Небагатай па змесце была і насычаная гулам, гудам ды асобнымі выкрыкамі застольная гутарка. Тут перамывалі косткі саслужыўцам (кожны – сваім), успаміналі застарэлыя крыўды і звады, завочна пракліналі крыўдзіцеляў, наракалі на ўсеагульную галечу і бесталковасць дзяржаўнага кіраўніцтва; тут жа прапаноўвалі рэцэпты падняцця з руінаў эканомікі і культуры, слёзна ўспаміналі гады дзяцінства і юнацтва, калі жылося непараўнальна лепей, чым зараз; адначасова зайздросцілі сваім равеснікам, школьным аднакашнікам і прыяцелям, якія падаліся ў бізнес; строілі ўтапічныя планы, як змяніць уласнае гаротнае жыццё ў лепшы бок. Нехта кляўся паслаць к чорту інжынерства, выкінуць дыплом і заняцца валютнай спекуляцыяй. Нехта парываўся ці не заўтра ехаць на заробкі ў Аўстралію. Нехта проста хваліўся, што можа горы звярнуць. Гэтыя нецвярозыя разважанні раз-пораз перарывалі выгукі тыпу: “Будзьма разам!”, “Ну й хрэн з імі!”, “За адраджэнне!”, а таксама сакавітыя выслоўі і местачковыя прымаўкі: “Будзе час, будзе й квас”, “Смачная кашка, ды зрабіць цяжка”, “Шырокае поле: ідзі, куды воля” і іншае.
Па інтэрнацкай завядзёнцы, за выключэннем Сурмача, усе елі вельмі бадзёра. Ажно да непрыстойнасці. Такі звычай знішчаць перш-наперш небагаты запас закусі, бясспрэчна, выпрацаваўся асаблівасцямі суіснавання ў “общаге”: каб не аб’елі хаўруснікі. Пакуль Васіль лыпаў вачыма і страляў варон, два кольцы лівернай каўбасы, яешня і кількі ў тамаце былі зніштожаны дазвання. Засталося толькі найменей пажыўнае і прывабнае: гара нядбайна нарэзанага чорнага хлеба, некалькі цыбулін і пару талерак зялёнага свойскага сала. Зазначым, што ў тыя “развальныя” часіны дастаць які-кольвек прыстойны харч было вельмі няпроста. Па ўсё трэба было адстойваць даўжэзныя чэргі. Таму прыкупіць штосьці зараз, вечарам, можна было і не спадзявацца. Расшалопаўшы гэта, Васіль хуценька вываліў у сваю пасудзіну чвэрць усяго сала, што засталося, прысунуў бліжэй пару цыбулін, прыбарахліўся і хлебам. Але, найхутчэй, было ўжо позна. “Сталічная”, якую тут глушылі амаль безупынку, зрабіла сваю чорную справу: абліччы суседзяў па стале расплываліся ўваччу Сурмача ў каравякі, сцены пакоя хіліліся ў бакі, крэсла пад ім каварна гушкалася, ногі нібы адняло. Праз сілу, пераадольваючы млосць і пазывы на ваніты, Васіль налёг на сала. Смаку ён не адчуваў. Як не адчуваў, не ўлоўліваў сэнсу несціханай застольнай гаманы. Хлопец не мог вылучыць з яе штосьці ўцямнае, нейкае там рацыянальнае зерне, за якое можна было б зачапіцца, запярэчыць ці падтрымаць суразмоўцу. “Няўжо яны не бачаць свайго глупства, свайго словаблудства і пошласці? – змагаючыся з гумавым салам, задаваўся пытаннем Васіль. – Якія потныя, самазадаволеныя і самаўпэўненыя твары!”
Раптам асалавелы Крукаў бухнуў кулаком па стальніцы і фальшыва зацягнуў:
“Сла-авься, оте-ечества наша сва-а-бо-однае!..”
Яго сабутэльнікі, усе як адзін, ажно заржалі ад шчасця. Гэтую збітую песню адразу ж падхапіла колькі музыкальна нястройных галасоў. Аднак урачыстая мелодыя не вязалася з разняволенай атмасферай пагулянкі і хутка заглухла. Зачалі другую. Яе найболей хвацка і звонка выводзіла Шальговіч, дыхаючы пры гэтым перагарам тытуню і алкаголю Сурмачу ў твар. Той грэбліва касавурыўся на яе і адхіляўся. “О, Госпадзе, што я тут забыў! Гэта ж круг Дантавага пекла – невядома які па ліку!” – падумалася Васілю, і разам з тым узнікла моцнае і амаль неадольнае жаданне даць Зосьцы поўху. Жаданне гэтае было такім спакуслівым, што хлопец паклаў відэлец і, ад грэху далей, схаваў рукі пад стол.
– Васіль, чаго пахмурны такі? – падміргвала яму цераз батарэю бутэлек разамлелая ад духаты і спіртнога гаспадыня гэтага прытона. – Чаго нос у стол уваткнуў?
– Давай, браце, па поўненькай, – зыбка цягнуўся да Васіля з пляшкай ейны сужыцель.
– Малайчына, Сярога, папоўні яму гумор! Ух-ха-ха! – ухваляў Сяргееў намер ачмурэлы Крукаў.
– Сядзіць, як душа без цела! – залівалася рогатам п’яненькая Святлана. – Уваж нас, ваша высакароддзе, выпі! Вась…
– А ты яму станцуй! – пошла жартавала Шальговіч і гарнулася да Васілёвага пляча.
Сурмач са стрыманай злосцю адпіхваў яе важкі корпус і спадылба пазіраў на субяседнікаў.
– Чаго ты, як мыш надзьмутая, Васёк? – не сунімалася Зоська.
– Заткніся, – ледзь улоўна шыкнуў на яе Сурмач.
Шальговіч недаўменна, у імгненнай разгубленасці, зірнула на свайго прыяцеля, але хутка яе ўвагу адабрала Алена, што прыстала з нейкім пытаннем.