Выбрать главу

– Ат, капнула! – нервова хмыкнуў Яўген.

– А ты не адмахвайся. А тое вы прывыклі: бабіна дарога ад печы да парога. Выслухай…

– Ну-ну.

– Як вы, пісьменнікі, не можаце зразумець, што не для сябе, ва ўсякім выпадку – не толькі для сябе і крытыкаў пішаце? Што звычайны чытач – гэта нават не я, чалавек з філалагічнай адукацыяй, і нават не інжынер. Асноўная маса – простыя, сярэднія, пасрэдныя людзі. Яны і так ведаюць беларускую мову цераз пень калоду, а вы іх гэткімі слоўцамі частуеце, што часам і мовазнаўца рукамі развядзе. Дзе вы іх толькі вышукваеце? Нябось у бібліятэках?

– А ты як думала! Апісваеш прамінулую эпоху, то й каларыт пакажы!

– Каларыт! Вось адно гэты каларыт у вас і ёсць. А нам, простым чытачам, дзеянні пакажы, псіхалогію людзей раскрый, хітраспляценні кахання дай, дэтэктыўную закрутку нарэшце… А то сюсюкаецеся з гэтымі “дзідамі”, “латнікамі”, “ваярамі”.

– Ну зноў у нас: хто пра хату, а хто пра лапату, – ледзь не плакаў з прыкрасці малады перспектыўны пісьменнік. – Я ж табе кажу, недарэка ты, я эпоху апісваю. Так – “воі”, так – “дзіды”, бо гэта сярэднявечча. Калі зачну пісаць фантастыку, то й месяцаходы будуць, і зоркалёты, і іншая дрэнь! Толькі так – другое дарогі ў літаратуры нямашака. Пішаш пра паляванне – апішы і патроны, і стрэльбу. Пра каханне хітрапляцеш – прабач, і цела голае нарысуй!

– Лепш бы ты ўжо і напраўду любоўныя варункі апісваў. Адно б чытачоў прыдбаў.

– Мне такія чытачы не патрэбны, у каго ўсялякая пошласць у галаве! Для такіх хай расейскія пісакі стараюцца. Балазе не адбіцца ад іх – усе пераходы кніжнымі латкамі застаўляны.

Пасля гэтых слоў Яўген ажно зардзеўся ад гонару. Галі так і захацелася яго ўкалоць.

– Скажыце на міласць, якая пава! Ды гэтак ты зусім без чытачоў застанешся, галадаць будзеш… Зразумей жа мяне, Жэнь, – нечытэльныя твае творы. Гэта Вальтэр, здаецца, яшчэ казаў – добра ўсё, акрамя нуды. Кнігі ж пішуцца, каб не ў бібліятэках пыліцца, а каб іх чыталі-зачытвалі. Каб разганяць маркоту і сум.

– Сказаў бы я табе пару ласкавых, ды выхаванне не дазваляе, – дарэшты ўзлаваўся на натурыстую жонку Яўген. – Што ты зноў завяла катрынку! Я ж тлумачу: забаўляльнага дзярма ў кнігарнях – хоць заваліся. Чаго ты мне душу ад’ядаеш, пытаюся?!

– А ты пераступі цераз свой пісьменніцкі гонар, паглядзі на жыццё цвяроза. Недатыка! Слова яму не скажы… Прывык толькі пахвальбу слухаць. А як ты надоечы Васіля абразіў, як яго вершы ганіў?! Забыўся? Пагардліва, гэтак звысоку паляпаў па плячы…

– І правільна зрабіў! – узгарэўся новай тэмай муж. – Так гэтаму бэйбусу і трэба… А то развялося пісакаў! Зараз кожны, хто дзве страфы накрэмзае, паэтам сябе лічыць… Трасца ім у бок!

– Ды як ты можаш, Жэня! – непадробна абурылася Галя. – Чалавек прыйшоў да цябе па шчырасці, даверліва, можна сказаць – першую спробу пяра прадставіць. Паказаць сваё запаветнае, душу раскрыць… Хіба сам такім не быў, хіба не помніш, як гэта цяжка?

– А я гавару – правільна зрабіў і яшчэ зраблю, калі са сваёй пісанінай падлезе! Пісьменнік! Ведаеш, колькі такіх у мяне пісьменнікаў у рэдакцыі бывае на дні? Дзесяткамі! Калі б з кожным цацкацца-цырымоніцца, то мне прамая дарога ў вар’ятню. Хай спярша памучацца, як я, пяць гадоў на філфаку, затым у “раёнцы” задрыпанай пашчыруюць, зразумеюць, што такое прафесійная літаратура. Я ж, калі падбяру пяць нот на акардэоне, не імчуся адразу ў філармонію з крыкам: “Стаўце, грайце мяне!”

– Гэта ж брат твой, Жэнь! І ў яго відавочны талент. Ну, прынамсі літаратурныя здольнасці…

– Брат! Аболтус ён і абармот – вось усе яго здольнасці. Жаніцца яму пара ды кватэру аслабаняць! А то жыве, як пан. Прыйшоў, калі захоча, – і шусь у халадзільнік. Пасля яго – што Мамай прайшоўся. У доме прыбраць, у краму схадзіць ці ў гараж па саленні – тут не! Тут мы вершыкі строчым або за дзеўкамі прыстрэльваем. “Талент”! Ты пры мне гэтае слова не вымаўляй. Дзе ён зараз, ты мне скажы, гэты “талент”? Маўчыш? А я ведаю – на гулянцы чарговай! Чакай, яшчэ прыпрэцца лыка не вяжучы.

– Не ўсе ж такія, як ты, правільныя, не ўсе ж узнёсла-элітарныя пісьменнікі…

– Слухай, што ты заядаешся ўвесь вечар? Зараз нагну ды адхвастаю па задніцы, – сярдзіта, але з гумарам папярэдзіў сваявольную жонку Яўген.

Варта зазначыць, ён моцна кахаў Галю і ніколі не тое што не паднімаў на яе руку, а і ў думках падобнага не трымаў. Іншая справа – дапячы яе языкатасцю. Але тут, як ужо бачна, жонка была не зломак.