Ваўкі абкружылі дрызіну, высокі касцісты звер скокнуў першым. Але абвостраны небяспекай інстынкт Віктара падказаў яму скачок — ён, коратка і востра размахнуўшыся, ударыў сякерай. Воўк паспеў вывернуцца, і сякера звонка, аглушальна звонка ўдарылася ў металічны борт, так што на імгненне выбліснуў сноп іскраў.
Другі скачок — ваўчыцы — ён угадаў таксама, ірвануўся наперарэз, таму што там, дзе цэлілася ваўчыца, была Кацярына. Шаленства ахапіла яго, але мацней за ўсё, нават за страх небяспекі, была адна думка — уратаваць Кацярыну! Яна, яна павінна застацца жывою. Хаця б яна!
Ён гатовы быў крычаць, маліць гэтую халодную ледзяную прастору, каб яна, забраўшы ягонае жыццё, пакінула Кацярыну. Ён вар'яцеў — і, перахапіўшы ваўчыныя лапы, згубіўшы ў гэтым адчайным скачку сякеру, зразумеў, што павінен зрабіць адзінае… Павінен…
Адчуваючы, як патыхнула ад звера гарачым і смуродным, ён, апошнім намаганнем схапіўшы ваўчыцу за шыю, разам з ёю вываліўся з дрызіны!
Яны выкаціліся шалёным клубком, паляцелі ў адхон, перакульваючыся ў рыхлым снезе. Зграя адразу спыпілася, пасля ваўкі кінуліся назад.
Коратка, здушана закрычала Кацярына. Яна стаяла ў дрызіне, не ведаючы, што прымусіла яе адарвацца ад ратавальнага борта. Ледзяная прастора насунулася на яе — халодная, халодная ледзяная прастора, дзе не было Віктара, і сэрца яе таксама спынілася, захлынулася болем. Сама не ведаючы, што робіць, яна зрабіла крок, другі — і тарганулася ўніз, дзе мільгалі зледзянелыя карычневыя шпалы, якія аднеслі яе ад Віктара, каб памерці разам з ім, таму што навошта жыць адной, без яго?!
Аглушаная ўдарам, яна ў беспрытомнасці ляжала ў снезе, не ведаючы, што зграя не заўважыла яе, што Коля Мігалкін, ад'ехаўшы з кіламетр, вернецца, выратуе яе і шчанюка — той, не ведаючы ні аб чым, усё будзе скуголіць і высоўваць з кажуха сваю цёплую вільготную пысу…
ГУЛ ДАЛЁКІХ СТАГОДДЗЯЎ
Ваўкалакам абярнуся
Куды пайду? Мілы божа!
Пайду ў свет, на раздарожжа,
Ваўкалакам абярнуся…
Хто не ведаў у наваколлі крошынскага каваля? Сам пан здароўкаўся з ім за руку, а ксёндз у сваіх казанях не раз ставіў у прыклад яго добрасумленнасць у рабоце, ціхі і пакорлівы характар, павагу да жонкі. Над апошнім той-сёй пасмейваўся, і было чаму: узяў каваль сабе ў жонкі дзяўчыну, якой бы па гадах дачкой яго звацца, і галоўнае, не з тых, хто баіцца ў дзеўках заседзецца. А на такую прыгажуню калі рука і паднімецца, то толькі для таго, каб пагладзіць на мяккіх плячах, прылашчыць горача! Ды і з чаго не быць міру ў іх сям'і? Вакол толькі і размоў, што пашанцавала дзеўцы — такога ўмельца яшчэ трэба пашукаць. Ён жа на ўсе рукі майстар. I хату сабе паставіў — люба-дорага паглядзець, аканіцы ўсе і налічнікі выразаныя, і ў тых узорах звяры і птушкі розныя, быццам і не просты каваль тут жыве, а сапраўдны пан.
Усё добра ў каваля. Але чаму ў поўнач, калі даўно спяць людзі, трапеча агеньчык лучыны ў хаце каваля Багрыма?
…Сячэ бясконцы асенні дождж. Чутно, як глуха рыпяць над рэчкай старыя вольхі, як вые ў коміне вецер і шалясцяць за вокнамі голыя кусты.
Каваль Паўлюк нацягвае старую сярмягу і, закрываючы галаву мехам, выходзіць з хаты.
Страшна ў такую ноч апынуцца дзе-небудзь удалечыні ад жылля, добры гаспадар і сабаку пашкадуе, пусціць у сенцы. Што ж выгнала з цёплай хаты каваля? Можа, задушна стала, выйшаў падыхаць свежым паветрам? Але не прывучаны да такіх тонкасцяў мясцовыя жыхары, не зразумеюць яны і панскія капрызы Багрыма.
Ён упэўнена прабіраецца напрасткі да рэчкі, садзіцца пад вербай — яе тоўсты, каржакаваты ствол крыху прыкрывае ад дажджу і ветру, і сядзіць, сядзіць… Да таго часу заседзіцца, пакуль не перастане адчуваць свайго цела, пакуль не скачанее да сінявы.
Усхліпвае пад пранізлым ветрам кустаўё, плешча ў травяных берагах вада, і нешта незразумелае, як насланнё, находзіць на Паўлюка. I вось ужо плывуць, плывуць перад ім карціны: плачуць дзеці, галосяць жанчыны, а каля паласатага слупа — «рабога», як празвалі яго ў вёсцы, — б’юць чырвонымі лазінамі хлапчука. Паўлюк бачыць распухлую, усю ў сініх пісягах спіну. Вось адна з палосаў лопнула, расплылася крывёй — і ён адчуў, як балюча закалацілася сэрца і паплылі перад вачыма барвовыя кругі. I тады проста ў галаву ўпіваецца, як шыла, востры прарэзлівы віскат, пасля хрып… Хіба думаў ён тады, што не раз у будучым давядзецца бачыць такое, што змірыцца ён, нарэшце, з тым, як забіваюць на вачах людзей гнуткімі лазінамі да смерці?