Але ён ужо дабіўся свайго – развар’яваў страсную сяброўку. Тая падскочыла да яго і рванула напаўадзетыя штаны на сябе. Сурмач кулём зваліўся з нізкага ложка на падлогу. Паспрабаваў ускочыць, але заблытаўся ў калашынах і плюхнуўся на жывот. Яго прыяцелька насела зверху і пачала валтузіць за каўнер кашулі, прыгаворваючы:
– “Дурніца!” І ведае ж, як заесці, паскуднік! “Дурніца!” Сапраўды, дурніца і ёсць, што такога паразіта прывячаю! Колькі крыві ты мне папсаваў!
– Ты што, азвярэла?! – зароў Васіль, калі адчуў, што Зосьчыны пальцы ўчапіліся ў яго шавялюру. – Валасы не дзяры… Ай!
З енкам ён крутануўся набок, схапіў кісць раз’ятранай прыяцелькі і насілу адарваў ад валасні. Саштурхнуў з сябе дужае цела Шальговіч. Грукнуўшыся на падлогу, дзяўчына адразу ж устала на калені і, перарывіста дыхаючы, глядзела на Васіля. “Не раўнуючы дзікая кошка! – падумаў хлопец, бо ў паглядзе яго палюбоўніцы зараз напраўду было мала чалавечага. – Во гарачая натура, я…” – Ён не паспеў завяршыць апошнюю думку, таму што Зоська ці то жартам, ці то ўсур’ёз рынулася на яго ў новую атаку.
Машынальна зрэагаваўшы, Сурмач адбіў яе чэпкія рукі, аднак тыя спрытна сышліся за яго спінай, на грудзі абрынуўся магутны жаночы бюст, а гарачыя вусны Шальговіч літаральна прыліплі да шыі. Гэтакі козыт няможна было трываць жывому чалавеку, і ўжо праз пару хвілін, утрапёна тузаючы хісткі галасісты ложак, шаптаў ачмурэлы Васіль:
– Сонейкая маё, самая… самая харошая… А-а-а!..
– Ой, Васілёк, ой, не так скора, любенькі… – млела яго каханка.
...“Што за чартаўшчына! – кляў сябе праз некаторы час Сурмач, папраўляючы перад люстэркам гальштук. – Вось і купіў дуду на сваю бяду, бесталач! Добра што дыван на падлозе пасланы. Іначай – бывай, кашуля мая адзіная святочна-рабочая!”
– Вась, ты гатовы?! Паспяшай! – даносіўся з ваннай звонкі, як і бягучыя струмені, галасок Зосі.
– Гатовы, – без энтузіязму, глуха адказаў ейны сужыцель.
“Гатовы, ясная рэч! – сердаваў ён пра сябе. – І што дзіўна: ёй пасля такіх заварух хоць бы хны, а я – што лімон выціснуты. Выйдзе зараз румяная, свежая, задаволеная, смяяцца, жартаваць будзе ўвесь вечар!”
Сурмач нядобра пакасіўся на прачыненыя дзверы ў пярэднюю, дзе была ванная і туалет. “І самае крыўднае, што сам жа нарваўся, – доўжыў вярэдзіць душу хлопец. – Праўду кажуць, хто бяжыць, той і спатыкаецца…” Раптам уявілася п’яная і пуста-гаварлівая інтэрнацкая сябрына, дзе ён маецца бавіць рэшту вечара, бязбожна пракураны катух… “Нап’юся сёння, гары яно гарам!” – роспачна махнуў на ўсё Васіль.
…У двухмесным казённым пакойчыку з нагоды нейкай жыццёвай падзеі сабраліся наступныя асобы. Гаспадыня – Зосіна неразлучная сяброўка Алена – са сваім грамадзянскім мужам. Грамадзянскі муж Сяргей, мажны трыццацігадовы інжынер з вопытнага цэху, ужо з год па неафіцыйнай дамове пражываў з Аленай у адным памяшканні. Акрамя Шальговіч і Сурмача, які завітаў сюды без належнай радасці, прыбыла яшчэ адна пара інжынераў, таксама насельнікаў гэтага інтэрната: Святлана і Ян. Іх Васіль помніў цьмяна. Здаецца, Святлана была прыяцелькай Алены.
Гэты хаўрус не выклікаў у Сурмача асаблівай незадаволенасці. Бо Алена з Сяргеем былі людзьмі, можна сказаць, сваімі, праверанымі, а Святлана і Ян працавалі, як высветлілася, на заводскім філіяле і таму не маглі стаць разносчыкамі плётак па СКБ. Але такі памысны расклад сапсаваў не хто іншы, як Віцька Крукаў, што нечакана заявіўся сюды на лёгкім падпітку. Напаткаць суседа па працоўным месцы Сурмач тут аніяк не чакаў, бо не чуў пра яго сяброўскія дачыненні ні з Аленай, ні тым болей з Зоськай. Да таго ж Крукаў быў чалавекам не проста сямейным, а яшчэ і бацькам з трохгадовым стажам. Як аказалася, ён учора сплавіў жонку з дзіцем у райцэнтр да сваіх бацькоў на няпэўны тэрмін і з гэтай прычыны наважыў сёння расслабіцца. Запрасіў яго сюды Сяргей пад час выпадковай сустрэчы ў інтэрнацкай курыльні.
З-за прысутнасці гаманкога ды дападкога Крукава Васіль увесь вечар адчуваў сябе скута, знарок не аказваў Шальговіч ніякіх знакаў увагі, хмурыўся, у размовы не ўплятаўся, а мэтанакіравана піў “горкую”. А Зоська, згледзеўшы яго няёмкасць, настырна задавала яму голасныя пытанні, хілілася да яго корпусам, дакраналася пад сталом пышным сцягном да яго нагі, употайкі пашчыпвала яго руку, п’яна зазірала ў вочы, непрыстойна рагатала, какетліва штурхала ў бок. Сурмача пакрысе апаноўвала ціхая злосць. Ён сердаваў на Сяргея, што легкадумна запрасіў сюды балбатлівага Віцьку, сердаваў на пыхліва-маўклівага Яна і яго галасістую, вяртлявую палюбоўніцу, амаль ненавідзеў расчырванелую ад алкаголю Шальговіч. Злаваў яго і гэты квадратны пакой з нязменнымі казённымі ложкамі, табурэткамі, жоўтымі аблезлымі сценамі. Раздражняў яго неахайны посуд і стопкі для гарэлкі замест чарак.