Гісторыя далучэння Сурмача да аматарскіх заняткаў літаратурай і простая і складаная адначасова. Вырасшы ў тыповай тэхнічна-інтэлігенцкай сям’і, Васіль усё дзяцінства, школьныя і інстытуцкія гады амаль нічога сур’ёзнага не чытаў. Праграмныя творы беларускай і рускай літаратуры з-за сваёй ідэалагічнай скіраванасці і збольшага вялікіх аб’ёмаў яго не вабілі. Школьныя ж настаўнікі хораша пашчыравалі, каб выпрацаваць у неруплівага вучня агіду да гэтых твораў. Як жудлівы сон, успамінае цяпер Васіль здачу вершаў у няўрочныя часы, выстойванне для таго гадзінамі перад настаўніцкай у чарзе з такіх жа гаротнікаў. Гэтыя катаванні праводзіліся зазвычай напрыканцы вучэбнай чвэрці, асабліва лютыя – пад Новы год. Тады трэба было вызубрыць і адчаканіць літара ў літару ды яшчэ з адпаведнымі інтанацыямі каля дзесятка вершаў Маякоўскага, Твардоўскага, расказаць, не збіваючыся, некалькі празаічных песень М.Горкага і іншых вялікіх пісьменнікаў. Найменшая замінка вяла за сабой выгнанне з кабінета і прыладкаванне ў хвост даўжэзнай чаргі. Некалькі дзён запар да позняга вечара мучыла істэрычная настаўніца рускай літаратуры сваіх вучняў. Ніводзін бядак не абмінаў гэтага выпрабавання. Яе новаўвядзеннем было – ставіць адзнаку па кожным праграмным вершы асобна. А вершы за чвэрць прапаноўваліся для вывучэння на памяць дзесяткамі. Апантаная настаўніца не выстаўляла выніковай адзнакі, пакуль напроці кожнага прозвішча ў класным журнале не выстраіцца энная колькасць ацэнак. І нельга тут было схавацца за хваробы і падобныя ўважлівыя прычыны. А што рабілася з ёю, калі, не вытрымаўшы здзеку з любімага Маякоўскага, бралася яна сама паказваць, як трэба чытаць яго вершы! І без таго бледны твар настаўніцы бляднеў яшчэ больш, уся ейная постаць рабілася як бы бязважкай і небанакіраванай, голас трымцеў утрапеннем падзвіжніцы, выразныя жэсты рук то секлі ад пляча, кленучы ворагаў рэвалюцыі, то крыллем птушкі ўзмахвалі дагары, перадаючы нястрымны палёт у светлую будучыню. Васіль не мог тады адарваць ад яе вачэй. І таму свае “траякі”, атрыманыя за чытанні такіх векапомных вершаў, здаваліся яму Божай ласкай.
З беларускай літаратурай стасункі былі не лепшыя. Першыя пяць гадоў іх вучыла пажылая добрая і надзвычай непатрабавальная настаўніца. Яна расперазала іх да такой ступені, што вучні на ўроках роднай мовы і літаратуры хадзілі на галовах, тузаліся, раўлі ва ўвесь голас і, вядома, сказа пабудаваць па-беларуску былі няздатныя. І калі ў апошнія два гады, з прычыны сыходу памяркоўнай настаўніцы на заслужаны адпачынак, іх клас прыняў новы педагог, надарылася катастрофа. Новая настаўніца, суровая кабета гадоў сарака, двойкамі па ведах і паводзінах хутка ўтаймавала сваіх падапечных. А Васіль з-за свайго панурага і натурыстага характару адразу ж патрапіў пад гарачую руку і быў неафіцыйна залічаны ў галоўныя разбойнікі і бузацёры. Ён нагрубіў настаўніцы па нейкай пусцяковіне. Тая аказалася задужа злапомнай і не даравала яму ажно да выпускнога вечара. Тройка па беларускай літаратуры была адзінай у пасведчанні аб заканчэнні школы. Ці да любові тут да роднае мовы?
Нават у самым квяцістым і вычварным сне не мог сасніць тады Васіль Сурмач, што праз некалькі гадоў не пад прынукай, а самохаць захопіцца ён літаратурай, што сам будзе нешта такое крэмзаць. Што запішацца адразу ў некалькі бібліятэк горада, што будзе чытаць запоем класічную літаратуру. А тым не менш менавіта так сталася.
Пачалося ўсё з таго, што ў адзін памятны дзень не аказалася ў яго пад рукой прывычнага пікантна-жвавага чытва (са стралянінай, пасцельнымі сцэнамі і абавязковай дэтэктыўнай закруткай). Не паказваў у той вечар нічога падобнага і тэлевізар. І тут на вока замаркочанаму ад бяздзейнасці хлапчыну трапіўся рад кніг у цёмна-сініх строгіх вокладках. Тое быў збор твораў А.Купрына. Васіль ведаў гэтыя кнігі па тым, што ягоны брацельнік з братавай у свой час проста зачытваліся імі, прытым прыводзілі адно аднаму ўслых асабліва смешныя месцы ці трапныя выразы і тады проста каціліся з рогату. Васіль шчыра зайздросціў ім, бо і сам любіў забаўляльнае і жывое чытво. Заміналі ўзяць у рукі тыя строгія тамы дзве акалічнасці. Па-першае, гэта была ўсё-такі класіка. А слова “класіка” яшчэ са школы выклікала ў Сурмача моцную ўнутраную дрыготку. Па-другое, надта ўжо паблажліва, з пыхлівым выглядам прапаноўваў яму пачытаць Купрына старэйшы брацельнік – сарамаціў неадукаванасцю, цемнатою, вузкім кругаглядам і падобнае. А Васіль з дзяцінства прывык пярэчыць брату.
Але ў той вечар Яўген з Галяй былі, здаецца, у тэатры, і таму Васіль адвольна, але без асаблівых спадзяванняў і даверу вышмаргнуў з багатай кніжнай секцыі першы том А.Купрына. Ён меркаваў прачытаць адно-два апавяданні, расчаравацца і кінуць. Але з першых жа старонак, што называецца, з галавой акунуўся ў яскравы свет надзіва жывых, трапяткіх і праўдзівых вобразаў. Кароткія апавяданні Купрына ўяўляліся яму проста выхапленымі з віру паўсядзёншчыны кускамі жыцця, кускамі, нейкім неймаверным майстэрствам пакладзенымі на кніжныя старонкі. На гэтых плоскіх аркушах паперы, сярод радкоў тэксту, бурліла сапраўднае, паўнакроўнае, радаснае і горкае жыццё. Там кахалі і ненавідзелі, радаваліся і плакалі, нараджаліся і паміралі людзі, у існаванні якіх Сурмач ані на секунду не ўсумніўся. Кожнае невялічкае, на пяць-дзесяць старонак, апавяданне выклікала ў яго буру эмоцый, ускалыхвала прыбітыя камуністычнай ідэалогіяй і матэрыялістычным выхаваннем спрадвечныя памкненні чалавечай душы, адказвала на пытанні, якія за амаль дваццаць гадоў свядомага быцця назбіраў Васілёў розум. Адказваў на пытанні, на якія, здавалася б, не можа адказаць чалавек.