Выбрать главу

– Дык навошта ж тады распачынаць, – махнуў рукой Васіль, – калі гэта лекі. Мне і не хочацца асабліва…

– Давай, давай, патрошачку… – гаварыў прыяцель, ужо стаўляючы чаркі на сярэдзіну стала. – Гамонка жывей пойдзе.

Ён напоўніў ёмішчы.

– А то я да таго, як ты заявіўся, на бяссонне пакутаваў, – падміргнуў Васілю Пятро. – У мяне пасля кепскай гарэлкі заўжды так бывае: павалішся як падкошаны, прадрыхнеш гадзіну, а потым да ранку сон, трасца яму, не бярэ. Давай, за здаровы сон!

– А можа, яго пабудзіць? – чокаючыся з таварышам, засумняваўся Сурмач.

– Пераб’ецца! Ён сёння больш за нас абодвух выглушыў! Дый не дабудзішся – крэпкі дзядзька!

Выпілі. Напой і сапраўды аказаўся надзвычай кепскім.

– А, ледзь не забыўся. – Мяркулаў нагнуўся і дастаў аднекуль з-пад стала колькі ладных сушаных рыбін. – Вобла! Непаўторная закусь. Маці надоечы праз земляка цэлую скрыню прыслала.

Пецька быў валжанін, з Самары. Мо таму і душа ў яго была, як родная рака, шырокая, а характар, як ва ўсіх расіянаў, бестурботны.

– Ты, Пець, выбачай, што зманіў я табе, – апраўдваўся расчулены пасля першай чаркі Васіль. – Жыццё яно, сам ведаеш, складаная штука. Іншым разам і гаворыш, і робіш, і нават думаеш не так, як хацелася б, не так… як па сэрцы, па шчырасці…

– Ат, заладзіў! Толькі тае бяды, – аджартоўваўся Мяркулаў. Ён таропка і ўмела распраўляўся з воблай.

15

– Свет не без бед, а бяда за бядою, як рыба за вадою, – раздумліва прамовіў Сурмач, а тады спытаў: – Вось скажы мне, Пятро: водзім мы сябе самі, альбо нехта намі кіруе на гэтым свеце? Я… пачакай крышку, даслухай. Я іншым разам такую тэорыю для сябе выбудую, што і сумневу не застаецца: усё падуладна наканаванню, долі, лёсу – не ведаю, як правільна гэта назваць. А другі раз неяк так спалучацца жыццёвыя абставіны, што амаль відавочна: змяніць іх магу толькі я. І змяняю, і рассыпаецца мінулая мая тэорыя ў тло… Як на тваю думку?

– А на маю думку, дык і наогул такія пытанні небяспечныя – звіхнуцца можна ад іх, – адказваў Мяркулаў, хапатліва напаўняючы чаркі. – Ты ж, нябось, на зямлі не па сваёй волі нарадзіўся, але ж сказаць, што ты гэтага не хацеў – таксама няможна. Бо ўсе, апроч псіхаў, жыць хочуць і чапляюцца за жыццё.

– Вось дрэнна, што якраз чапляюцца, а не жывуць. – Васіль падняў чарку, чокнуўся з прыяцелем. – Будзьма здаровыя! У-ух, пякучая, сцерва! Дрэнна, Пятро, што не жывём мы, а чапляемся. І самае паганае, што дрэнна гэта менавіта ў дачыненні да чалавека. Памятаю сваё адчуванне ў гушчары пад Градзянкай. Непралазныя там лясы; бывае, дзесяткі квадратных кіламетраў – ані сцяжынкі не пратаптана. Як у джунглях, лезуць дагары, цягнуцца да сонца расліны, глушаць дужэйшыя слабейшых, перамагаюць. А раскошы ім усё адно нямашака! Бо карэнне іх у багне патанае, гніе, побач трухлеюць пераможаныя імі расліны, кругом смурод, духата. Сонца амаль не пранікае долу. Навошта ж, здаецца, тады тужыцца, душыць сабрата, каб дзесяцігоддзямі гібець у балотных выпарэннях, марудна і пакутліва паміраць? Аднак не ўзнікае ў тых раслін падобных пытанняў, і не можа ўзнікнуць. Жыццё іхняга меркавання на гэты конт не пытаецца і свабоднага выбару ім не пакідае. Таму і не падаецца мне гэтае змаганне, чаплянне за існаванне ні пачварным, ні вартым жалю, ні нават дрэнным. Не тое – чалавек!

– Далёка ты цаляеш, хлопча! – неадабральна захітаў галавой Мяркулаў, не то жартам, не то ўсур’ёз папярэдзіў: – Гэтак да багаборчых матываў дойдзеш.

– Не тое – чалавек! – упарта доўжыў Васіль. – Перш чым абвяргаць, падумай: можа, для чалавека такая цісканіна ў змаганні за месца пад сонцам – якраз і ёсць барацьбой супроць Бога. І ёсць багаборствам, якім ты мяне папракаеш. Бо, валтузячыся за кусок хлеба, за каліва жывёльных эмоцый і слодычаў, хіба не апаганьваем мы імя Бога, не забіваем мы ўсё, народжанае ад Духу Святога?

– Ну, давай тады не есці, не кахаць, не забаўляцца, а значыць, не жыць! Гэта – па-боску? – пярэчыў Сурмачу Пецька. – Давай лапкі дагары – і паміраць будзем. Нас за гэта на тым свеце пахваляць? Ну і тэмы ў нас зачынаюцца! Налівай лепш.

– Пачакай, я якраз нешта намацаў, а сфармуляваць не магу… – Васіль дакрануўся да прыяцелевай рукі. – Ага… Дык вось. Я паўгадзіны таму збег ад бяседнага стала, ударыў… ударыў там аднаго чалавека… жанчыну. Не важна якую… Паступіў, здавалася б, непрыстойна, няўдзячна і нават дзівачліва… Але і не скаланулася ў маёй душы сумненне, і раскаянне мяне не мучыць. Мала таго, я цяпер усё мацней і мацней пераконваюся ў сваёй рацыі…

– Ты б ясней гаварыў, далібог, не разумею я твае цьмяныя разважанні, – са здзіўленнем глядзеў на Сурмача Пецька. – Ты еш, закусвай…