“Адрас, ліха на яго! – азарыла начнога вандроўніка ўжо перад радам шэрых аднастайных дзвярэй. – Я ж не ведаю нумар пакоя…” Васіль, помніцца, пару разоў баляваў у Пецькі Мяркулава, але, хоць трэсні, нават паверх не мог зараз прыгадаць. “Гэх, дзе наша не прападала!” – З гэтай адважнай думкай ён пастукаў у найбліжэйшыя дзверы. Адказу не было. Васіль узмацніў стук. Вынік быў гэтакі ж. Хлопец з прыкрасці джвагнуў напаследак нагой па вушаку і ўжо збіраўся перайсці да суседняга нумара, як з глыбіні памяшкання данёсся глухі стогн раздражнення:
– Вы што, асатанелі там?! Чаго грыміцё?! – Гэта быў, падобна, жаночы голас.
– Прабачце, людцы мае харошыя! – ветліва крыкнуў праз дзвярны шчыт Сурмач. – Мне б Пецьку Мяркулава!
– Ну займей ты сумленне, заўтра ж на работу! – далучыўся да гэтай начной гутаркі сонны мужчынскі бас.
– Мяркулава, Пецьку Мяркулава знаеце?! – цвяліў Васіль насельнікаў гэтага катуха.
– Вось я цябе завяду зараз да каменданта, п’янюга! Будзе табе і Пецька і Хведзька! – сурова басіў гаспадар. – Ідзі ў ж…у!
– Чаго ты хаміш, быдла! – пакрыўдзіўся Сурмач і прыгразіў: – Зараз падпалю дзверы!
– Ідзі на чацвёрты паверх, ён, здаецца, адтуль! – каб хутчэй пазбавіцца ад бузацёра, параіў невясёлы жаночы голас і ледзь чутна дадаў: – Каб у цябе павылазіла…
Не больш як праз пяць хвілін Васіль ужо верадзіў сон жыхароў чацвёртага паверха. На трэціх па ліку дзвярах ён такі займеў поспех.
– Мяркулаў? Пецька? – пытаўся ў яго п’яненькі саракагадовы дзядзька, што адчыніў дзверы. Да слова, за яго спінай віравала досыць бадзёрая бяседа: чулася сумесь жаночых і мужчынскіх галасоў, гітарныя пераборы. – Ды ў чатырыста семнаццатым ён! Яны там яшчэ банкет ладкавалі сёння…
– Во-во, банкет і павінен быць! – усцешыўся Сурмач. – Дзякуй вам, прабачце, што патрывожыў!
– Нічога, тутака ўсе свае людзі, – дабрадушна падміргнуў яму п’яненькі дзядзька і ўжо зачыняў дзверы, як успомніў: – Пачакай, а ў цябе пару папяросін не будзе?
– На жаль… – шчыра ляпнуў сябе па кішэнях штаноў Васіль. – Якраз у Петруся думаю і разжыцца…
Прайшоўшы некалькі метраў, ён грукнуў ва ўказаныя дзверы:
– Пятро, ты дома?! Адчыні, Пятро!..
Хутка сонны ўскудлачаны Мяркулаў паўстаў у дзвярным праёме.
– Ты? – тупа глядзеў ён на паўночнага госця. – А што здарылася?
– Прабач, дружа, – сарамліва казаў Сурмач, праціскаючыся за прыяцелем у цемрадзь пакойчыка. – Заляцеў я, чорт мяне падаткнуў! Ні грошай, ні курыва, ні адзення, ні…
– Сядай вось сюды. – Мяркулаў уключыў настольную лямпу і паказаў на адзін з ложкаў.
На другім, тварам да сцяны, кучай ляжаў апрануты мужчына.
– Гэта Говараў, з тэхбюро. Гэтак набраўся, што дамоў не дабраўся, – паясніў Пецька.
– А ты што, адзін жывеш? – спытаўся Васіль, прысеўшы. – Слухай, у цябе часам курнуць чаго не засталося? Нешта азяб я…
– Ёсць, здаецца… – Мяркулаў дастаў з верхняй шуфляды стала разбэрсаны пачак “Прымы”, паклаў на стол. – Закурвай тут, мы ўсё адно так прасмярдзелі, што за дзень не выветрыш.
– А жыву я адзін, – працягваў Пецька, адказваючы на папярэдняе пытанне. – У нас цяперака “недасяленне”, як ні дзіўна. Гэты ж корпус выключна для інжынернага, так бы мовіць, складу. А хто цяпер пасля інстытута на завод ідзе? Адны недарэкі. Памятаю, пяць гадоў таму тут перапаўненне было – месяц засяліцца не мог, а яшчэ затым два месяцы трэцім лішнім жыў у двухмесным. А зараз – раскоша: праз нумар кожны адзін жыве! Захацеў выпіць ці там, хе-хе, маладзічку – аніякіх праблем. – Мяркулаў нечакана і гучна ікнуў. – Ат, праклятае пойла… Уф-ф! Казаў жа хлопцам, каб не куплялі раённай вытворчасці. Гэта ж сівуха проста… Бр-р! – Ён сцепануў плячамі ад гідлівасці.
– Пятро, – пагасіўшы аб сподачак-попельніцу папяросу, з нечаканай сур’ёзнасцю сказаў Сурмач. – А я ж падлюга!
Прыяцель недаўменна і насмешліва зірнуў на яго:
– Што-што?
– Падлюга я і абармот! – пацвердзіў Васіль. – Я ж цябе падмануў сягоння. Ведаў, што буду ў інтэрнаце, і падмануў!
– Ды ладна, знайшоў пра што казаць! – адмахнуўся Пятро. – Давай вось лепш узбадзёрымся! Табе ж, як я зразумеў, няма куды спяшацца?
– Цяпер няма.
– Вось і слаўненька, – сказаў Мяркулаў, патэпаў у процілеглы кут пакоя і, пашураваўшы ўпоцемку сярод нейкага начыння, вывудзіў адтуль зялёную бутэльку.
Гэта аказалася напаўпарожняя пляшка “Зуброўкі” ёмістасцю 0,7 літра.
– Ого! – прысвіснуў Сурмач.
– А ты думаў! Я пахмельнага сіндрому як чорт крыжа баюся! Сам пра сябе не паклапоцішся…