Напіхваючыся салам, Васіль паступова прыкмячаў, што мяняецца і яго ўспрыманне акаляючых прадметаў, галасоў і фізіяномій застольшчыкаў. Па меры таго, як сыходзіла эйфарыя першага хмелю, падзеі і словы, спачатку падобныя на гуллівую і бязглуздую мішуру, набывалі ўсё болей уцямны і злавесны сэнс. А абліччы людзей рабіліся проста пачварнымі. Напэўна, падсілкаваны каларыйнай ежай мозг пачынаў праводзіць больш-менш адэкватны аналіз сапраўднасці.
“І гэта трэба было чалавецтву тысячагоддзямі выпакутаваць цяперашнюю цывілізацыю, трэба было лепшым яго сынам не спаць, не есці, дбаючы за наступныя пакаленні! Наіўныя, яны думалі, што крочаць наперад, што рухаюць свет! – разважаў Васіль, бяздумна тыцкаючы відэльцам у пустую талерку. – Вось яны сядзяць, нашчадкі Джардана Бруна, Дантэ, Ньютона, Дастаеўскага! У іх усё жыццё намагаліся ўвапхнуць вашы думкі, мараль, вашу волю. І яны нават пяцёркі за гэта атрымоўвалі, каб матулі іх пагладзілі па галоўкам ды ўзнагародзілі якім ласункам. А па праўдзе яны ўспрымалі вас, гіганты чалавечай думкі, адно як дакуку, як нешта навязанае, чужое, гвалтоўнае. Бо сутнасць іх вось тут, за гэтым сталом! За сталом, дзе многа жратвы, дзе гарэлкай заліваюцца вочы, дзе пад бокам каханы ці каханка, дзе можна вярзці глупствы і не быць пакараным за гэта ні бацькамі, ні настаўнікамі, ні галоўным інжынерам. Тут, нарэшце пераапранутыя пасля турботнага працоўнага дня ў свае сапраўдныя, першабытныя адзенні, тут – у духаце і цыгарэтным куродыме – яны ёсць свабоднымі людзьмі”.
– Ненавіджу! Усё скрозь ненавіджу! – раптам перарваў Сурмачавы роздумы роспачны енк Крукава.
Дазвання ап’янелы Віцька біў кулаком па стальніцы і парываўся ўскочыць на ногі. Але грузны Сяргей віс у яго на плячах і замінаў гэта зрабіць. Праз некалькі секунд Крукаў абмяк і, разрыдаўшыся, уваткнуўся носам у магутнае плячо свайго суседа.
Скрозь несупыннае шмыганне носам і гарлавыя ўсхліпванні да Васіля даляталі асобныя фразы:
– Не магу я так жыць… хіба на тыя грошы сына вырасціш… жонка іначай, як слабаком і няўдачнікам, не называе… Маскаленка, сволач, “левакі” праз мяне пускаў, а наварам не падзяліўся… І кааператыў на мне… чацвёрты год будую…
– Ну-ну, супакойся, Віць, – з дзіўнай чуласцю суцяшаў нябогу Сяргей.
– Другі год ужо… – працягваў “плакацца ў камізэльку” раскіслы Крукаў, – жонку з дзіцёнкам да маці адпраўляю ў кастрычніку… Бо яны ж, падлы, аж да Новага года ў інтэрнаце з ацяпленнем валаводзіць будуць. Душагубы!
“І таму ты парашыў сягоння напіцца! – ускіпала нешта ўнутры Васіля незалежна ад яго волі. – І як, палягчэла, Крукаў? Вось іменна… Чаму? А таму што не хацеў альбо не мог ты ўспрымаць у свой час ні дзядзьку Чэхава, ні дзеда Талстога. Таму што, нарумзаўшыся, паваліш ты сягоння яшчэ не адну стопку “вогненнай”, апранутым прахрапеш у сваім казённым нумары да раніцы, спознішся заўтра на працу, будзеш пакутліва чакаць абедзеннага перапынку, каб “палячыцца” півам, а другую палову рабочага дня будзеш употайкі гуляць у прэферанс на кампутары або балакаць і фліртаваць з маладзіцамі… Але ж самае страшнае не гэта, Крукаў! Самае жахлівае, што і я, які свядома чытаў і Талстога і Чэхава, які зараз мудруе ды разумнічае пад твае п’яныя ўсхліпы, буду вытвараць і сёння і заўтра прыкладна тое ж самае!”
Сурмач рэзка ўскочыў з табурэткі і, адштурхваючы рукі Шальговіч, якая беспаспяхова спрабавала яго ўтрымаць, памкнуўся да выхадных дзвярэй.
– Васіль, ты куды?! – голасна аклікнула яго Святлана.
– Ды не чапляйся ты да чалавека, – ужо на выхадзе пачуў Сурмач шэпт яе прыяцеля Яна. – Можа, яму па малой патрэбе…
У змрочнай пярэдняй Васіля нагнала ўзрушаная Шальговіч.
– Вась, ты чаго, а? – Яна ўпілася пальцамі ў Сурмачаў локаць.
– Адвалі! – успыхнуў хлопец і так таргануў рукой, што яго прыяцелька страціла раўнавагу і не ўпала толькі дзякуючы блізкай сцяне.
– Ну Вася! – Зоська яўна ўчула нядобрае і адставаць не збіралася. – Ну, пачакай! Пойдзем разам…
Не адказваючы, Васіль выдраўся з гэтага цеснага памяшкання ў калідор. Пры гэтым моцна запусціў дзвярыма ў прыяцельку, якая перлася за ім услед. Але Зося справілася з масіўнымі дзвярамі і, выслізнуўшы вонкі, учапілася за кісць Сурмачавай рукі. Балюча падрапала яе доўгімі пазногцямі.
– Ты што, азвярэла! – Васіль вырваў руку і грэбліва зірнуў на Шальговіч. – Ідзі дапівай, не губляй часу.
– Нікуды я не пайду! Хадзем дамоў… ужо позна! – Зосьчын язык заплятаўся.
– У нас з табой розныя дамы! – суха вымавіў яе палюбоўнік. – Нябось, не спознішся!
– Вась, ну завошта ты так? Чаго ты ўвесь вечар псіхуеш? – лісліва загаварыла Шальговіч, спрабуючы прытуліцца да хлопца. – Перад людзьмі ж сорамна…