Выбрать главу

– Затое ён, калі прыязджае, то ў дзесяць разоў больш за ўсіх разам робіць. І не ляжыць, як ты, пасля кожнага капка лапатай. А ездзіць ён туды не любіць, сам ведаеш, чаму: каб тваю буркатню не слухаць. Ты ж яго поедам ясі!

– Я ў ягоным узросце не тое, што агарод, горы пераварочваў! Камуністы і дэмакраты ў мяне здароўе адабралі. Кол ім у горла!

– Сам ты яго ў сябе адабраў, ды язык твой з’едлівы. Ну, прыкладам, каб не абразіў ты таго ж Васіля ў прамінулыя выхадныя з першых жа слоў, то і ў гараж бы ён пайшоў, і дапамог бы табе без пярэчанняў. Завошта ж яго абібокам і дармаедам абазваў? Хто пасля такіх слоў не ўзлуецца?

– Таму што абібок ён і ёсць. – Сяргей Уладзіміравіч у гэты момант часаў паміж пальцамі босых ног. – Я ў ягоным узросце…

– Ды што ты заладзіў, як сарока: “Я ва ўзросце… я раней… я колісь…” Паслухаеш, дык проста героем ён быў! – чарговы раз перабіла прамоўцу жонка.

– Э не, ужо выслухай, май ласку! – бухнуў кулаком па парэнчы крэсла муж. – Я ў ягоныя гады не на канапе качаўся, а завіхаўся паміж кульманам, дзіцячым садком, домам і магазінамі! Ды ўжо кааператыў, вось гэтую самую кватэру, будаваць распачаў! Бо не было ў мяне гатовенькага. А гэты… Хе-хе… Чуеш, маці, што я ад Жэнькі нядаўна даведаўся? Вершыкі піша! Ну, хіба не ёлупень гэта?

– А што ж тут кепскага?

– Вершыкі! Мала, відаць, такіх паэтаў за савецкім часам у псіхушках пераседзела! Чым справай займацца, сям’ю ствараць, дзяцей нараджаць і гадаваць, мы лепш вершаскладаць будзем! Харошая пазіцыя! І галоўнае – лёгкая, бестурботная. Ты, бацька, шчыруй, гарбацься, а нас не чапай! Нас муза наведала!

– Не разумею тваіх насмешак…

– А я гляджу, ён усё нешта крэмзае апошнім часам: то за сталом, то на канапе ў блакноце. Як зойдзеш да яго – скоранька хавае ды канфузіцца. А ён вось дзе – перац! Праўду кажуць – няма роду без выроду! Канешне, дзе ж тут чалавекам будзеш! Яны ж, паэты, не па зямных – па ўзнёсла-нябесных законах жывуць.

– Не блазнуй, не пасуе гэта пажылому чалавеку, – упікнула Сурмача-бацьку Людміла Пятроўна.

У гэты міг на тумбачцы зазвінеў тэлефон. Яна памкнулася да яго, але муж, што сядзеў бліжэй да апарата, узяў трубку першы.

– Угу, угу… угу... – адно мыкаў ён з кіслай мінай на твары. – Ну што ж… вольнаму воля…

– Хто гэта – Васіль? – хапалася за трубку Людміла Пятроўна.

– Ды не рві ты дрот, – буркнуў бацька. – Павесілі ўжо. Ён, хто ж яшчэ! Лёгкі на ўспамін.

– І што?.. Што ён табе казаў?

– Яго вялікасць паведамілі, што спачываць сёння дома не будуць, – крыўляўся Сурмач-старэйшы. – Заначуюць у заводскім інтэрнаце.

– А ў каго?

– А не дакладвалі! – зляпіў клоунскую грымасу муж. Затым буркнуў: – У мадам сваёй, мусіць. У яго, як ты памятаеш, там мадам ёсць… Вольнаму, так сказаць, воля…

Пасля Васілёвага званка Людміла Пятроўна хутка легла спаць. А раздражнёны Сяргей Уладзіміравіч яшчэ доўга шоргаў, тэпаў і бразгаў на кухні, у ваннай і туалеце. Гэтай ноччу ў яго надарыўся прыступ страшэнных пячоначных колікаў. Вызывалі “хуткую дапамогу”.

9

Праз два дні пасля вышэйапісаных падзей Васіль Сурмач сядзеў у холе пятага паверха будыніны СКБ на мяккай канапе і насцярожліва зіркаў па баках. Працоўны дзень набліжаўся да свайго заканчэння, у шырокім акне, злева ад Васіля, марудна, але няўхільна вечарэла. Справа час ад часу з бразгатам адчыняліся дзверы ліфта, які дастаўляў сюды нешматлікіх службоўцаў. Тут не было канструктарскіх аддзелаў, а размяшчаліся толькі бухгалтэрыя, кабінеты ксеракапіравання, начальніка СКБ і розных яго намеснікаў.

Дык што ж рабіў тут малады і нічым не слынны інжынер Васіль Сурмач? Уся адметнасць яго становішча заключалася ў наступным. Ужо некалькі месяцаў як ён аблюбаваў гэтае месца для пісання вершаў. А што ён іх усё-такі піша, мы няўзнак даведаліся з папярэдніх глаў, калі падслухалі гаворкі яго дамашніх. Хол паблізу кабінета начальніка СКБ быў самым ціхім, нешматлюдным і ўтульным кутком гэтай канструктарскай установы. Тым болей што ўсё службовае жыццё тут згрупавалася направа ад хола: і ліфт, і шэраг кабінетаў, і курыльня, і выхадная лесвіца. Хол знаходзіўся як бы на водшыбе – тыповае месца адпачынку. Людзей, якія меліся сюды завітаць пасядзець, было чуваць зводдалеку па цокаце і грукаце абцасаў па гулкай бетоннай падлозе. Ліфт савецкай вытворчасці, як водзіцца, падыходзіў са скрыпам. І таму Васілю можна было не апасацца быць заспетым знянацку якім-небудзь саслужыўцам за неслужбовым і для нармальнага чалавека смешным заняткам.