Выбрать главу

Яны вырулілі на ціхую брукаваную вулачку і спускаліся па ёй паўз паваенныя будыніны да інтэрната. Сцішана перакідваліся малазначнымі словамі. І тут, невядома чаму зірнуўшы вышэй ад прывычнага поля зроку, Васіль быў моцна ўражаны нечаканай карцінай. Метрах у пяцідзесяці наперадзе і прыкладна ў трыццаці метрах леваруч вычварным агнём гарэла аляпаватая вежа старога бровара. Праўдзівей, гарэла (акурат гарэла, хаця напраўду – чымсьці высвечвалася) толькі метраў пяць самага верху гэтай высознай камяніцы. Кантраст крыклівага бурштынавага святла са змрочным, ахутаным густым прыцемкам наваколлем быў проста ашаламляльны. Асобныя жаўтлявыя акенцы цагляных дамоў, што бліскалі паабапал яшчэ не асветленай ліхтарамі вулачкі, непараўнальна саступалі ў яркасці святлу вежы. Яна, нібы карабель, паўставала над цёмнымі абрысамі-хвалямі дахаў, прамянілася і адначасова нітрохі не асвятляла ні скаты гэтых дахаў ні, тым болей, глыбокае рэчышча вулкі.

Васіль знямела і заварожана пазіраў на гэтае дзіва. Адчуванне звышнатуральнасці доўжылася якіх паўхвіліны. Затым інжынер Сурмач, чалавек усё-ткі цвярозага розуму, сцяміў, што на вежу старога бровара кінула пук апошніх сённяшніх промняў нябачнае сонца: небакрай трывала затулены ад яго пагляду цеснымі гарадскімі забудовамі. А паколькі ў полі зроку вышэйшых за вежу будынкаў няма, то і ствараецца гэтакі цудадзейны эфект. І ўжо зусім не складана было зразумець інжынеру-канструктару, што вугал падзення адбітых ад вежы промняў на крутыя скаты дахаў старых двухпавярховак амаль роўны нулю.

Усё гэта так… Тым больш што мяжа святла і ценю на вежы ўвачавідкі паўзла ўгару, і праз хвіліну-другую, зіхатнуўшы апошняга разу на металічным вільчыку, сонца зрынула свае промні ва ўсёпаглынальную прорву Сусвету. Але нешта ўжо выразна адстукала ў Васілёвым мозгу прачулым голасам:

– О, захад, смутку вартаўнік,

“Яшчэ, ну яшчэ, калі ласка!” – трымтліва прасіла ўся паэтава сутнасць.

І праз нядоўгую, але пакутлівую паўзу да першага гарманічнага радка дадаўся другі, трэці, чацвёрты:

– Вароты цьмяныя прычыніш

І сонейка апошні блік

На вежы замкавай пакінеш…

Запаліліся вулічныя ліхтары, а над патухлай вежай бровара няярка выступілі дзве-тры першыя начныя зоркі.

“І будзе ўсё, як ты хацеў:

І ноч, і ветах над лясамі…” – на хаду паспеў улавіць Васіль, калі, загадаўшы Шальговіч самастойна прайсці астатак шляху, сігаў у найбліжэйшую падваротню. Там, упоцемку дваровага закутка, выціраючы плячом тынк нейкага муру, па-зладзейску накерпаў ён у блакноце нованароджаныя паэтычныя радкі.

13

– Вось я цябе не разумею, Зось, – ушчуваў Васіль Шальговіч, лежачы на стандартным ложку інтэрнацкага пакоя. – Усё табе нагадваць трэба…

– Гэта ты пра што? – адгукнулася Шальговіч з суседняга ложка.

Яна была занята зашываннем надарваных Сурмачавых штаноў. Між іншым, уладальнік гэтых штаноў часткова прыкрываў голыя ногі світэрам. Ён варушыў пальцамі ног і з нуды прасоўваў іх між арматурын ложкавай спінкі.

– Ну як жа! – працягваў Васіль. – Вось ты накупіла прадуктаў, гарэлкі дзеля пагулянкі не пашкадавала… Так?

– Угу… – Шальговіч ужо падазравала падвох.

– А спытацца, ці забяспечаны курывам твой нарачоны – тут не! – скамарошнічаў Сурмач. – А гэта, між іншым, ці не асноўная мая ўцеха на гэтым нелагодным свеце.

– Ты б, чым плявузгаць, памыўся пайшоў, – незласліва буркнула Зося. – Дый пагаліцца б табе не зашкодзіла. Паглядзі, як за дзень утравеў.

– Гэта з якое радасці я галіцца павінен? – наўмысна заядаўся Сурмач. – Дзеля гэтых абармотаў? Не смяшы!

Ён падагнуў адну валасатую нагу і закінуў на яе другую. Світэр пры гэтым споўз.

– А зрэшты, ты не ўвільвай ад тэмы! – доўжыў галаногі філосаф. – Чаму я ў цябе кожнага разу павінен пачак цыгарэт выпрошваць? Уніжацца пры гэтым… Карміць жа ты мяне не забываешся? Быццам не ведаеш, што любімы твой чалавек надоечы быў збіты да бяспамяцтва і абрабаваны, што кішэнная хвароба яго – гэта подлая неспадзяванка, што не далей як праз тыдзень стане ён на свае ногі і тады ўсё табе да капейкі сплоціць?.. Тады і ад невыгод, звязаных з яго пражываннем, пазбавішся…

– Ах ты хамула! – ускіпела Шальговіч.

Яна перакусіла нітку, ускочыла на ногі і шпурнула штаны ў языкатага прыяцеля. Той злавіў іх на ляту.

– І ён яшчэ незадаволены! – узяўшыся ў бокі, крычала маладзіца. – Жыве тут, як у Бога за плячыма, а замест падзякі мне нервы матае!

– Не раві, дурніца! – насмешліва адбіваўся Васіль. Ён спрабаваў апрануць вузкія штаны, не паднімаючыся з ложка. – Суседзі пачуюць – табе ж горш. Потым плётак не абярэшся.