Яму была відна яе шчака, налітая марозным румянцам, ледзь прыпухлыя вусны і белыя валасы, што выбіваліся з-пад шэрай заечай шапкі. Ён ведаў, што шэрае ёй да твару — нібыта дае нейкае адценне шэрым вачам, дробным залацістым вяснушкам. Кацярына злавіла ягоны пагляд, усміхнулася, прыслухоўваючыся да таго, як шкрабецца моцнымі лапамі шчанюк, зноў высоўваючы сваю чорную вільготпую пысу на мароз.
…Ваўкоў яны ўбачылі адначасна, яны як вынырнулі з чырвонага снегу проста пасярэдзіне вялікай прагаліны, што заставалася ззаду. Гэта была, відаць, тая зграя, што гадзіну назад, калі яны трохі ад'ехаліся ад станцыі, неслася за аленем. Але тады, калі Коля, павярнуўшы галаву, заўважыў буднічным голасам, што, аднак, спяшацца трэба, таму што снег цяпер рыхлы і, калі ваўкі не дагоняць аленя, то, раз'юшаныя, могуць пагнацца за імі. Яны пасмяяліся з Колевых слоў — чорныя імклівыя кроплі мільгалі так далёка, алень, за якім яны несліся, быў, здаецца, амаль у ваўчынай уладзе. Яны пашкадавалі аленя, але нічым памагчы яму было нельга, і яны паспадзяваліся толькі на тое, што снег сапраўды рыхлы і легканогі алень, падхліснуты смяротным жахам, здолее перагнаць зграю.
Відаць, так яно і адбылося. I, раз’юшаная няўдачай, зграя павярнула туды, дзе параўнаўча нетаропка, калываючыся па стыках, ехала дрызіна — невысокая цялежка, і жалобна скуголіў шчанюк, высоўваючы на мароз свой цікаўны нос.
— Пяць, — чамусьці шэптам сказала Кацярына.
I хаця Коля наўрад ці мог яе пачуць, ён раптоўна азірнуўся, і смуглявы яго твар перакрывіўся ў спалоханай і адначасна жалобнай грымасе. Пасля ён хутка пахіліўся, нешта знайшоў пад нагамі і кінуў пад ногі Віктару сякеру — адпаліраванае тапарышча бліснула ў чырвоным святле коратка і рэзка. Пасля павярнуўся, і плечы яго захадзілі пад дахой, быццам ён упрошваў матор, сіліўся выціснуць з яго што можна.
I Віктар, разумеючы гэта, крыкнуў яму — адчайна, страшна:
Хутчэй! Жмі, Коля!
— Нельга! Выкіне! — данеслася з-пад дахі, і Коліны плечы яшчэ хутчэй захадзілі пад дахой. Ён болей не азіраўся, і Кацярына, нямеючы ад жаху, зразум-ла — Віктар і яна павінны абараніць і Колева жыццё таксама, таму што цяпер уся надзея на іх ды яшчэ на дрызіну, якая відавочна наскорыла хуткасць, так што хістаць іх пачало яшчэ мацней і няўмольней.
Ваўкі беглі не так хутка, як раней. Відаць было, што глыбокі снег і гонка ўжо выматалі іх, але сіла, якая гнала іх цяпер за дрызінай, была мацнейшая за стому — раз'ятраная воля і разлік адчуваліся ў мерным, да жаху раўнамерным ваўчыным бегу.
Наперадзе, ужо заскочыўшы на шпалы і прынароўваючыся да іх дробнага перабору, бегла невялікая, з упалымі бакамі ваўчыца. Гэта Віктар і Кацярына зразумелі адразу — іншыя былі буйнейшыя, больш марудныя. Яны ўжо раздзяляліся па баках, каб абкружыць дрызіну, і нехта першы рыхтаваўся ўхапіць вострымі бязлітаснымі зубамі здабычу, якая б яна ні была.
Віктар машынальна, не адрываючыся паглядам ад ваўчыцы, сцягнуў рукавіцу, і рука яго ямчэй ухапіла ледзяное тапарышча. Яно балюча апякло далонь, але холаду ён не адчуў — шэрая, з чарнаватымі падпалінамі ваўчыца была ўжо зусім недалёка. Яна чакала, і дыханне яе штуршкамі вырывалася ў прастору — такую агромністую, бяздонную, што ў яго зацяла дыханне. Іх пасёлак, вуліцы, вагончык — усё гэта было далёка, так далёка, што ў яго на момант мільганула шалёная думка — а ці было гэта на самай справе? Усё цёплае, тое, што сагравала іх, давала раўнавагу жыццю, як быццам пакінула іх, заставаліся бязлюдная пустыня і ваўкі… Не зводзячы вачэй з ваўчыцы, ён убачыў Кацярыну — твар яе быў, як бальнічная сцяна, і толькі, ледзь скошаныя, ззялі нясцерпным святлом поўныя жаху вочы. Яна сядзела бокам, дзвюма рукамі намёртва ўчапілася ў борт.
I гэта як ускалыхнула яго, прымусіла скінуць здранцвенне. Ён раптоўна — усёй скурай — адчуў, што ён мужчына, што спрадвечна, заўсёды было і будзе так — жанчына павінна быць пад ягонай аховай, за ягонай спіной.
— Сядзь прама! — загадаў ён. — Адбівайся нагамі, з усяе сілы. I трымайся. Галоўнае — не вываліцца!
— Ой, Віценька, — нібыта дачакаўшыся гэтых слоў, загаласіла яна, тоненька і безнадзейна, — Яны ж дагоняць нас… О госпадзі-і!
Не выпускаючы з рук сякеру, ён пасунуўся да краю дрызіны — там, амаль кранаючыся яе носам, бегла ваўчыца. Але тая, нібыта разгадаўшы намер, абагнала дрызіну. Яна кіравалася да Кацярыны, беспамылковым інстынктам звера ўгадаўшы, хто слабейшы! А можа, прыцягнула яе скавытанне шчанюка — яно тонка і адчайна праразала цішыню, таму што — Віктар адзначыў гэта неяк машынальна, падсвядома — апроч стукату матора, вакол панавала цішыня — такая, якая бывае перад навальніцай, калі чорная кіпучая хмара вось-вось выблісне асляпляльным, аглушальным раскатам!