Выбрать главу

Набраў нумар Змітра Куліка, да якога два дні запар не мог дазваніцца.

– Але-э-э… – раздалося пасля некалькіх гудкоў няўцямнае мыканне.

– Змітрок? – узрадаваўся Сурмач.

– Ён самы… З кім маю гонар? – прывычна дурыўся на тым канцы лініі не то сонны, не то п’яны прыяцель.

– Ты што, не пазнаеш, душа пусцяковая? – Васіль не быў схільны да жартаў. – Дзе ты прападаў двое сутак? Я ж у штанах твайго бацькі цяперака пражываю.

– Ды не хвалюйся, бацька ўжо згледзеў… прапажу… Ух-хе-хе. Тут такое было! Карацей, не тэлефонная размова!

– Ну ты, спадзяюся, мяне адмазаў?.. – мімаволі пераходзіў на кулікоўскі жаргон Сурмач.

– Не бойся, усё нармалёва, усё на мазі…

– “На мазі”! – ускіпеў Сурмач. – Ты мне мае штаны калі вернеш?

– А… твае… – па тоне Змітрака Васіль западозрыў, што са штанамі не ўсё так проста. – А твае, брат, яшчэ шукаць трэба. Тут, прабач, такое было! Бацька Хрэну ўсю морду расквасіў, а рэчы ягоныя за ім на лесвіцу выкінуў… Мо й порткі твае… ха-ха… паляцелі да кучы.

– Я табе, юрод, аблічча пакарабачу! – зароў Сурмач і тут жа спахапіўся, прыпаў вуснамі да самай трубкі і зашаптаў: – Я ж па тваёй міласці дома не жыву, я сабе бёдры рэменем намуляў, твае кароткія штаны апускаючы… А яму смех! Чакай, заеду я да цябе сёння!

– Ані! Не рабі глупства! – усклікнуў напалоханы Кулік. – Продак мой яшчэ не астыў – звер зверам. Я сам толькі сёння дамоў вярнуўся… з павіннай. І не думай нават!

– Ды зразумей жа, галава, я ў бліжэйшыя дні дамоў – не хадок: мне фізію на вашым раёне прычасалі ды па кішэнях прайшліся… А ў портках тваіх цесных няўцерп мне болей хадзіць. Мазалі паміж ног ускочылі.

– Пацярпі, пацярпі, браток… – па-дзіцячаму ўпрошваў Зміцер. – А я штанцы пакуль адшукаю і праз некалькі дзён… Ды мяне ўсё роўна дні тры-чатыры дома не будзе – у Польшчу зматацца трэба… Дакладней, да мытні пад’ехаць.

– А ідзі ты ў задніцу! – Раз’ятраны Васіль кінуў трубку.

У гэты час крыкліва адчыніліся грувасткія ўваходныя дзверы, і ў памяшканне сектара ўляцела ўзрушаная Зоська Шальговіч.

11

Твар Васіля пачаў распаўзацца ў кіслую, гідлівую міну. Так, Зося Шальговіч з некаторых пор выклікала ў яго выключна нізкія пачуцці. Напружыўшы волю, хлопец стварыў на сваім абліччы адносна зычлівы выраз, злёгку хітнуў Шальговіч галавой – маўляў, усё нармалёва – і хуценька перасеў на працоўнае месца.

Удаваць рупліўца на ніве канструявання заставалася нядоўга – прыкладна паўгадзіны. Сурмач выдатна разумеў, што ўвесь гэты час Зоська будзе пільнаваць яго неадступна. І самае кепскае, што выйсця ў яго, Васіля, няма ну ніякага. Шлях дамоў яму да канца тыдня закрыты, гэта як лёду. А за хлеб, дах і ложак трэба расплачвацца, патураць усялякім прыхамацям палюбоўніцы. Між іншым, Шальговіч яшчэ ўчора ноччу залучылася Васілёвай згодай ехаць на выхадныя да яе бацькоў у вёску. Прывезці на рэйсавым аўтобусе сала, бульбы ды яшчэ той-сёй агародніны. Вядома, прыйдзецца папрацаваць фізічна.

Сурмач, паглыблены ў невясёлыя роздумы, бязмэтна шчоўкаў “мышшу” па полі “Windows”. На Шальговіч ён наўмысна не глядзеў, аднак чуў яе штучны смяшок у сугуччы з прыглушаным рогатам Віцькі Крукава і звонкім шчабятаннем Марыі Лухвіч. Гэтыя трое гаманілі аб чымсьці змястоўным і, пэўна, далёкім ад службовай тэматыкі.

– Лухвіч, а што, працоўны дзень ужо скончыўся? – падаў голас са свайго “акварыума” Пятро Яфімавіч Маскаленка. – Га? Нешта не разумею я цябе, шаноўная.

Галоўнага напрыканцы рабочага дня разбірала нуда, а прыдзіркі да Машы яго забаўлялі. “Хай бы лепш Зоську адсюль турануў. Вось жа хітрахвостая дрэнь! – з раздражненнем думаў Васіль. – Заўжды на ёй нібы шапка-невідзімка напята. Яўна ж валэндаецца тут без справы, а гэты ёлупень Маскаленка на яе – нуль увагі”.

– А што такое? – пасля даволі доўгай паўзы, з выклікам азвалася Маша.

– Ты мне дурніцу не ўдавай! – задзірліва выкрыкнуў са свайго месца Маскаленка. – Справай займіся. Ці не памятаеш, што ты мне вінная?

– Я ў вас не пазычалася! – нагрубіла шэфу Лухвіч.

Тут жа ў розных кутках залы раздаліся няроўныя па гучнасці смяшкі. Гэта ўгнявіла Маскаленку.

– Марыя Лухвіч, – ціха і афіцыйна прамовіў начальнік.

– Я… – з нелюбоўю ў голасе адгукнулася Маша.

– Хадзі, даражэнькая, да мяне…

– Я вам не даражэнькая, – абурылася падначаленая, аднак мусіла падпарадкавацца афіцыйнаму вызаву.