Яна ўсё ж прыгажуня, гэтая Зоська Шальговіч. Васілю ўсцешна было цікаваць збоку, як дзяўчына, на якую звяртае ўвагу ці не кожны другі прахожы мужчынскага полу, нервова азірае наваколле з высокага ганка, камечыць у далонях ручкі сумак. Яго – Сурмача – чакаючы! Чаму ён на яе ўз’еўся, Васіль і сам пэўна не ведаў. Ці не спрацоўвае тут дзіўная акалічнасць чалавечай псіхікі, па якой мы часцяком грызёмся, сварымся са сваімі сямейнымі, у прынцыпе, самымі блізкімі і надзейнымі людзьмі, неяк няўзнак робім ім нечуваныя подласці?
Васілю раптам стала шкада Зоську. Яна здалася яму няшчаснай. Хвіліны стоенага жалю да яе і раней, бывала, уздымаліся з душэўных глыбінь, але, нібы напужаныя тарахценнем грубай рэчаіснасці, толькі высунуўшыся, хаваліся зноў пад трывалую маску нячуласці. У такія моманты Сурмач міжволі перажываў чужое жыццё, як адкрыццё яўляліся яму чужы боль, смутак, чужая безвыходнасць і адзінота. Тады ашаламляла тое, што перажывае, пакутуе і змагаецца на гэтай зямлі не ён адзін, а яшчэ нехта другі, а значыць – і тысячы, мільёны, мільярды жывых істотаў. Гэты боль, непараўнальны па маштабах з яго асабістым унутраным болем, абрынаўся ў Сурмачаву душу, і тады, падпарадкоўваючыся непарушнаму інстынкту выжывання, нешта хуценька зачынялася ў гэтай маленькай душы. Бо, акрамя Хрыста, ніхто яшчэ гэты боль не вытрымліваў… Пасля такога імгненнага адкрыцця сардэчнай засланкі вернуты ў рэальнасць Васіль некаторы час, асабліва знаходзячыся на адзіноце, якімсьці ўнутраным вокам бачыў аб’ёмнасць і неўміручую вялікаснасць сусвету. А ўнутры, у сховах неспасціжнай сваёй душы, усталёўвалася салодкая злагада. Гэты непаўторны экстаз дасягаў такой моцы, што слёзы набягалі на вочы, і скрозь вільготную павалоку ўсцешным, нязнаным святлом ззяла кожная галінка, каменьчык, кожная птушка і чалавек. Бо яны ўжо былі Васілём, а ён быў імі. І толькі нейкія надуманыя, але дужа трывалыя законы грамадскага суіснавання тармазілі яго душэўны парыў кінуцца і цалаваць прахожых, зямлю, кветкі…
Гэтая хваля мілосці да ўсяго зямнога сыходзіла павольна, але няўмольна, нязменна. Сурмач нібы ўвачавідкі назіраў, як пласчэюць прадметы і абрысы дрэў, як людзі набываюць свае чалавечыя абліччы, як драбнеюць уласныя думкі… Праз колькі часу ўсё вярталася ў прывычныя рамкі. Аднак у гэтым паступовым вяртанні, павольным пераходзе ад метафізічнай відушчасці да рэальнага быцця, цьмяна бачыўся Васілю вялікі, боскі сэнс.
І самае адметнае, што вышэйапісаныя прыступы высокага жалю надараліся толькі тады, калі ў душу западаў воблік якой-небудзь няшчаснай, далікатнай, несамадастатковай істоты. Будзь тое нават кволая былінка, бляклая кветачка. Бо сытае і самаўпэўненае наўрад ці здольнае выклікаць такую незвычайную, прасветленую спагаду. Дый ці патрэбна спагада самадастатковаму?
12
– Зось! Я тутака, – аклікнуў нарэшце сяброўку Васіль. – Давай спускайся!
Пачуўшы яго вокліч, Шальговіч страпянулася, пару секунд няўцямна павадзіла позіркам па людскіх галовах і заўважыла Сурмача. Яе вочы на мізэрнае імгненне загарэліся радасцю, але яшчэ хутчэй гэтая радасць скрылася за напускной незадаволенасцю, раздражненнем, жаночай крыўдлівасцю.
– Ну, ты ў сваім стылі! Пазней не мог падысці? – абуралася Зося, набліжаючыся да свайго кавалера. Пасмы доўгіх белых валасоў целяпаліся на фоне цёмна-рудой скураной курткі. Зоська была надзіва прывабная ў няшчырым гневе.
– Не шумі, даражэнькая, – міралюбіва казаў Васіль, прымаючы ў яе сумкі з пакупкамі. – А ты цудоўна выглядаеш сягоння.
– Не падлізвайся! – Шальговіч задзірыста трасянула точанай галавою, свабоднай рукой адкінула валасы з ілба набок. Пры гэтым на імгненне адкрылася адно маленькае, дасканалай формы вуха і тут жа зноў схавалася за непаслухмянымі белымі кудзеркамі.
“Рэдкай прыгажосці жанчына, – адзначыў пра сябе Сурмач. – І чаго я яе не люблю?”
– Гарэлкі набрала? – спытаўся Васіль, калі яны перайшлі вуліцу.
– Што значыць “набрала”! Узяла адну бутэльку. Цябе, гляджу, толькі гарэлка й цікавіць, – з’яхіднічала Зоська.
– Мяне цікавіш ты, а гарэлка – для смеласці, – карава пажартаваў Сурмач.
– Ох, ох, ох, бачылі мы такіх нясмелых! – Шальговіч нібы няўзнак праціснула сваю кісць пад локаць спадарожніка.
– Папрашу без рук! – Васіль, выслабаніўшы локаць, прытворна шарахнуўся ад сяброўкі. – Не забывайся трымаць дыстанцыю.
– Ах ты, свінчо! – абурана сыкнула Зося, але ўсё ж перастала вешацца на прыяцеля.
Хаця пра іх службовы раман у СКБ не ведаў, можа, толькі беспрасветны боўдзіла, палюбоўнікі на людзях ніколі не хадзілі цеснай параю. Нават торбы з харчам Васіль прыняў сёння ў Шальговіч як выключэнне.