пасля сядзелі, няўважліва гледзячы па экран, таму што Максім усё спрабаваў пацалаваць яе ў шыю, дзе пушыліся ўпартыя пасмачкі, а яна штурхала яго ў бок, раз'ятрана шыпела і разам з тым адчувала сябе такой шчаслівай, што яе не маглі збіць з панталыку нават злыя пагляды суседзяў справа і злева.

Пасля кіно іх чакалі. Чацвёра хлопцаў на матацыклах і дзяўчаткі — усе прыкладна аднаго ўзросту з Наталяй, — закрычалі, замахалі рукамі. Максім хуценька перазнаёміў яе з усімі, але Наталя нікога не запомніла ад збянтэжанасці, толькі першага, Валодзю, які падышоў да яе не спяшаючыся, упэўнена і дапытліва разглядаючы яе ўсю — ад ілба да кончыкаў не надта новых туфлікаў. Пасля ён ізноў наблізіўся да яе — калі абмяркоўвалі, якой дарогай ехаць, — і шматзначна ўзяў яе за руку:

— Мы Максіма без вас ледзь не ажанілі. Каб уратаваць. А то калі такая дзяўчына возьмецца за ратаванне душы — усё, прапаў чалавек!

Наталя імгненна ўспомніла інтанацыю, з якой Максім адмахнуўся ад яе там, ля універмага, і, вырваўшы сваю руку з чэпкіх Валодзевых пальцаў, моўчкі села на «Яву», стараючыся, каб Максім не заўважыў яе спахмурнелага твару. Пасля яны ўсім гуртам сядзелі ў бары, дзе на цяжкіх драўляных панелях бранзавелі чаканкі, на дубовых кругляках вакол дубовых калодаў сядзелі завесялелыя мужчыны і дзе Валодзя настойліва хацеў нешта давесці ёй, Наталі, нібы яна была ягоным асабістым ворагам.

— Ты вось што, — ён курыў цыгарэту за цыгарэтай, — не крыўдуй, я чалавек просты, але слова сваё скажу. Не пазнаю Максіма. Паступіў у гэты ваш інстытут — другім стаў. Ад кампаніі адбіваецца. Разважаць пачынае. Нашто яму разважаць? Мужчына ледзь не так што — не разважаць, а адразу — у зубы! Каб баяліся! А ён далікатным робіцца. Не-е, мы яго так проста не аддадзім.

— Не слухай яго, ён Максіму сваю сястрычку сватае, каб баксёра ў родзічах мець. А то сам — як Кашчэй! — весела закрычала праз Максімава плячо адна з дзяўчат, боўтаючы белай саломінай у кактэйлі. Наталя ўбачыла, як зачырванеліся шчокі ў Максіма. Ён на некалькі імгненняў моцна прыціснуў сваю шклянку з сокам да яе шклянкі, нібы стараючыся нешта давесці без слоў, адгарадзіў яе ад Валодзі і ўзяў за плячо.

— Пайшлі адсюль, — ціха вымавіла Наталя. Ёй цяжка і нязручна было сядзець на высокім табурэце, яе раздражняў цыгарэтны дым, што густа калыхаўся над сталамі, пах вільготнай вяленай рыбы, лянівы шчэбет дзяўчатак. Збіраючыся ў дарогу, яна не думала пра заходні мадэрн, ёй чамусьці ўяўлялася, як яны ўдваіх будуць сядзець недзе ў зарослым парку альбо за горадам, ціха гаварыць пра нешта харошае і яна паспее расказаць Максіму хаця б крышачку з таго, што перадумалася ў адзінокія гадзіны, калі пасля адбою ў лагеры яна бегла на капрызную рэчку Беразанку і гадзінамі бяздумна сачыла, як уставаў ранні маладзік або паволі гусцела белая пелена туману.

Максім нечакана лёгка згадзіўся. Але кампанія не хацела іх адпускаць.

— Паехалі ў парк. Там танцы! — перакрыў галасы Валодзя. — А пасля мы цяпнем у мяне мацнейшага, а то што гэтая брыда!