Выбрать главу

Праз пяць хвілін размова ў шэфавым “акварыуме”, што распачалася даволі прыстойна і стрымана, перарасла ў тыповую сварку з выгукамі, кпінамі і нават абразамі блізу: “…лясы точыш”, “…вы мне не ўказ”, “…як баба базарная”, “…і звольнюся”, “…лёгкага ветру”.

Васіль вялікімі намаганнямі стрымліваў рогат. Дальбог, было нялёгка гэта рабіць, бо побач, схаваўшыся за сваім кульманам, заразліва аддаваўся “смехавіцкаму” бывалы інжынер Грышка Шпак. Яго сівая з праплешынамі галава білася аб стол у нястрымных сутаргах. А справа ад Сурмача, раз-пораз вызіраючы з-за кампутара, па-клоунску грымаснічаў Віцька Крукаў.

Словам, працоўны дзень завяршаўся досыць весела. За дваццаць хвілін вышэйзгаданай службовай звады нават Васіль, якога нясцерпна муляў рэмень чужых штаноў, якому ціснула на падсвядомасць невыгода пражывання з Шальговіч яшчэ некалькі дзён, няўзнак прыйшоў у гумор.

Ён не агрызнуўся, калі на прахадной завода Зоська драпежна вынырнула з натоўпу, схапіла яго за локаць і шэптам загадала чакаць яе праз пятнаццаць хвілін каля універсама “Цэнтральны”, а падміргнуў ёй па-змоўніцку: “Усё як мае быць”, – і ўсміхнуўся неспадзявана праяснеламу вячэрняму небу.

Пасля гэтага палюбоўнікі рушылі ад брамы паасобку.

Інтэрнат, дзе пражывала Зося Шальговіч, знаходзіўся праз два кварталы ад гэтай заводскай прахадной. Універсам “Цэнтральны” – праз адзін. Яны абыходзілі той квартал з супрацьлеглых бакоў.

…Васіль толькі што дапяў скрыжавання і павярнуў на запаветную ціхую вулку, як нехта гаркнуў у самае вуха:

– Куды так мэтанакіравана, чалавеча?

Хлопец сцепануўся ад нечаканасці. Ён не любіў такіх жартаў, бо яны заўсёды ўносілі сумятню ў яго ўнутраны свет, быццам хтосьці ўрываўся ў цёплае, добраўпарадкаванае і выпакутаванае жытло і гарлаў: “Вымятайся!”

Гэта быў супрацоўнік іх сектара Пецька Мяркулаў – хлопец яго ўзросту, хітрун, гулёна і зацяты марнатравец працоўнага часу. А ў цэлым – душэўны і неблагі чалавек. Між іншым, з відавочнымі артыстычнымі здольнасцямі. Паступленне ў тэхнічнае ВНУ было яўнай і недаравальнай памылкай Мяркулава, і таму ён усяляк кампенсаваў гэта дасціпнымі розыгрышамі, падколкамі і пацвельваннямі з саслужыўцаў у рабочы час, з’яўляўся непераўзыдзеным знаўцам шматстайных анекдотаў і баек, быў цвіком праграмы пры правядзенні банкетаў, застолляў і спантанных папоек.

– Ды так, гуляю… – з насцярогай адказаў Пецьку Васіль, не спыняючы хаду.

– А… – З цыгарэтай у зубах, Мяркулаў крочыў з Васілём поплеч. Ён раз-пораз нахіляў бялявую кудлатую галаву наперад, паварочваў шыю і зазіраў спадарожніку ў вочы. Быў Мяркулаў прыкладна на паўгалавы ніжэйшы ад Сурмача.

– А я думаю: чаго ён сюды шуруе? – жыццярадасна гаманіў Пецька. – А не хочаш – да мяне? У нас там сабантуй намячаецца невялічкі… Павяселімся ў харошай кампаніі.

Мяркулаў жыў у той жа “общаге”, што і Зоська.

– Ды не, справы… – адказаў Сурмач. – Тут з чалавечкам адным дамовіліся…

– А… ну, калі з “чалавечкам” – тады разумею, – хітра падміргнуў Пецька і выплюнуў акурак. – І ўсё ж, калі будзе настрой, завітвай. Хаця б і з “чалавечкам”. Мы, мабыць, позна будзем сядзець. Нумар пакоя памятаеш?

– Ага, – механічна кіўнуў Васіль. – Бывай, Пець…

“Ці не на адзін сабантуй кіруем?” – паўстала ў свядомасці справядлівае пытанне.

Сурмач паціснуў на развітанне руку свайму непажаданаму спадарожніку і з ненатуральна заклапочаным выглядам збочыў у нейкую падваротню. На сэрцы было брыдка ад уласнай хлусні. Праклятыя жыццёвыя абставіны! Завошта ж змушаеце вы Васіля быць не самім сабой, чаму штурхаеце на не вартыя сумленнага чалавека ўчынкі? “Чорт мяне пабірай!” – думаў хлопец, у паўзмроку лавіруючы між сметніц, пранікаючы ў прарэхі агароджаў цесных старых панадворкаў, каб выбрацца на паралельную вулачку. Дзе той блаславёны час, калі Васіль хлусіў, вычвараў, што душа пажадае, ды пры гэтым не знаўся з дакорамі сумлення?.. З аднаго пад’езда на яго з немым брэхам выкацілася і ледзьве не цапнула за нагу маленькая і злосная псіна. А калі пералазіў цераз адну нізкую загарадку, надарваў у раёне прамежнасці агорклыя штаны Змітракова бацькі.

Гэтыя непрадугледжаныя манеўры адабралі нямала часу, і да універсама “Цэнтральны” хлопец прыбыў са значным спазненнем. Метраў за пяцьдзесят да ўвахода ў краму Васіль наўмысна запаволіў крок, каб Зоська не падумала, што ён ляцеў сюды язык высалапіўшы.

Верная сяброўка ўжо стаяла на высокім ганку і зіркала па баках, марна спрабуючы згледзець свайго кавалера сярод прахожых. Горад акунаўся ва ўсёабдымную вечаровую цямрэчу. Ліхтары ж беражлівая дзяржава ўключаць, як заўжды, не спяшалася.